Трусаў Алег

%d1%82%d1%80%d1%83%d1%81%d0%b0%d1%83-1

З кнігі "Лёсы"

Добра разумею, што гэта разлічана на тых, хто не вызначаецца магутным розумам, але калі чую рэкламу якой-небудзь латарэі, то не адчуваю ўзняцця жыццёвага тонусу. Мала таго, што ў гэтыя “лахатроны” гуляе амаль уся краіна, так яшчэ і літаральна навязваецца думка пра тое, што “на халяву”, без вучобы і .напружанай працы, можна вырашыць усе жыццёвыя пытанні

Я размаўляў больш чым з сотняй людзей. Кожны з іх нечага дасягнуў у жыцці, і нікому нічога не звалілася “з неба”. Адзін з іх — Алег Трусаў.

Мсціслаўскія карані

Я нарадзіўся 7 жніўня 1954 года ў Мсціславе. Калісьці гэта была сталіца адпаведнага княства, якое з часам ператварылася ў ваяводства.

Мне неаднойчы даводзілася чуць пра сваё рускае паходжанне — маўляў, Таварыства беларускай мовы ўзначальвае этнічны рускі. Сапраўды, мой бацька — з памораў, нарадзіўся на мяжы Валагодскай і Архангельскай абласцей, а маці са шляхецкага роду Драздоўскіх і Мяжэвічаў. Аднак, паколькі яна нарадзілася на Урале, дзе тады працаваў дзед, ёй у пашпарце напісалі “руская”. Так што я не толькі этнічны беларус, але і нашчадак беларускай шляхты. У розныя часы даволі многа паездзіў па свеце, але доўга за межамі Беларусі ніколі не жыў.

Так атрымалася, што бацькі разышліся рана. Мне тады было толькі чатыры з паловай года. Застаўся ў Мсціславе, на выхаванні ў бабулі і прабабулі. Бацька вярнуўся на Валагодчыну. Больш яго я ніколі не бачыў і толькі нядаўна даведаўся, што ён ужо памёр. Маці з’ехала ў Кобрын, сустракаўся з ёй усяго раз на год, зараз яна вярнулася ў Мсціслаў.

Прабабуля Марыя Драздоўская (1882 года нараджэння, пражыла роўна сто гадоў) выхоўвала мяне, скажам так, у “дабальшавіцкім духу”. Дзякуючы такому выхаванню яшчэ ў маленстве я вывучыў мсціслаўскі дыялект беларускай мовы, і сёння ў слоўніку Насовіча я чытаю словы свайго дзяцінства.

У цэнтры горада мы мелі два дамы, з вялікім садам кожны. Адзін сад пасадзіў мой прадзед. Па гэты дзень памятаю тую смачную (рэдкіх гатункаў) антонаўку і салодкія сакавітыя грушы.

Калі пазней усё гэта стала маёй спадчынай, я жыў ужо ў Мінску. Вельмі не хацеў прадаваць, але быў вымушаны, бо бамжы ператварылі хату амаль у руіны. Новыя гаспадары ўсё знеслі, але нічога новага не збудавалі.

Мінулай восенню я з’ездзіў у Мсціслаў і не пазнаў таго месца. Вельмі сумна. Замест дрэў — агароджаная пустка, і жывуць там іншыя людзі. Зараз гэта самы цэнтр горада. Сціскае сэрца ад усведамлення таго, што прыйшлося страціць “родны кут”…

У мяне было шмат сяброў. Любіў валейбол. Прыдумлялі і іншыя гульні, з вясковымі назвамі. Зараз такіх няма.

Яшчэ ад часоў вайны ў нашых мясцінах засталіся акопы, дзе можна было знайсці шмат чаго, пераважна нямецкае. Зброі не было, але гільзаў і куль хапала. У маёй прабабкі нават быў адрэзаны кавалак дула ад нямецкай (са свастыкай) гарматы. Яна ў ім таўкла тытунь на продаж, якога была пасаджана цэлая града. А каля нашай хаты ўздоўж вуліцы цягнулася напалову засыпаная траншэя, выкапаная яшчэ немцамі. Чаго там толькі не знаходзілі! Памятаю, мы збіралі кавалкі разбітых фаянсавых талерак з фашысцкай сімволікай, дэталі ад іх процівагазаў. Дзякуй Богу, мін і гранат не было.

Што тычыцца рыбалкі, то яе аматарам я ніколі не быў. Здарылася, праўда, адно “выключэнне”: аднойчы ў дзяцінстве я налавіў на нітку з мухай поўнае вядро… жаб. Сажалка была выкапана прама ў нас на агародзе. Прынёс у хату і ціхенька, каб не ўбачыла бабуля, паставіў вядро. А ноччу, гадзіны ў тры, жабы распачалі канцэрт — “заспявалі” на розныя галасы. Бабуля моцна лаялася…

Зімы былі вельмі снежнымі. Бывала, за ноч засыпала так, што не маглі выбрацца. Прыходзілася адкапваць дзверы. Увогуле, рабіць у снезе дарожкі было толькі маёй работай.

Калі надыходзіла адліга, любілі ляпіць снежныя крэпасці і ваяваць. А да школы звычайна дабіраліся так: спачатку ішоў трактар, які расчышчаў нам дарогу (1,5—2 метра снегу), а потым — вучні.

Павучыцца мне давялося ў трох школах. У 1961 годзе пайшоў у школу (былую гімназію), пабудаваную прадзедам яшчэ ў 1908 годзе. Раней гэта быў беларускі педтэхнікум, дзе вучыліся Аркадзь Куляшоў і мая бабуля Ганна. На жаль, зараз, нягледзячы на пратэсты, гэтая школа цалкам пераведзена на рускую мову.

Праз тры гады мяне перавялі ў так званую “казіміраўскую” школу, якая знаходзілася побач з маім домам. Будынак захаваўся і сёння. Правучыўся там няпоўны год. А як скончыў чатыры класы, за горадам збудавалі новую школу, і нас усіх “падзялілі”. Школьны будынак стаяў пасярод чыстага поля. Напрамкі — хвілін 10 хады, а так — і ўсе 20. Вясной і восенню хадзілі ў гумавых ботах, а зімой — альбо на лыжах, альбо пасля трактара.

Шлях у прафесію

Школу я скончыў у 1971 годзе з залатым медалём. Паступіў на гістарычны факультэт БДУ з цвёрдым намерам стаць археолагам, аб чым марыў яшчэ з першага класа, калі давялося трапіць на раскопкі. Адбылося гэта такім чынам. Маю першую настаўніцу звалі Дамініка Сямёнаўна Казлоўская. Дарэчы, гэта была маці Міхася Ткачова. Нашы сем’і сябравалі. Дамініка Сямёнаўна лічылася самай лепшай настаўніцай у Мсціславе, і трапіць да яе ў клас было вельмі цяжка, бо там вучыліся дзеці адных начальнікаў. Так што мяне ўзялі ў нейкім сэнсе “па блаце”.

Аднойчы нас павялі на экскурсію на замчышча, і там я ўпершыню ўбачыў падземны горад. Там вёў раскопкі вядомы археолаг Леанід Васільевіч Аляксееў, з якім я потым пасябраваў. Убачанае тады стаіць у мяне перад вачыма і сёння: мы — на вышыні, а ўнізе — маставыя, дамы. Усё так прыгожа!

Нібыта спецыяльна пад маю мару ў 1973 годзе ў БДУ адкрылі кафедру археалогіі. Я стаў яе першым выпускніком. Падчас вучобы жыў у інтэрнаце. У нашым блоку жыло дзевяць чалавек, амаль як у салдацкай казарме: чатыры ў нашым пакоі, пяць — у “сумежным”. Для першакурснікаў гэта было нармальна. Заслужыш — дадуць лепшае, не — выганяць. Як вядома, месцаў у студэнцкіх інтэрнатах не хапала ніколі. Як і сёння, многія студэнты жылі на кватэрах. Я апынуўся ў інтэрнаце праз ЦК камсамола Беларусі. Там мне далі спецыяльнае заданне — жыць у адным пакоі, карміць і апранаць хлопца-інваліда, якога звалі Пятром Сурвілам.

Чаму гэта выпала мне? Таму што многія адмовіліся. Апроч гэтага, у школе я займаўся грамадскай дзейнасцю, узначальваў піянерскую дружыну і ў апошніх класах як выдатнік насіў на ўсіх мерапрыемствах даволі цяжкі школьны сцяг.

Да гістфака Пятро вучыўся на фельчара. Летам студэнты паехалі ў камсамольскі будатрад. Пятро трапіў пад нейкую машыну, якая адрэзала яму абедзве рукі. Хлопцу было толькі 18 год. Зразумела, што медыкам ён ужо не мог стаць, а на гістфаку можна вучыцца і без рук, таму Сурвіла паступіў у БДУ. Шэфства ўзяло кіраўніцтва камсамола. Цэлы месяц у інтэрнаце з ім жыў бацька.

Ніколі не забуду, як мяне запрасілі ў камітэт камсамола нашага факультэта на гутарку і агучылі гэтую прапанову. Я сам вырас у цяжкіх умовах, без бацькоў, таму папрасіў паказаць таго хлопца і пагадзіўся. Мы адразу пасябравалі.

Даглядаў я Пятра да чацвёртага курса, а потым ажаніўся і перайшоў у асобны пакой, які выдзелілі нам з жонкай. Калі Пятро скончыў вучобу, то паехаў працаваць на родную Ушаччыну. Напісаў мне два лісты і, на жаль, на гэтым нашы кантакты перарваліся. Далейшы лёс Пятра мне невядомы…

Жонку маю завуць Алена, яна скончыла журфак. Пазнаёміліся мы “пад ёлкай”, на Новы год у нашым інтэрнаце. Я быў тады на другім курсе, а яна — на першым. Пасябравалі, праз пару гадоў ажаніліся і жывём разам ужо чвэрць стагоддзя.

Размеркавалі мяне ў Спецыяльныя навукова-рэстаўрацыйныя вытворчыя майстэрні Мінкульта БССР (СНРВМ МК БССР), дзе ў 1980 годзе я стаў загадваць археалагічным аддзелам і адпрацаваў да 1992-га.

Паралельна я завочна вучыўся ў аспірантуры Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. У 1981 годзе ў Ленінградзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Археалагічнае вывучэнне помнікаў манументальнага дойлідства XI—XVII стст. на тэрыторыі Беларусі (метадычныя даследаванні)”.

Палітычны і жыццёвы арыенцір

Вы, мабыць, здзівіцеся, але стаць камуністам мяне прымусіў… Зянон Пазьняк. Да гэтага я двойчы адмаўляўся. Першы раз прапанавалі стаць сябрам КПСС яшчэ ва ўніверсітэце. Падчас работы ў СНРВМ МК БССР Зянон Пазьняк прапанаваў мне стаць камуністам, аргументуючы гэта так: “Ты павінен уступіць у КПСС і ўзначаліць там абарону Верхняга горада”. Было гэта ў 1979 годзе.

А палітыкай я пачаў займацца ў 1988 годзе дзякуючы Міхасю Ткачову. Атрымалася гэта амаль выпадкова. Напярэдадні камандзіроўкі 19 кастрычніка 1988 года я шпацыраваў міма Чырвонага касцёла (тагачасны Дом кіно) на вакзал, каб купіць білет. Нечакана сустрэў Ткачова, які прапанаваў зайсці ў гэты будынак — маўляў, там будзе шмат чаго цікавага, а білет можна купіць і пазней. Так я трапіў у аргкамітэт па стварэнні БНФ, а праз два гады вылучаўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га склікання. Перамог. Стаў намеснікам старшыні камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Быў сярод тых дэпутатаў, якія абвясцілі галадоўку пратэсту ў зале пасяджэнняў ВС і каго першымі ў нашай краіне пабілі прадстаўнікі спецслужбаў.

У сакавіку 1991 года была створана Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада. Старшынёй абралі Міхася Ткачова, а першым намеснікам — мяне. Праз год, пасля заўчаснай смерці Ткачова, я стаў на чале партыі. Кіраваў ёю да лета 1995 года.

На хвалі перабудовы паралельна з партыямі пачалі фарміравацца і грамадскія арганізацыі. Ці не першай з іх 28 верасня 1989 года было афіцыйна зарэгістравана Таварыства беларускай мовы (ТБМ), створанае па ініцыятыве выбітнага паэта Ніла Гілевіча, які і быў абраны яе першым старшынёй. А я тады стварыў суполку ТБМ у Савецкім раёне, якой і кіраваў да 1997 года. У красавіку мяне абралі намеснікам старшыні ТБМ, якую тады ачольваў Генадзь Бураўкін.

Аб гэтым мала хто ведае, але ў той час над ТБМ навісла першая пагроза высялення з офіса, што аўтаматычна цягнула за сабой страту рэгістрацыі з немагчымасцю легальнага існавання і непазбежным скарачэннем колькасці сябраў. Для ТБМ (па азначэнні прызначанай для масавага фармату дзейнасці) гэта значыла непазбежнае знікненне з грамадскай арэны. Сітуацыю вырашыў тагачасны мэр Мінска Уладзімір Ярмошын пасля сустрэчы з Генадзем Бураўкіным.

17 красавіка 1999 года на VI з’ездзе ТБМ мяне па прапанове Бураўкіна абралі старшынёй.

Па інерцыі (беларуская мова, бел-чырвона-белы сцяг, “Пагоня”) ТБМ успрымаецца як нешта вельмі блізкае да БНФ. На мой погляд, Таварыства беларускай мовы значна шырэйшае, чым адна плынь. Палітычная прыналежнасць тут не мае ніякага значэння. У склад арганізацыі ўваходзілі і ўваходзяць і камуністы, і дзеючыя міністры. У новых валанцёраў не пытаюцца ні пра партыйнасць, ні пра нацыянальнасць, ні пра веравызнанне. Крытэрый адзін — любоў да беларускай мовы. Як вядома, нават БНФ не пазбегла расколу. У ТБМ жа за дваццаць год існавання не было ніякіх унутраных сварак, ніякіх расколаў, бо няма чаго дзяліць і ёсць за што змагацца — за мову.

Дарэчы, палітычныя партыі вельмі паважаюць ТБМ, якое на сённяшні дзень налічвае пяць з паловай тысяч сябраў (лічба для Міністэрства юстыцыі). Гэта толькі самыя актыўныя. На самай справе, сябраў значна больш.

Упэўнены, што ва ўмовах таталітарнай дзяржавы “трэці сектар” мае больш перспектыў, чым іншыя. Што такое польская “Салідарнасць” або літоўскі “Саюдзіс”? Гэта не палітычныя партыі, а тыповыя недзяржаўныя структуры. І БНФ такім быў, пакуль не ператварыўся ў партыю. Самай вялікай памылкай Пазьняка і яго каманды лічу стварэнне партыі БНФ. З гэтага і пачаўся развал. Трэба было спачатку прыйсці да ўлады…

Калі гутарка заходзіць пра ТБМ, то без разважанняў пра цяперашні стан беларускай мовы абысціся немагчыма. Мабыць, камусьці падобнае падасца спрэчным, але я сцвярджаю, што сёння мова “патроху адраджаецца”.

Сам жа я пачаў размаўляць па-беларуску недзе на пачатку 1980-х гадоў. А першай беларускай кнігай была “Новая зямля” Якуба Коласа, якую прэзентавалі на Дзень Савецкай Арміі ў восьмым класе. На беларускую мову перайшоў свядома — у знак пратэсту супраць выключэння з БДУ некаторых студэнтаў — за “праяўленне нацыяналізму”, а па-сутнасці, за любоў да роднай мовы і Беларусі.

Зараз гэтае пытанне чыста палітычнае. Трэба дачакацца змены палітычнай улады. Беларусы заўсёды размаўляюць на мове начальства. Гэта ў нас у крыві. Калі прэзідэнт і прэм’ер-міністр загавораць па-беларуску, нават не давядзецца мяняць заканадаўства. Хай будуць дзве мовы. Я б не мяняў ніякія законы, памяняў бы толькі ўладу — і ўсё. За два гады большасць людзей пяройдзе на беларускую мову.

Асабіста для мяне перыяд пераходу на беларускую мову ўклаўся ў згаданыя два гады. З 1982 года я размаўляю выключна па-беларуску і добра памятаю, як да таго ставіліся ў рускамоўным Мінску — лаяліся ў тралейбусах, крамах, патрабавалі “гаварыць нармальна”. Сёння сітуацыя кардынальна змянілася. Пачуўшы мову, прапускаюць без чаргі, і міліцыянты выказваюць павагу. А адзін таксіст нават не ўзяў з мяне грошай за праезд.

Прапановы перавесці на беларускую мову ўсе дзяржаўныя ўстановы ўжо не выклікаюць з’едлівых усмешак. Сацыялагічнае апытанне, нядаўна праведзенае Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў сумесна з лабараторыяй “Новак”, нечакана пацвердзіла маё ўспрыманне моўнай сітуацыі. 83,7 працэнта жыхароў краіны лічаць беларускую мову нацыянальным сімвалам і нацыянальным здабыткам. І каля 50 працэнтаў назвалі людзей, якія размаўляюць на мове, элітай нацыі.

У адрозненне ад многіх шчырых беларусаў я не енчу пра гаротны стан беларускай мовы, а змагаюся, дакладней, метадычна працую.

Аўтарскае пасляслоўе

Так атрымалася, што каб зрабіць гэты артыкул, мы сустракаліся з Алегам Анатольевічам некалькі разоў. Апошні раз — 4 лютага 2010 года. І заўсёды ён бездакорна выконваў свае абяцанні. Магчыма, за гэта Трусава і паважаюць — і ва ўладзе, і ў апазіцыі.

%d1%82%d1%80%d1%83%d1%81%d0%b0%d1%83 %d1%82%d1%80%d1%83%d1%81%d0%b0%d1%8311

%d1%82%d1%80%d1%83%d1%81%d0%b0%d1%832

%d1%82%d1%80%d1%83%d1%81%d0%be%d0%b2