Трыгубовіч Валянціна

%d0%a2%d0%a0%d0%ab%d0%93%d0%a3%d0%91%d0%9e%d0%92%d0%86%d0%a7

З кнігі "Жанчыны"

БНФ лічаць адной з самых ідэйных структур. Валянціну Трыгубовіч адной з самых апантаных прыхільніц гэтай ідэі. Чаму? Адным з адказаў на гэтае пытанне і будзе наша гутарка.

– Вы нарадзіліся?

– У Бабруйску 13 студзеня 1947 года. На Новы год па старому стылю. Першае дзіця ў маладых бацькоў. Бацька, Андрэй Іванавіч Манько, прайшоў усю вайну – ад Паўночнага Каўказа да Берліна. На шчасце, ён яшчэ жывы. Мама, Вера Сцяпанаўна, была партызанскай сувязной у вайну, яна трагічна загінула, калі год назад згарэў іх дом. Мама родам з вёскі Яршы Уздзенского раёна, што над самым Нёманам. Ад мамы ў нас мова, пачуццё сям’і, роду, хрысціянскія пачаткі.

У мяне  ёсць дзве сястры і брат. Рая (у яе цяпер знаходзіцца бацька, якому 87 гадоў) жыве ў Салігорску. Андрэй цяпер мінчук. Святлана нарадзілася ў 1961 годзе, у тым самым месяцы, калі Гагарын паляцеў у космас. У кожнага з нас па двое дзяцей. У іх таксама ўжо ёсць дзеці. У мяне ўнучка, а месяц назад у брата нарадзіўся ўнук. Пачынаем гадаваць новае пакаленне.

Старэйшы сын Сяргей з жонкай жывуць у Злучаных Штатах, у штаце Нью-Джэрсі. А я жыву з малодшым, Янкам. Яго дачцэ  год і тры месяцы. Ірка – гэткая атаманша разбойнікаў. Усім у хаце кіруе, усё падпарадкавана ёй. Самы цікавы ўзрост. Раніца пачынаецца з таго, што яна прыходзіць і пачынае бабе разляпляць вочы. Ёй патрэбен партнёр для гульняў. Альбо кошка, альбо баба.

Мой бацька па адукацыі аграном, вучыўся ў Горацкай сельгасакадэміі, а потым сам выкладаў навучэнцам розных тэхнікумаў і вучылішчаў. Так атрымалася, што на працы яго бясконца пераводзілі з месца на месца. Пакуль я скончыла сярэднюю школу, вучылася ў чатырох. Як вядома,  сёння Беларусь – незалежная краіна і мае ясныя межы. Дык вось. У дзяцінстве я жыла на крайнім поўдні, ёсць там такая чыгуначная станцыя Славечна. Сёння гэта мяжа з Украінай. Пайшла ў першы клас. Правучылася чатыры гады. Потым бацьку перавялі ў Нароўлю. Там Прыпяць… З таго часу ўмею лавіць вудачкай рыбу, ведаю, што такое заліўныя лугі, сапраўдны крыгаход. Прыпяць зрабіла вельмі моцнае ўражанне, яна дагэтуль з’яўляецца маёй любімай ракой. Пасля Нёмана, натуральна. Потым бацьку зноў «перакінулі», на Украіну. Адтуль мы пераехалі на станцыю Бігосава,  гэта беларуская мяжа з Латвіяй. Калі сёння мяне пытаюць пра малую радзіму, то я ўзгадваю не толькі дзедаву зямлю па-над Нёманам (на месцы яго маёнтка Святы Двор –  звычайнае калгаснае поле, а пра тое, што тут было калісьці, ведаем хіба мы ды старыя яршоўцы), але ўсю Беларусь: з поўдня да поўначы.

Школу я заканчвала ў апошні год хрушчоўскага праўлення, 1964-ы. Яна была рускамоўная. Дарэчы, ва Украіне давялося вучыцца на ўкраінскай мове. Праблемаў у сям’і з гэтага не рабілі. Так атрымалася, што мы прыехалі вясной, калі ўжо заканчваўся навучальны год. Я пайшла ў школу і амаль нічога не разумела: ні тое, што гаворыць настаўнік, ні тое, што гавораць дзеці. Другой школы ў тым маленькім Угнаве (Угнів – па-ўкраінску, гэта Львоўская вобласць) не было. Бацькам проста сказалі, што за лета я павінна засвоіць украінскую мову, бо інакш не змагу вучыцца. Акрамя гэтага трэба было перайсці на ангельскую, бо раней я вывучала нямецкую. Ну, і ўсё лета я займалася з двума настаўнікамі. Па сённяшнім часе гэта немагчыма ўявіць, таму што настаўнікі са мной працавалі абсалютна бясплатна. У сям’і было трое дзяцей і толькі адна бацькава зарплата.

Ангельскую мову пачыналі з літар, з украінскай было прасцей. Граматыка амаль тая ж самая, розніца найбольш у лексіцы. Таму настаўнік параіў больш чытаць кніжак. Спачатку сэнс прачытанага даходзіў слаба. Дакладна памятаю, як перайшла так званы моўны бар’ер. Чытала нейкі твор. Інтуітыўна адчуваю ў тэксце драматызм, трывогу, а  словы банальныя: « сине, сине…». Пры чым жа тут сіні колер? І раптам да меня «дайшло», што ўкраінскае «и» вымаўляецца, як беларускае «ы», і гэта маці плача: «сыне, сыне…». З гэтага моманту пачала ўсё разумець. Першага верасня  пайшла ў школу. Усе прадметы выкладаліся на ўкраінскай мове, але ніякіх складанасцей ужо не існавала. Як была ў беларускай школе выдатніцай, так ёй адразу стала і ва ўкраінскай.  І па сённяшні дзень нармальна чытаю ўкраінскія тэксты.

У Бігосаве атрымала залаты медаль і паехала паступаць у Мінск на журфак.

– Атрымліваецца, што мы калегі?

– І даўно!

– Чаму менавіта журфак?

– Выдатнікаў заўсёды прымушалі быць нейкімі камсамольскімі актывістамі. У мяне гэта атрымлівалася кепска, але дадатковыя школьныя нагрузкі пастаянна былі. Пасля дзевятага класа трапіла ў чарговы маладзёвы лагер, дзесьці недалёка ад Віцебска. Па вечарах мне там было сумна. Пачала пісаць дзённік. Каб чымсьці заняцца. Адна мая віцебская сяброўка ўлезла, пачытала і кажа: «Гэта вельмі прыгожа, трэба дзе-небудзь надрукаваць». Яна мяне і спакусіла.

У той час адзінай газетай, якую для мяне выпісваў бацька, была «Знамя юности». Туды я сваю пісаніну і адправіла. А ў газеце якраз вырашалі рабіць старонку для старшакласнікаў –  «Сверстник». Мае нататкі «пришлись ко двору» і трапілі ў першы нумар.  Гэта быў удалы дэбют, потым я друкавалася амаль кожны месяц.

У год, калі я прыехала паступаць у БДУ, з’явіліся дзве невыгодныя для мяне ўмовы. Па-першае, людзі, якія атрымалі залаты медаль, усё роўна павінны былі здаваць усе экзамены. Другое: на стацыянар журфака нельга паступіць адразу пасля школы,  трэба было мець два гады стажу. Такім чынам атрымлівалася, што паступаць я не маю права. Жанчыны ў прыёмнай камісіі кажуць: «Ідзі на філфак, першыя гады вывучаюцца тыя ж самые  прадметы, а потым перавядзешся». Аднак калгаснаму дзіцяці зразумець гэтыя тонкасці  было складана, мне патрэбен быў толькі журфак. Я ледзь не плакала. Тады нехта кажа: «Падавай дакументы на завочнае аддзяленне». Так і зрабіла. Адразу пасля школы!

На той момант мне  не было  нават васемнаццаці гадоў. З вялікай цяжкасцю ўладкавалася ў капыльскую раённую газету «Слава працы». (Зноў пераехалі бацькі.) Добра памятаю, што на ўсю рэдакцыю быў адзін руска-беларускі слоўнік Кандрата Крапівы. Абсалютна ўся моўна-даведачная літаратура! Як і большасць тагачасных раёнак, «Слава працы» выдавалася на беларускай мове, падпарадкоўвалася, натуральна, райкаму партыі. Рэдактарам быў цудоўнейшы чалавек – Віктар Адамавіч Семянкевіч. Дагэтуль удзячна яму за цярплівасць і тактоўную дабрыню. Яшчэ лепшымі настаўнікамі былі цёткі, якія працавалі ў друкарні і набіралі тэксты – ручным наборам (па літарках!) або на лінатыпе – цэлымі радкамі. Сённяшнія маладыя журналісты ці чулі пра гэтыя тэхналогіі?  Звычайныя капыльскія жанчыны ў моўных пытаннях «абстаўлялі» амаль усіх прысыланых выпускнікоў універсітэту. Не прапускалі ніякіх памылак, русізмаў і г.д. Яны далі мне не менш, чым сталічная прафесура.

Тым часам мая сярэдняя сястра Рая заканчавала восем класаў і паўстала пытанне, дзе ёй далей вучыцца. Мы з сяброўкай-цёзкай жылі ў Капылі на кватэры. Дзяўчына гэтая вывучылася ў мінскім ПТВ №32 на лінатыпістку. Яна і параіла мне скіраваць сястру туды ж. Мы напісалі  сяброўчынаму настаўніку ліст, каб высветліць умовы прыёму. У адказ ён напісаў, што цяпер лінатыпістаў  будуць набіраць толькі пасля дзесяці класаў і што адкрываецца новае аддзяленне – фотакарэспандэнтаў. Гэта зацікавіла мяне. У той час быў вельмі папулярны Васіль Пяскоў з “Камсамолкі”.  Я палічыла, што буду лепшым журналістам, калі навучуся яшчэ і фатаграфаваць.

Калі на субяседаванні ў ПТВ даведаліся, што мой школьны атэстат ва універсітэце, то прынялі адразу. Я была такая адна, туды пераважна прыехалі фатографы-практыкі  з раённых газет. Вучыліся цэлы год. З мяне нічога не атрымалася, тэхніка не слухаецца па сённяшні дзень. Напрыклад, у кампутары ведаю толькі, як трэба націскаць клавішы для набору тэксту. Аднак я навучылася разумець фатаграфію (праз яе – і выяўленчае мастацтва), хоць сама зрабіць нешта прыстойнае ў фатаграфіі не магу. Мая стыхія – слова.

Праз год вышла замуж за хлопца, з якім разам вучыліся ў ПТВ. Яго сям’я жыла ў Мінску на Беламорскай. На жаль, Эдуарда Трыгубовіча ўжо няма ў жывых. Ад яго мне засталося прозвішча. Сорок гадоў таму праз гэтую жаніцьбу я апынулася ў Мінску. Было гэта ў красавіку 1967 года. Як хутка бяжыць жыццё.

Потым у нас нарадзіўся сын Сяргей. Універсітэт скончыла з усялякімі прыгодамі, бо ўсе курсавыя пісала самастойна. І пераздачы экзаменаў былі надзвычай рэдкія. Цяжка было мець працу і адначасова вучыцца. Плюс – малое дзіця. Лепш не ўспамінаць…

У 1970-м скончыла універсітэт і з дапамогай мужа, які працаваў фатографам у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, уладкавалася ў тыднёвік «Голас Радзімы». Газета выдавалася пад пільным наглядам КДБ. Наш куратар прыходзіў на кожную вёрстку і паралельна з усімі  чытаў. Як бы яшчэ адзін цэнзар. Але ў той час гэта ўспрымалася натуральна, іншага проста не ўяўлялася. Ён і на ўсіх рэдакцыйных вечарынках быў госцем. Сёння складана растлумачыць тагачасныя рэаліі, бо яны бачацца інакш.

У 1982 годзе я нарадзіла другое дзіця і з дэкрэту ў «Голас Радзімы» ўжо не вярнулася. А пайшла на працу ў часопіс «Мастацтва Беларусі», які з’явіўся ў 1983-м. Апошнія гады ў «Голасе Радзімы» я ўзначальвала аддзел культуры, даволі шмат пісала пра мастакоў, таму збольшага ведала і тэматыку, і праблемы. Аддзел выяўленчага мастацтва ў часопісе ад першага нумара вяла Таццяна Гаранская. Мая знаёмая, сяброўка. Добры навуковец, знаўца мастацтва, але літаратурны рэдактар без належнага досведу. Папрацаваўшы  некалькі месяцаў, Таццяна зразумела, што гэта не яе справа, і ўгаварыла мяне пайсці на яе месца.

У часопісе, ён потым стаў называцца «Мастацтва», я працавала амаль дваццаць гадоў. Заяву на звальненне напісала, таму што прыйшоў новы рэдактар, з якім працаваць не хацелася. А пенсія ўжо была аформлена… З таго часу ў службовым плане я вольны чалавек.

– А чым займаецеся?

– Гадую ўнучку.

З канца васьмідзесятых, калі ўзнік аргкамітэт па стварэнні БНФ, з19 кастрычніка 1988 года па сённяшні дзень дастаткова актыўна працую ў  Беларускім народным фронце. Да 1995-га ўзначальвала камісію па замежных сувязях. Гэта атрымалася абсалютна выпадкова. Звалілася, як снег на галаву.У мяне былі добрыя кантакты з беластоцкімі калегамі-журналістамі. Напярэдадні  ўстаноўчага  з’езду БНФ якраз збіралася ехаць у Польшчу, і сябры з аргкамітэта даручылі запрасіць каго-небудзь з «польскіх» беларусаў. Так і атрымалася. Зянон Пазьняк, відаць, гэта ўзяў на аловак, і калі пачалі ствараць розныя камісіі, прапанаваў мне ўзначаліць замежную. І я пагадзілася. Часова. Пакуль не знойдзецца  хтосьці больш падрыхтаваны, бо замежнымі мовамі я не валодаю, а без гэтага праца будзе недасканалай. Як вядома, няма нічого больш пастаяннага, як часовае. Я напісала заяву і сышла з Сойму і замежнай камісіі толькі ў 1996-м, калі Зянон Станіслававіч з’ехаў за мяжу, а я пра яго ад’езд даведалася ад журналістаў, якія тэлефанавалі з просьбай пракаментаваць падзею…

Да 1999 года займалася толькі прафесійнымі клопатамі ды грамадскай арганізацыяй «Беларуская перспектыва». А на з’ездзе ў тым годзе многія з першых фронтаўцаў падтрымалі Вінцука Вячорку. З таго часу я зноў уваходжу ў Сойм. Толькі кола абавязкаў значна меншае, зважаю на ўзрост. Ахвотна даю дарогу маладым.

Акрамя гэтага займаюся даволі актыўна рэлігійна-асветніцкай дзейнасцю. Менавіта вера, я пераканана,  дапаможа нам захавацца як нацыі.

– Будзе лагічным спытаць пра сэнс чалавечага шчасця?

– Самае галоўнае, каб было паразуменне  чалавека з навакольным светам і ўласнай душой.  Каб цябе разумелі блізкія людзі.

У мяне шмат гадоў ёсць такая нязбыўная мара: ляжу сабе на канапе, гляджу тэлевізар, п’ю каву – і нікуды не трэба спяшацца, ніхто нідзе не плача, ніякі рукапіс не «гарыць». Не атрымліваецца!

Ніколі не раблю працу, якую можа выканаць іншы. Бяруся толькі за тое, чаго ніхто іншы пакуль не бачыць, альбо за тое, што магу зрабіць так, як ніхто. І набіраецца гэтых «праектаў» столькі, што мне неабходна яшчэ не менш гадоў, чым пражыла.

Матэрыял падрыхтаваны 2 траўня 2007 года.