Тоўсцік Мікалай

dsc02825malЗ кнігі "Інтэрв'ю, якіх не было" 
  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

У журналістыцы з 1974 года. Прайшоў усе прыступкі газетнай іерархіі – ад шараговага карэспандэнта да галоўнага рэдактара “Магілёўскай праўды” і намесніка галоўнага рэдактара “Народнай газеты”. Лаўрэат нацыянальных і міжнародных творчых конкурсаў.

1

То нейкае глупства — дзяліць беларускіх журналістаў на “чэсных” і “нячэсных” у залежнасці ад таго, дзе яны працуюць. Сумленныя журналісты ёсць як у дзяржаўных, так і ў недзяржаўных СМІ. Несумленныя таксама. Мяркую, што і прапорцыі паміж сумленнымі і несумленнымі ў розных рэдакцыях прыкладна аднолькавыя, як і ў любой паспалітай супольнасці. Увогуле носьбіты гэтых і іншых чалавечых якасцяў як тыпы вечныя. З біблейскіх часоў не дужа мяняюцца і суадносіны сярод насельнікаў нашага “шарыка” паміж прынцыповымі нягоднікамі і тымі, для каго нормы маралі і элементарнай прыстойнасці — не пусты гук. Інакш стагоддзямі не грунтаваліся б сусветныя літаратура і мастацтва на якім дзесятку нязменных жыццёвых калізій і канфліктаў.

У чалавека заўсёды ёсць выбар — быць сумленным або несумленным. І час, у які ён жыве, прафесія і месца працы тут абсалютна ні пры чым. Гэта як розум ці як грошы — або ёсць, або няма.

Што тычыцца мяне, дык арыфметыкай у прафесіі ніколі не займаўся. Як, пэўна, кожны журналіст са стажам, я раз-пораз трапляў у сітуацыі, калі напісанае мной некаму было не даспадобы, у тым ліку і людзям з высокімі пасадамі. Але калі ў тэксце ёсць надзейны грунт фактаў, на які абапіраюцца думкі і высновы журналіста, дык нават самае саноўнае меркаванне тады выглядае не больш чым прыватнае “падабаецца — не падабаецца”. А калі такога апірышча ў журналіста няма, дык тады, па маім глыбокім перакананні, не варта псаваць людзям вочы сваёй пісанінай.

Не мне ацэньваць якасці сваіх тэкстаў. Скажу адно: для “Народнай газеты”, дзе я працаваў у розныя для яе часы, імкнуўся пісаць гэтак жа, як цяпер для “Товарища” або для пецярбургскага “Невского времени” — дадумваючы да канца. Не прыпомню, каб за мой доўгі журналісцкі шлях нехта з рэдактуры ці якога іншага начальства падступаўся да мяне з кароткімі гужамі, патрабуючы, каб я кагосьці ці штосьці знарок “абмазаў” брудам. Ды і сам я на пасадах рэдактара “Магілёўскай праўды” і намесніка галоўнага рэдактара “Народнай газеты” нікога не прымушаў пісаць не так, як насамрэч ёсць, а “як трэба”. Так што за кожнае сваё напісанае ці адрэдагаванае слова гатовы адказваць без саўдзельнікаў.

Хаця, можа, мне ўсё ж і пашэнціла. “Магілёўскую праўду” давялося рэдагаваць у бесцэнзурны час перабудовы, а ў “Народнай газеце” я адказваў за эканамічны напрамак. Многія заводы тады ледзь ліпелі. У падваротнях атабарыліся валютчыкі. Людзі зводзілі канцы з канцамі, цягаючы торбы са смятанай і хлебам на базары ў Маскву і Смаленск. А ідэя ўхвалы гэтай эканамічнай вар’ятні не прыходзіла ў галаву нават самым вялікім заўзятарам кіруючага рэжыму. Пра “беларускі цуд” яшчэ не было і гаворкі. Я тады галоўным чынам друкаваўся пад рубрыкай “Эканамічныя драмы”, якую адмыслова распачаў у “Народнай газеце”, як найбольш адпавядаючую часу.

Пішу пад ёй і цяпер, толькі ўжо ў іншых выданнях. Драмы ў беларускай эканоміцы і цесна звязанай з ёй сацыяльнай сферы хоць і набылі новае аблічча, але нікуды не падзеліся.

Што тут пралічваць? Як пісаў, так і пішу. А выданні ці сайты, якім напісанае мной падаецца вартым увагі, змяшчаюць на сваіх друкаваных ці веб-старонках. Звычайны журналісцкі працэс.

2

А да чаго, уласна кажучы, далучацца? Вельмі спадзяюся, што з рэчышча сумленнай, аб’ектыўнай журналістыкі я ніколі і не выходзіў. І не таму, што такі ўжо бязгрэшны, а таму, што несумленная і неаб’ектыўная журналістыка — гэта насамрэч не журналістыка. Грамадская функцыя журналістыкі — называць рэчы сваімі імёнамі: добрае — добрым, а благое — благім. Калі такі асноватворны прынцып парушаецца, то прэса, тэлебачанне і радыё са сродкаў масавай інфармацыі ператвараюцца ў сродкі масавай прапаганды, ці, як цяпер кажуць, піяру. А гэта зусім не мая прафесія. І займацца ёй у мяне няма жадання ні ў дзяржаўных, ні ў недзяржаўных СМІ. Як гаворыцца, у кожнае Боскае істоты сваё прадвызначэнне.

А ўвогуле сучасная беларуская медыйная прастора ўяўляе сабой, на мой погляд, даволі сумнае відовішча. На ёй засталіся толькі выспы журналістыкі ў моры не надта каб вытанчанай прапаганды. Вядома ж, дубовы піяр найбольш атабарыўся ў дзяржаўных СМІ. Але, на жаль, не толькі там. Мяркую, што ці не галоўная бяда большасці айчынных медыя, якія спецыялізуюцца на асвятленні праблем грамадства, — іх жорсткая, аж да пазбаўлення аб’ектыўнасці, заангажыраванасць супрацьдзеючымі ў нашай краіне палітычнымі сіламі.

3

Сям’я ставіцца да майго занятку як да звычайнай справы: у некага муж і бацька сантэхнік ці прафесар, а ў іх — журналіст. Не ўсім жа быць прафесарамі і сантэхнікамі.

Увогуле лічу, што чыннік страху ў сучасным беларускім грамадстве моцна перабольшаны палітыкамі і журналістамі. Вось шмат каму з пакалення маіх бацькоў і дзядоў сапраўды было страшна. Страх паралізуе грамадства тады, калі краіна наглуха закрыта, як бляшанка кансерваў. Калі ў выпадку рэпрэсій высяленне ў тайгу ці ў голы стэп і нават змяшчэнне ў канцлагер яшчэ не самы горшы варыянт. А той, хто вырваўся з кіпцюроў улады за мяжу, назад ужо не вернецца. Мо хто і хоча стварыць з цяперашняй Беларусі наглуха запаяную бляшанку, але бадлівай карове Бог рагоў не дае. Наша краіна корміцца з экспарту і міжнароднага транзіту. Межы ў яе закрытымі быць не могуць па азначэнні. Статыстыка штогод не далічваецца сярод эканамічна актыўнага насельніцтва ад 700 тысяч да мільёна чалавек. Вунь, мае знаёмыя мужыкі з-пад Барысава прызвычаіліся ездзіць на заробкі ажно ў Партугалію.

Тое, што ў нас атрымала найменне масавага страху, на самай справе з’яўляецца звычайнай побытавай засцярогай. Яна сапраўды вельмі распаўсюджана, бо цяперашняя беларуская ўлада — вялікая майстрыца на буйныя і дробныя паскудствы для тых, хто імкнецца хоць у нечым вызначыцца з агульнага статка. Але, як заўважаю, шмат хто не дужа і засцерагаецца, у тым ліку і ў нашай прафесіі.

Яна па прыродзе сваёй з павышанай колькасцю адрэналіну ў крыві. Мае жонка і дзеці, натуральна, разумеюць, што калі я па рэпарцёрскім абавязку накіроўваюся на апазіцыйны мітынг ці дэманстрацыю, дык дадому мяне ў той дзень можна і не дачакацца. Такое ўжо, дарэчы, здаралася. Праўда, не прафесія была ў тым вінаватая. Проста ў сакавіку 2006 года вырашылі мы з жонкай на таксоўцы завезці на Пляц волі імя Каліноўскага цёплыя рэчы, каб моладзь, у тым ліку і наш сын, менш мерзла на ледзяным бруку створанага там намётавага мястэчка. Калі выгружаліся з мяхамі старых коўдраў і куртак, нас удваіх і згрэблі амапаўцы. Жонка атрымала штраф, а я — 15 сутак на Акрэсціна.

Але прафесійна ад тае прыгоды я толькі выйграў. У камеры паўстала заўтрашняя Беларусь — маладая, бясстрашная, разумная, дзёрзкая, па-еўрапейску сучасная. Гэтая новая цывілізацыя, без сумніву, у рэшце рэшт пахавае той замшэлы вясковы патэрналізм з абавязковым усенародным Бацькам на чале, які яшчэ спрабуе па-старасвецку кіраваць нашай краінай. Усё ўбачанае і пачутае потым стала асновай нарыса, які пайшоў вандраваць па часопісах, сайтах, кнігах. Не патрапіўшы разам з абаронцамі Пляца волі за краты, такі нарыс я, вядома, не напісаў бы.

Аднойчы мяне як заўсёдніка апазіцыйных акцый запрасілі выступіць на прафесійным семінары, дзе абмяркоўваліся дзеянні журналіста ў экстрэмальнай сітуацыі. Там я пастараўся давесці калегам: згрэблі ў пастарунак — лічыце, што вам вельмі пашэнціла: і таму, што ў такім выпадку нічога болей не застаецца рабіць, і таму, што такіх унікальных назіранняў і фактаў на волі здабыць немагчыма.

Дагэтуль захапляюся высокапрафесійнымі паводзінамі рэпарцёра “Нашай нівы” Сямёна Печанко ў час апошняга Дня волі. Калі яго на маіх вачах “запакавалі” ў міліцэйскі аўтобус разам з пасіянарыямі з “Маладога фронту”, ён паспеў скінуць sms-ку аб тым, што ў пастарунак таксама вязуць і дзвюх гарадзенскіх кабет, якія прыехалі ў Мінск, каб пабываць у тэатры, і выпадкова патрапілі пад “хапун”. Гэтую інфармацыю потым цытавалі па ўсім свеце. Яна апавядала аб падзеях у беларускай сталіцы лепш за многія шматслоўныя тэксты.

“Без эфекту прысутнасці няма рэпартажу”. У мае студэнцкія гады гэта засвойвалі ўжо на першым курсе журфака. З тае пары асноўны прынцып нашай прафесіі не змяніўся. Як і тое, што журналістыка не толькі прафесія, але і лад жыцця.

Мая сям’я гэта ведае даўно і не па чутках.

4

Нарадзіўся я на Магілёўшчыне, у Клічаве, 15 верасня 1950 года. З бацькамі шмат павандраваў у дзяцінстве па райцэнтрах і гарадах. Пасля Клічава мы жылі ў Мінску, Бабруйску, Слаўгарадзе, зноў у Клічаве і Бабруйску, потым у Магілёве. Цяпер, у сталыя гады, гэты дзіцячы і юнацкі досвед дазваляе знаходзіць адказы на многія хвалюючыя пытанні. Напрыклад, куды падзелася з ужытку беларуская мова?

Я добра памятаю, што ў 50—60-я гады райцэнтры размаўлялі толькі на ёй, як і вёскі. А вось у невялікіх на той час гарадах яна тады амаль не гучала. Бабруйск напалову гутарыў на ідыш, а напалову — па-расейску. Тут, у старадаўнім габрэйскім мястэчку, размясціліся танкавая і авіяцыйная дывізіі, дзе служылі вайскоўцы з усяго агромністага Савецкага Саюза. Па-расейску размаўлялі Мінск і Магілёў — пэўна, яшчэ з тых часоў, калі былі губернскімі цэнтрамі царскай імперыі. Адпаведную статыстыку я нядаўна знайшоў у знакамітага гісторыка Захара Шыбекі, якая пацвердзіла, што беларусы ў асноўным жылі ў вёсках.

На заваёву гарадоў яны рушылі акурат у гады майго дзяцінства, калі ў Беларусі пачалася індустрыялізацыя, куды большая па маштабах, чым сталінская. Хлопчыкам я бегаў глядзець, як з-за нейкага будаўнічага нядбайства абрынулася частка цэха шыннага камбіната, што ўзводзіўся на ўскрайку Бабруйска. Побач рос з жалезабетонных панэляў новы горад. У шэрыя пяціпавярхоўкі ягоных інтэрнатаў хутка перасялілася ледзь не ўся моладзь з лясной вёскі Чыкілі, адкуль родам мае бацькі. З краёў, дзе нават у жыхароў суседніх паселішчаў было адрознае маўленне, прычынай чаго, мяркую, з’яўлялася векавая дрыгвяная бездараж, хлопцы і дзяўчаты траплялі ў зусім іншы культурны асяродак. Да таго ж на шынны і іншыя новыя камбінаты і заводы прывозілі адмыслоўцаў і высокакваліфікаваных рабочых з Расеі, бо сваіх не мелі. Вясковым хлопцам і дзяўчатам трэба было неяк знайсці з імі агульную мову і асвойтацца ў незнаёмым асяродку.

У дзяцінстве менавіта вясковая радня, а таксама клічаўскія і слаўгарадскія дружбакі па вучобе, гульнях і свавольствах былі маімі настаўнікамі ў беларускай мове. Хаця, вядома ж, у гэтай ролі яны сябе не ўсведамлялі, як я сябе ў ролі іхняга вучня. Мы проста сябравалі, бавілі разам час, іншым разам біліся, а памірыўшыся, марылі не развітвацца і тады, калі вырасцем вялікімі і скончым школу. З тае нагоды збіраліся разам падацца ў маракі ці стварыць непераможную футбольную каманду.

Жыццё ўсё перакруціла па-свойму. У маракі і футбалісты ніхто з нас не патрапіў. Дваіх сябрукоў майго дзяцінства і сваіх “моўных настаўнікаў” з Клічава я выпадкова стрэў летась у Бабруйску, дзе яны даўно пусцілі карэнне з дапамогай усё таго ж шыннага камбіната. Паспрабаваў паразмаўляць з імі, як амаль паўстагоддзя назад. І, вядома ж, нарваўся:

— Ну, ты как нярускі… Гавары, блін, панятна!

5

Не памятаю ўжо, хто са знакамітых фізікаў — мо Ландау, а мо Капіца — так тлумачыў свой выбар прафесіі вучонага: гэта магчымасць задаволіць уласную цікаўнасць за казённы кошт. Ну, казна мне цяпер не плаціць анічога, але магчымасць задаволіць сваю цікаўнасць і зарабіць пры гэтым на жыццё журналістыка дае не горш за навуку.

6

Свой прафесійны шлях я ў значнай ступені абраў выпадкова. Дапамог знайсці яго бацькаў брат Аркадзь Апанасавіч Тоўсцік, вядомы старэйшаму пакаленню працаўнікоў беларускае прэсы як галоўны рэдактар “Звязды” ў 70—80-я гады і тагачасны старшыня Саюза журналістаў. Аднойчы, калі ён у нас гасцяваў, яму патрапіў у рукі сшытак з маімі школьнымі сачыненнямі. Пэўна, дзядзька штосьці там угледзеў сваім спрактыкаваным вокам, бо параіў не столькі мне, колькі маім бацькам, каб я што-небудзь напісаў у бабруйскую гарадскую газету “Камуніст”. Разам са мной розныя дробныя допісы са школьнага жыцця ў рэдакцыю насіў Эдуард Мельнікаў, цяперашні куратар тэлеканала “Белсат” ў Беларусі. Мы з ім вучыліся ў паралельных класах і, каб не пераходзіць адзін аднаму дарогу, па-джэнтльменску дамаўляліся, хто пра што будзе распавядаць чытачам. Нічога, акрамя даравальнай наіўнасці і драбнатэм’я ў той нашай “творчасці”, вядома, не было. І ўсё ж яна нам адчыніла дзверы на журфак БДУ.

Універсітэт даў шмат. І таму, што да навукі я быў ахвочы, і таму, што асяродак аднагодкаў падабраўся не абы які. Курсам раней вучыліся Ядвіга Юферава, Іосіф Сярэдзіч, Ігар Асінскі, разам са мной — Святлана Алексіевіч, Аляксандр Дамарацкі, Фёдар Вялікаселец, Наталля Цімафеева, цяперашні галоўны рэдактар папулярнай у расейскай сталіцы газеты “Москвичка” Уладзімір Сухамлінаў, той жа Эдуард Мельнікаў… Яны ўжо ў маладыя гады былі асобамі. Памятаю, у мяне тады з’явілася мара — стварыць з маіх аднакурснікаў рэдакцыю газеты. Вядома, здзейсніцца гэтая мара не магла, і кожнага з нас пасля універсітэта яшчэ добра школіла жыццё.

Прафесійна і па-чалавечы я вельмі многім абавязаны “Магілёўскай праўдзе”, у якой прайшоў шлях ад шараговага карэспандэнта да галоўнага рэдактара. Напачатку мяне там па-бацькоўску апекаваў і шмат чаму навучыў добры майстар пяра Міхаіл Мікалаевіч Гарадзецкі, творчую школу якога за доўгія гады яго працы прайшлі многія маладыя журналісты Магілёўшчыны.

З галоўнай прафесійнай каляіны я збочваў тройчы, але кожны раз ненадоўга. Упершыню — пасля універсітэта, калі лейтэнантам-двухгодкам камандаваў мотастралковым узводам у 120-й дывізіі, якая месцілася пад Менскам ва Уруччы. Другі раз — калі працаваў памочнікам у Васіля Севасцьянавіча Лявонава, які тады на пасадзе першага сакратара абкама КПБ узначальваў Магілёўскую вобласць. Трэці раз — калі давялося пабыць кіраўніком інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення апарату Савета Міністраў Беларусі. Лічу, што як журналісту гэтыя часовыя збочванні пайшлі мне толькі на карысць. У абкаме і ва ўрадзе я лепш усвядоміў, як дзейнічаюць механізмы ўлады, эканомікі і сацыяльнае сферы. Гэты досвед не аднойчы спатрэбіўся ў асноўнай прафесіі.

Напрыканцы знаходжання ў апараце Саўміна паспеў яшчэ паспытаць хлеба ўрадавага прэс-сакратара. Але доўга ўседзець у тым мулкім крэсле не здолеў. Тады акурат пазбавілі сціплых ільгот заслужаных і народных урачоў, настаўнікаў, артыстаў ды іншых лепшых людзей краіны. Неўзабаве быў закрыты коласаўскі гуманітарны ліцэй, куды напярэдадні, вытрымаўшы вялікі конкурс, паступіў вучыцца мой сын. Уцямна патлумачыць калегам па журналісцкім цэху дзяржаўную неабходнасць тых пагромных акцый я быў не ў стане. Таму напісаў заяву і сышоў “па пагадненні бакоў”. Аб чым зусім не шкадую.

7

Эканамічныя і сацыяльныя драмы, на адлюстраванні якіх у прэсе я спецыялізуюся ўжо амаль паўтара дзесятка гадоў, цікавяць многія рэдакцыі. Выбіраю супрацоўніцтва з тымі, дзе ад мяне чакаюць журналістыкі, а не прапаганды. Мне цяпер добра працуецца ў “Экономической газете”. З цікавасцю асвойваю новую для сябе тэлевізійную тэхналогію — пішу іншым разам сцэнары для “Белсата”. Ужо чацвёрты год з’яўляюся ўласным карэспандэнтам у Беларусі санкт-пецярбургскай газеты “Невское время”.

Час цяпер самы што ні ёсць журналісцкі. Старому крату гісторыі, відаць, не даюць спакою лаўры сталінскага ўдарніка Аляксея Стаханава, які адзін быў варты ажно чатырнаццаці забойшчыкаў у шахце. Паўстанне новай Беларусі адбываецца з уражальнай імклівасцю.

Неяк патрапіліся на вочы артыкулы, напісаныя мной усяго якое дзесяцігоддзе назад. Я перачытваў іх, як аповеды пра нейкую іншую планету. Зарплаты ў 30 даляраў, пенсіі ўвогуле ў 10. Людзі, гаротліва ўдзячныя Бацьку Лукашэнку за тое, што хоць такія капейкі яны атрымліваюць своечасова…

Цяперашняя Беларусь яшчэ не ачомалася ад шалёнага спажывецкага буму, гвалтоўна спыненага на ўзлёце глабальным крызісам. У народанасельніцтва спрэс адносіны да ўлады ўжо не як да літасцівага Бога, а як да звычайнага сервісу, абавязанага абслугоўваць, забяспечваць і даваць. І я вельмі не зайздрошчу ўладзе ўвогуле і Бацьку Лукашэнку ў прыватнасці, калі гэты сервіс раптам перастане адпавядаць апетытам і чаканням, якія часова крыху сцішыліся, але нікуды не падзеліся. Што, дарэчы, натуральна для грамадства, якое за доўгія дзесяцігодзі моцна згаладалася па рознага кшталту дабротах. І не толькі матэрыяльных.

Усе самыя крутыя сюжэты ў беларускіх журналістаў яшчэ наперадзе.