Уліцёнак Аляксандр

%d1%83%d0%bb%d0%b8%d1%82

 З кнігі "Інтэрв'ю, якіх не было" 
  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

У 1971—1972 і ў 1974 гадах карэспандэнт магілёўскай райгазеты “За камуністычную працу”. З 1979 па 1986 — карэспандэнт, загадчык аддзела прапаганды і агітацыі “Звязды”. Ад 1986 па 1992 год — уласны карэспандэнт “Правды” па БССР. 1991—2003 — галоўны рэдактар тыднёвіка “Свободные новости”. Далей — праца ў электронных медыя: Радыё Свабода, рэдактар сайтаў Bulletinonline.org і Regionby.org.

Век жыві — век вучыся.

Напрыклад, ва Уладзіміра  Арлова. Скарыстаюся ягоным аўтабіяграфічным урокам (“Іншадумцы”, Мн., “Беларусь”, 1991, стар.15): я нарадзіўся амаль праз год пасля скону Сталіна.

Не памятаю сам, аднак чуў, што ў дваццаць першы дзень таго лютага людзі ўжо перасталі аплакваць бацьку народаў. Аднак не дужа тады і верылі, нібыта ўсё горшае назаўсёды скончылася.

Вы ўжо здагадаліся, колькі мне?

Даты — пачатак гісторыі. А яе я вельмі любіў. Настолькі, што ў 1971 стаяў перад выбарам паміж гістфакам Магілёўскага педінстытута і журфакам БДУ. Адкуль другая ідэя? Бо напісаў пару апавяданняў, якія прачыталі ў папулярным мінскім радыёчасопісе “Рамантыкі”, ды пару сачыненняў, якія перамаглі ў абласных конкурсах…

Адчуў сябе Хэмінгуэем мясцовага разліву і ў выніку купіўся на сталіцу. Разумныя людзі па-прарочы выраклі: дурань. І мелі рацыю, бо калі ў цябе засталася толькі адна маці-калгасніца з дзвюма сёстрамі, дык лепей трымацца дому, які ў вёсцы пад бокам у Магілёва. Адвучыўся і тапчы туды, у Ракузаўку, дзе заўсёды былі бульба, капуста, сала.

Увогуле з вучобай у мяне, мабыць, нешта няправільна атрымалася. У восьмым класе бацька прымусіў падаць дакументы ў магілёўскі палітэхнікум, на майстра халадзільных установак. Паступаў без варыянтаў, калі меркаваць па атэстаце. Аднак накладачка здарылася: паперкі павёз у апошні дзень прыёму і па дарозе (варона!) згубіў фотку. Давялося хуценька вяртацца. А да нас якраз прыехаў сталічны госць. На спартовым веліку, што па тым часе было, ну, як сёння, скажам, вам бы прапанавалі пакатацца на спартовым “ферары”. І што, я быў такі дурны, каб адмовіцца ад шанцу?! Нават у суседні Галынец злётаў — напоўніцу зведаў шчасце фурору. Праўда, пакуль галівудзіў, скончыўся час прыёму дакументаў. Таму наступным днём забраў іх і вярнуўся ў родную Цішоўскую школу.

Вось. А мог стаць чалавекам. Пры канкрэтнай, як кажуць, справе. Ну так, яна не для белай і моднай тады нейлонавай кашулі… Аднак уявіце, што магло адбыцца праз гады, як сканаў адбудаваны Сталінам сацыялізм! Прыватызавалі б з хлопцамі які-небудзь “хладокомбинат”, купілі б пару маразільных траўлераў ці што-небудзь іншае, дзе можна захоўваць рыба-малочна-мясное, і ўсё пофіг — чырвонай ікрой па чорнай, як кажуць разумныя людзі!

Ці што я далей нагарадзіў: стаць у 27 гадоў загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі “Звязды” і адмовіцца ад вышэйшай партшколы! У 33 — уласным карэспандэнтам “Правды” і паўтарыць той самы фокус.

Да слова: літаральна ўчора пачуў, як у адной “паддатай” кампаніі перабіралі мае костачкі. Пайшла дзікая пагалоска, нібыта мечу ў Дом друку. Для кампаніі тое было, як… Карацей, палівалі па поўнай праграме. Разумею: адны самі хацелі на той “Манблан” ускараскацца, іншыя — уседзець на ім. Але ж аргументацыя якая “перабудовачная”: гэты гад некалі ў “Звяздзе”, нават у “Правде” працаваў, партбілет насіў, пра Леніна пісаў, потым у “нячэсныя” прадаўся, а цяпер сюды шчэміцца!

Вось жа ХХI стагодзе, а думаюць восенню 1917-га… Нейкая найноўшая НінАндрэеўшчына. Для маладзейшых патлумачу: падчас развалу КПСС тая жанчынка напісала славуты махровы артыкул пра “непрадажнасць” партыйных прынцыпаў.

Пад дваццаць гадоў мінула, а звіліны ў некаторых ну аніяк. Нават пачалі ад старасці выпроствацца. У звязку з чым — пару слоў пра сваё бачанне “партыйнасці” ў журналістыцы эпохі скону Саюза.

У арміі я быў настолькі доблесным радыстам, што назаўсёды ўнесены ў кнігу гонару сваёй праслаўленай часткі. Адначасова рэгулярна друкаваўся ў прэстыжнай ваеннай маскоўскай газеце. Гэта да таго, што папросту мог стаць камуністам. Аднак адмаўляўся. Таму што большасць майго, паслясталінскага, пакалення НІЯК не ставілася да КПСС! Ну, ёсць такая данасць — і ўсё тут.

Я аднойчы выпадкова выйшаў у эфір каманднага пункта Маскоўскай супрацьпаветранай акругі з анекдотам пра Леаніда Ільіча, быў за тое зняты з дзяжурства, адпраўлены на “губу” — дык што, цяпер мне, як шмат каму іншаму, свісцець пра сваё іншадумства? Пра фактычную расправу над сабой — пазбавілі ўжо абвешчанага кароткатэрміновага адпачынку? Маўляў, у росквіт застою на паўСССР праўду пра генсека расказаў?! Фактычна так, а па сутнасці — лухта: у нас тады не было ідэйна матываванага непрымання КПСС-КПБ, Леніна-Сталіна-Брэжнева-Машэрава. Адкуль яму ўзяцца, калі не ведалі праўды? Кпілі, аднак мірыліся. Як з нясонечным надвор’ем.

У партыю пайшоў, калі год паралельна з вучобай адпрацаваў у “Звяздзе”. Прапанову прыняў без асаблівай радасці, аднак і без прыгожых выбрыкаў. Бо тады ўжо меў добры рэдакцыйны досвед: няма “парткорок” — будзеш сядзець пад шматлікімі дурнямі і пісаць тое, што прыйдзе ім у галаву.

Кажу шчыра: ва ўсёй тагачаснай “Звяздзе” — цэнтральным органе КПБ — не было аніводнага камуніста. Нават з ліку франтавікоў. Членамі партыі, так, былі фактычна ўсе. Форма і сутнасць у гэтым пытанні радыкальна разыходзіліся. Распісывалі перадавы партыйны досвед і адначасова анекдоцілі. Аднак тое зусім не беспрынцыповасць — проста ў гульні былі свае правілы. І як толькі партвярхі радыкальна парушылі іх (абвясцілі путч), звяздоўская партарганізацыя заявіла пра свой выхад з КПСС. Бо ў ёй не было камуністаў.

Не скажу за ўсю “Правду”, бо ў Маскву, у рэдакцыю прыязджаў не так часта, аднак тыя, з кім пастаянна меў справу, нічым не адрозніваліся ад звяздоўцаў. Калі на тое пайшло, дык у “Правде” працавалі Чарнічэнка, Гайдар, шмат уласных карэспандэнтаў, якія ў сваіх рэспубліках сталіся ўрэшце сцяганосцамі дэмакратычных перамен.

Мае сябры-партыйцы, працуючы ў нібыта партыйных органах, мелі іншыя прынцыпы — грамадзянскія. А дзе яшчэ было ўладкавацца тагачасным журналістам, калі амаль усюды — “органы”? Вось і пісалі пра комплексны падыход да выхавання, ленінскія, кастрычніцкія юбілеі. Але без фанатызму. Што да ступені творчасці, дык каму колькі Бог даў — як меў чалавек за душой іскру, то і артыкулы свяціліся, і паэмы…

І калі нехта цяпер папракае маёй “ленініянай”, дык дзякуй, таварышы. Нешта, аказваецца, на вашым цьмяным тле я змог тады зрабіць.

Між іншым шлях у журналізм быў не самым прамым. Пасля дзесятага я праляцеў міма сталічнага “кефіру”: балаў не хапіла. Нехта з журфакаўскіх выкладчыкаў супакоіў: “Не убивайся так сильно, мальчик! Знаешь, может это и не твое дело — газета. До армии времени еще много, проверь себя: попробуй устроиться в районку”.

Па юнацкай прастаце параду пераблытаў з загадам. А мушу зазначыць, што сярод нешматлікіх пераваг маёй натуры — дысцыплінаванасць. Ну, і пайшоў у Магілёў, на Першамайскую, 40. “За камуністычную працу” газета называлася. Дзеля адчэпкі паслалі мяне ў пару камандзіровак, а я вазьмі дый “таленавіта” апішы спачатку досвед вырошчвання пшаніцы “міронаўская-80”, затым — 5000-х надояў ад чорна-пярэстых кароў і асабіста ардэнаноскі МарФядотаўны…

Класная рэдакцыя! Ліда Перасыпкіна адзін час так бязбожна правіла, што сораму не мог абрацца, Мікола Комлеў вучыў рамяству, Стальян Трацэўскі — фоткаць. Сёе-тое за год засвоіў, аднак асабліва навучыўся піць. “Чарніла”. У фоталабараторыі і калгасных сталоўках. У ляску за цэнтральнай калгаснай сядзібай. Ад ранку да вечара. Настолькі абрыдла, што як атрымаў ваенкаматаўскі пазоў, адразу пайшоў у камісарыят. Шэф і хлопцы лічылі тое выразнай прыкметай ідыятыі — мог проста “адкасіць”, бо рэдакцыя, сувязі, аднак як я мог патлумачыць ім, што “барматуха” ў мяне ўжо ў горле стаіць? Няёмкая проза жыцця. Плюс крыху рамантыкі, выхаванне патрыятычнага — мая Ракузаўка на ўскрайку славутага Буйніцкага поля з ягонымі танкамі, попелам Сіманава, каплічкай…

Пасля салдацкай “двухгадоўкі” зноў магілёўская раёнка, зноў разуменне таго, што нягледзячы на гераічнае змаганне ўсё нам выжлукціць не ўдасца… І тут якраз чарговая вельмі важная партыйная пастанова — без вышэйшай адукацыі ў журналістыцы рабіць няма чаго. Даруй, Госпадзе, аднак менавіта партыя і выпхнула мяне, камсамольца, у БДУ, у вялікі свет, на шырокі прастор…

Па магілёўскай памяці, курсе на трэцім я пачаў актыўна супрацоўнічаць з папулярнай тады “Сельской газетой”. І аднойчы загадчык аддзела прапаганды “Звязды” Мікалай Зяньковіч выпадкова ўбачыў: студэнт журфака апынуўся сярод пераможцаў прэстыжнага конкурсу для пазаштатнікаў. Ну, і перацягнуў да сябе.

Гэты чалавек надзвычай моцна паўплываў на маё прафесійнае сталенне: выключная працаздольнасць, уменне чуць-бачыць-пісаць не як усе, здольнасць аднаму пераварочваць горы…

З усіх ягоных геніяльных парад прывяду адну: “Журналіста робіць не ўменне класна пісаць. На вышыні і ў цане той, хто ўмее знаходзіць тэмы”.

…Калі намеснік загадчыка аддзела прапаганды ЦК КПСС пасля перамогі Ельцына быў на поўным нулі і ў такім самым “разборы”, я прапанаваў пісаць для толькі што створаных “Свободных новостей”. У адказ: “Ты не баісся, што ў “дзіцяці галоснасці” будзе партыйны “бонза”?! “Пофіг, Мікалай Аляксандравіч: тое, што вы пішаце — па-за партыйнасцю”. І Зяньковіч пісаў шмат ды цікава. Фактычна ён дапамагаў імклівай раскрутцы нашага тады “паўтыднёвіка”: “СН” ніхто не дапамагаў, таму грошай доўгі час хапала на выпуск толькі двух нумараў у месяц.

Тут самы раз выказаць сваё стаўленне да сённяшняга падзелу на “чэсных” і “нячэсных”. Сумленна і лапідарна: поўная дурота. Як з боку ўлады, так і з гледзішча ўнутрыцэхавых “мудрацоў”. Гляньце, куды пайшлі палітычныя аналітыкі БДГ, калі яе прыкрылі? У “Советскую Белоруссию”. Некалькі чалавек туды ж уладкаваў я, калі разганялі “Свободные новости”.

І гэта абсалютна нармальна. Бо на той час не было нават інтэрнэта. У нас малы рынак, а людзям трэба не толькі жыць — многія жыццё сваё бачаць якраз у журналізме. Да таго ж, па праўдзе, як і раней можна было заставацца ў партыйнай журналістыцы грамадзянінам, так і цяпер. Зразумела, я не кажу пра сённяшнія ідэалагічныя аддзелы. Бо зараз, у адрозненне ад ранейшых часоў, усе ўсё ведаюць. Гэта не 1970-я, калі пра растрэлы ў Курапатах не чулі.

Не трэба, шаноўныя, быць свяцейшымі за Папу Рымскага. Непартыйную, новую, незалежную, недзяржаўную, свабодную журналістыку стваралі ў масе сваёй былыя партыйцы. Гэта — праўда.

Ідэя тых самых “Свободных новостей” нарадзілася менавіта ў “камуністаў” “Звязды”. Я да яе не меў дачынення. Аднак хлопцы запрасілі паўдзельнічаць у мазгавым штурме — прыдумаць канцэпцыю “СН”, і я без ваганняў пагадзіўся.

Бо працуючы ўласным карэспандэнтам “Правды” па БССР, напісаў кнігу пра першых ці адных з самых вядомых беларускіх дэмакратаў (у прынцыпе, кніжак у мяне некалькі — апошняя выйшла ў 2009-м, аднак менавіта за гэтую я атрымаў Дзяржаўную прэмію; грамату падпісаў тагачасны кіраўнік ужо незалежнай Беларусі Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч). Тая дакументальная проза не была беспрынцыповасцю ці кан’юнктурай.

Я проста заставаўся самім сабой — журналістам, які разглядаў цікавыя перспектыўныя тэмы: у адрозненне ад шматлікіх мітынговых трыбун зразумеў, што жыву ў пераломны час, у рэвалюцыю. І важна занатаваць галоўнае з першых вуснаў, па свежых кроках падзей, калі людзі яшчэ не маглі маніпуліраваць памяццю пра Гістарычнае. Што ж тычыцца кан’юнктуры, дык на той момант ніхто не мог сказаць, чым тая рэвалюцыя закончыцца. Гэта і ёсць адказ.

Маё бачанне “СН” звяздоўцы адрынулі (дарэчы, мне вельмі не падабалася назва, аднак “бацькі” заўпарціліся і “дзіцяці” назвалі так, як хацелі). І толькі пасля таго, як першы нумар “лёг”, я пачуў прапанову: “Хочаш, забірай газету і рабі, што пажадаеш”.

Так і стаў на капітанскі мосцік.

Скажу адно: наклад у 103 тысячы асобнікаў з усёй незалежнай грамадска-палітычнай прэсы быў толькі ў “Свободных новостей”. І яшчэ: пры выразнай народнай любові нас не любілі дэмлідэры. Затое цкавала ўлада. Бо яна не толькі мацнейшая, але і разумнейшая за апазіцыю.

Няма ў Беларусі больш ніводнага выдання, якое б за першыя 13 гадоў змушалі б 11 разоў пераязджаць з месца на месца і якое б некалькі разоў мяняла сваю назву, каб выжыць. Аднак гэта толькі зрабіла “СН” адным цэлым.

Мы й па цяпер можам сабрацца ўсе разам у любой кавярні цягам пары гадзін. І выпіць не за кошт Сораса — расплачваемся сваімі… Гэта класна. І за тое я ўсім нашым вельмі ўдзячны! Вы — супер! Люблю вас і вамі ганаруся, дзе б вы сёння ні працавалі. Ня здрадзіць мінуламу – гэта таксама ня ўсім дадзена.

%d0%a3%d0%bb%d1%96%d1%86%d1%91%d0%bd%d0%b0%d0%ba