Усеня Алесь

%d1%83%d1%81%d0%b5%d0%bd%d1%8f

З кнігі "Найноўшая гісторыя ў асобах"

Падрыхтавана да друку  11.03.2013.

Эсэ пра сваё жыццё Алесь Усеня назваў “Шарада для чытача”. І гэта, напэўна, невыпадкова, бо яго лёс заўсёды быў напоўнены рознымі таямніцамі і загадкамі.

“На 50-гадовы юбілей старэйшая дачка падарыла мне даведку Нацыянальнага архіва Беларусі, у якой былі звесткі пра ўсю маю радню ажно з пачатку XVIII стагоддзя. Высветлілася, што мае продкі — звычайныя сяляне, спрадвек жылі ў адной і той жа вёсцы, што ў Старадарожскім раёне, і мае яна назву Пасека. Больш як пяць стагоддзяў таму мой прашчур, пасекшы дрэвы на мяжы балота і лесу, пабудаваў на дзялянцы жытло, ад таго, мусіць, і ўтварылася назва — з націскам на другім складзе (“пасека”).

У кастрычніку 1958 года ў гэтай вёсцы выпала нарадзіцца і мне. Ва ўсім Старадарожскім раёне на той час не было ніводнае царквы, таму бацькі немаўлят, каб пахрысціць іх, “у складчыну” запрасілі святара ажно са Слуцка. Сам я, вядома, не памятаю, але вось што потым расказала маці. Поп нечакана выпусціў маё цельца з рук, і яно гучна плюхнулася ў чан з вадою. Збянтэжыўшыся, але не разгубіўшыся, святар патлумачыў:

— Добрая прыкмета. Усё жыццё хлопчык будзе пад апекай Бога.

Так яно ці не так, але паскардзіцца на свой лёс я не магу…

Для яго, майго лёсу, вызначальнае значэнне мела тое, што яшчэ ў чатыры гады я навучыўся чытаць. Старэйшыя браты ўжо хадзілі ў школу, я за імі ўслед завучваў літары, а складаць з іх словы налаўчыўся нават хутчэй, чым яны. Праўда, у першы клас разам з аднагодкамі мяне не прынялі, бо да поўных сямі гадоў не хапіла двух месяцаў. І як ні ўпрошвалі бацькі дырэктара школы залічыць “вундэркінда”, згоды ён не даў. Вёска тады была шматлюдная, таму ў перапоўненых класах для мяне не ставала месца.

Зрэшты, калі на наступны год я ўсё ж стаў першакласнікам, дык дадому прыносіў адны двойкі. Настаўніца прымушала чытаць па складах. Я ўпарціўся, бо мог чытаць бегла, за што і расплочваўся.

Усе дзіцячыя кнігі ў вясковай бібліятэцы на той час я ўжо прачытаў, таму перакінуўся і на “дарослую” літаратуру. “Глытаў” па дзве-тры кнігі за дзень, найбольш паэзію. Аднаго разу ўзнікла жаданне прачытаць усе кнігі, якія меліся ў бібліятэцы. Творы аўтараў, прозвішчы якіх пачыналіся з літары А, адужаў без праблем. А вось Б адбіла ў мяне ўвесь імпэт: патрапілася нейкая нудная манаграфія пра камяні. Я “грыз” яе без аніякай цікавасці і ў рэшце рэшт вырашыў паставіць на сваёй задуме крыж.

Яшчэ адным дзіцячым захапленнем быў спорт. Футбольны стадыён месціўся побач з нашай хатай, і я, мусіць, яшчэ як толькі навучыўся хадзіць, прападаў там з раніцы да вечара. Налаўчыўся гойсаць з мячом так, што ўжо ў пятым класе трапіў у калгасную футбольную каманду, а калі пачынаўся які-небудзь дзіцячы абласны турнір, з райцэнтра па мяне прысылалі машыну…

На раённай спартакіядзе школьнікаў мне ўдалося перамагчы ва ўсіх дысцыплінах (700-грамовую гранату “запуліў” ажно на 63 метры). Пасля спаборніцтваў да мяне падышоў старшыня раённага спартыўнага таварыства “Ураджай” Генадзь Беразоўскі і прапанаваў:

— А чаму б табе не пазаймацца ў нашай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе? Можаш дабіцца поспехаў…

Мне, вядома, хацелася б пабегаць-паскакаць пад кіраўніцтвам кваліфікаванага трэнера, але ж трэба тры разы на тыдзень неяк дабірацца з вёскі да Старых Дарогаў. А білет на рэйсавы аўтобус у адзін бок каштуе ажно трыццаць капеек. За месяц набяжыць больш за “чырвонец”! Дзе ж бацькам узяць такія грошы, калі ў сям’і на ўліку кожная капейка…

Згадваю пра гэта вось чаму: калі б мне выпала нарадзіцца ў горадзе, дык, магчыма, жыццё маё склалася б зусім інакш, бо менавіта спорт, а не творчыя памкненні былі тады для мяне на першым месцы. Вунь і цяпер, пражыўшы больш як паўвеку, у снах часта гуляю ў футбол і ніяк не магу нагойсацца…

А вось для таго, каб пісаць “вершыкі”, у трэнерах патрэбы не было. Неяк у пятым класе настаўнік беларускай літаратуры Іван Кандратавіч Жукавец абвесціў:

— Хто напіша верш, таму пастаўлю пяцёрку.

А я ўжо да гэтага спрабаваў нешта “крэмзаць”, прыдумаў нават тры невялікія п’есы. Таму тут жа, на ўроку, “састругаў” некалькі прастакаватых слупкоў пра зіму і зачытаў іх настаўніку. Ён, як і абяцаў, паставіў пяцёрку. Гэта так падахвоціла, што я прыйшоў дадому, залег на печ і спісаў “вершыкамі” палову школьнага сшытка. Назаўтра за кожны “твор” Іван Кандратавіч ставіў мне вышэйшую адзнаку — ледзь хапіла клетачак у класным журнале. Жартам кажучы, магчыма, гэта падштурхнула мяне да творчасці. Я зразумеў, што з “пісаніны” можна мець нейкую карысць…

Вершаў пачаў пісаць так шмат, што яны з’яўляліся ледзь не ў кожным нумары часопіса “Бярозка” і газеты “Піянер Беларусі”. Гэтая “творчая спадчына” прынесла мне плён пры паступленні на факультэт журналістыкі. На ўступных экзаменах я не дабраў аднаго бала, каб стаць студэнтам. І тады дэкан факультэта Рыгор Васільевіч Булацкі узяў пульхную папку з маімі дыпломамі-граматамі, апублікаванымі вершамі і пайшоў да рэктара ўніверсітэта. Пераканаў яго, што “такога таленавітага хлопца” трэба залічыць па-за конкурсам. Зараз я вельмі ўдзячны за гэта Рыгору Васільевічу (на жаль, ужо нябожчыку), бо немаведама, у якім накірунку пайшло б маё жыццё, калі б не ўдалося тады стаць студэнтам…

Калі б мне прапанавалі аддаць два любыя гады жыцця за год студэнцтва, я пагадзіўся б. Гэта быў найлепшы час! Студэнт — гэта ўжо дарослы, самастойны чалавек, які мае магчымасць жыць напоўніцу, і разам з тым яго не абцяжарваюць клопаты пра сям’ю, пра кавалак хлеба. Чаго яшчэ жадаць?

Прынамсі, найпершы для сябе час я сам жа і скараціў. Ужо на чацвёртым курсе, не пераводзячыся на завочнае аддзяленне, уладкаваўся на працу ў шматтыражную газету “Інтэграл”. Да гэтага вымагала тое, што паспеў ажаніцца і трэба было зарабляць хоць якую капейку…

Акурат тады Рыгор Барадулін, які ўхваляў мае творчыя патугі, выказаў перасцярогу:

— Ты можаш зрабіць дзве памылкі, якія адмоўна паўплываюць на тваю творчасць: рана ажаніцца і з’ехаць са сталіцы.

Так яно і сталася. Неўзабаве нарадзілася дачка. Туляцца па здымных кватэрах не хацелася, ды і не было сродкаў. І на размеркаванні я папрасіў, каб мяне накіравалі на працу ў старадарожскую раёнку, хоць меў “выклік” з некалькіх сталічных газет. Прычына простая: рэдактар раёнкі паабяцаў адразу ж даць кватэру. І ў выніку словы Рыгора Барадуліна сталі прарочымі.

Праз тры гады мне надакучыла “варочаць гной” у раёнцы. Я зразумеў, што ніякіх перспектыў тут няма і ад безвыходнасці магу проста спіцца. Пачаў шукаць новае “прыстанішча”. Рэдактар абласной газеты “Гомельская праўда” Уладзімір Лазько, пагутарыўшы са мною ўсяго пяць хвілін, прапанаваў:

— Забірай у Старых Дарогах свае манаткі ды перабірайся ў Гомель. Кватэру я табе неўзабаве дам.

Слова сваё Лазько стрымаў, праўда, пасаду я атрымаў не надта прэстыжную — зменны сакратар. Цэлымі днямі даводзілася маляваць макеты, вычытваць белтаўскія матэрыялы, а для ўласнай пісаніны меў толькі адзін “творчы” дзень. Аднак жа дужа хацелася перабрацца з сакратарыяту ў які-небудзь аддзел, таму я “рваў жылы”, пісаў днямі і начамі, каб зарэкамендаваць сябе як мага лепей. І Лазько заўважыў мой імпэт. Спачатку ён прыдумаў для мяне новую пасаду — “спецыяльны карэспандэнт рэдактара”, а затым і ўвогуле прызначыў в.а. загадчыка аддзела савецкай работы. Для гэтага яму давялося паспрыяць, каб мяне прынялі кандыдатам у партыю (інтэлігенту ўступіць у яе тады было цяжэй, чым у таварыства паляўнічых і рыбаловаў).

Зрэшты, у Гомелі я таксама затрымаўся ненадоўга. Праз два гады прыйшло запрашэнне са “Звязды”. Лазько вельмі хацеў, каб я застаўся ў “Гомельскай праўдзе”, нават абяцаў зрабіць сваім намеснікам, аднак сталіца вабіла мяне неадольна…

Прынамсі, “прыпынак” у “Звяздзе” таксама быў кароткім. На той час я ўжо стала ўзбіўся на сатыру, і галоўны рэдактар “Вожыка” Валянцін Болтач прапанаваў узначаліць аддзел фельетонаў. Доўга вагаўся, усё ж “Звязда” дала мне трохпакаёвую кватэру, і яе, шчыра кажучы, я, так бы мовіць, “не адпрацаваў”. (Гэты “доўг” жыве ў маёй падсвядомасці да сённяшніх дзён. Раз-пораз мне бачыцца адзін і той жа сон: я працую ў “Звяздзе” і за цэлы месяц не падрыхтаваў ніводнай публікацыі…). Аднак жа магчымасць займацца любімай справай — пісаць фельетоны — пераважыла. Я перабраўся ў “Вожык”. Праўда, потым аб гэтым трохі пашкадаваў, бо Валянцін Болтач, таленавіты пісьменнік і рэдактар, імкнуўся перайначыць фельетоны (і не толькі мае) на свой капыл, прымушаў па некалькі разоў перапісваць, што, вядома ж, вялікай радасці мне не прыносіла…

І таму, калі ад Савецкай асацыяцыі дэтэктыўнага і палітычнага рамана, якую ўзначальваў знакамты Юліян Сямёнаў, паступіла прапанова стаць шэф-рэдактарам Мінскай штаб-кватэры, я адразу ж пагадзіўся. Больш за тое, падаў заяву на выхад з партыі (а быў жа толькі пачатак 1990 года. Нават Барыс Ельцын яшчэ не “кінуў на стол” свой партбілет). Ідэйным “ленінцам” я ніколі не быў, а праца ў асацыяцыі быць партыйным не вымагала.

Адзін (калі не лічыць жонкі, якая друкавала матэрыялы) выпусціў для САДПР шэсць нумароў газеты “Детектив”, а затым вырашыў пайсці “на свой хлеб”. Ніякай дапамогі ад асацыяцыі не было, яна толькі забірала ўсе немалыя прыбыткі.

Заснаваў уласную газету “Частный детектив”. Тады яшчэ не было недзяржаўных выданняў, таму і папулярнасць газеты і прыбыткі здаваліся неймавернымі. Па “Частный детектив” выстройваліся чэргі. Адно толькі мінскае метро “з’ядала” па сто тысяч асобнікаў. А ўвогуле наклад дасягаў 800 тысяч. Газета распаўсюджвалася амаль ва ўсіх краінах былога Савецкага Саюза, прапановы тыражаваць яе паступалі з Польшчы, Ізраіля, Даніі, Германіі…

Прынамсі, гэтыя прапановы мяне не цікавілі — грошай і так не было куды дзяваць. Каб забраць дывідэнды з банка, даводзілася наймаць некалькі машын таксі… Аднак жа багатым чалавекам я не стаў. Восемдзесят адсоткаў прыбыткаў скралі хіжыя партнёры, дзесяць адсоткаў я раздаў на дабрачыннасць, і столькі ж засталося мне…

З часам “лафа” скончылася. Людзі “наеліся” крыміналу, ды і падобных газет з’явілася як грыбоў пасля дажджу.

Пакуль што я распавядаў пра сваё журналісцкае жыццё, аднак жа мімаходзь мне ўдавалася нешта тварыць, так бы мовіць, для душы. Напісаў і выдаў паўтары дзясяткі кніг (вершы, проза, публіцыстыка). Асабліва плённымі былі для мяне апошнія гады, калі зноўку вярнуўся да сатыры. Праўда, кнігарні па нейкай прычыне адмаўляюцца браць мае сатырычныя зборнікі для распаўсюду, ды і друкавацца даводзіцца пад псеўданімам.

Беларуская асацыяцыя журналістаў на сваім форуме ў інтэрнэце неяк прапанавала карыстальнікам здагадацца, каму належыць гэты псеўданім. Большасць сыходзілася на дзвюх асобах: Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч. І толькі хтосьці з “добразычліўцаў”, які, відавочна, мяне ведае, напісаў на форуме: код для расшыфроўкі псеўданіма маецца ў прозвішчы сатырыка. Пасля гэтага абмеркаванне спынілася.

Шчыра кажучы, я не хацеў раскрываць свой псеўданім. Але калі ўжо так сталася, дык і ўсім чытачам прапаную няхітрую шараду.

Да літар майго прозвішча дадайце яшчэ дзве, затым “перамяшайце”, расстаўце іх у належным парадку — і сакрэту для вас не будзе…”