Ваганаў Сяргей

%d0%92%d0%b0%d0%b3%d0%b0%d0%bd%d0%b0%d1%9e

З кнігі "Інтэрв'ю, якіх не было"
  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

У журналістыцы больш як 47 гадоў. Мноства разоў узнагароджаны “Залатым пяром”. Працаваў у розных сродках масавай інфармацыі, у тым ліку ў “Знамени юности” і галоўным рэдактарам газеты “Труд”. Адзін з заснавальнікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У дадзены момант з’яўляецца калумністам газеты “Народная воля”.

1

Ніколі не пралічваў. Увогуле, я ніколі не падзяляў журналістаў на “чэсных” і “нячэсных”. Мабыць, таму, што належу да пакалення, якое фарміравалася пад уплывам палітычнай адлігі канца 50-х — пачатку 60-х гадоў, калі сумленнасць з’яўлялася ледзь не самай вызначальнай якасцю не толькі пры выбары прафесіі, але і пры вызначэнні ўласнай грамадзянскай і жыццёвай пазіцыі. Зразумела, гэта адбывалася і ў савецкай журналістыцы з усім наборам тагачасных уяўленняў аб праўдзівым адлюстраванні жыцця.

У сувязі з гэтым успамінаюцца першыя крокі ў прафесію і першыя ўрокі ў “Чырвонай змене”, калі яе супрацоўніца і выдатная жанчына Алена Уладзімірава даручыла мне, студэнту 3 курса гістфака БДУ, падрыхтаваць разварот аб жыцці савецкага юнака і юнака з Амерыкі. Савецкага юнака я знайшоў на заводзе Кастрычніцкай рэвалюцыі, амерыканскага, зразумела, прыдумаў, як і яго няшчаснае жыццё. У рэдакцыі мой матэрыял адзначылі вельмі добрымі словамі і прапановай працаваць у штаце. Можа, так бы яно і здарылася, калі б ад людзей, якіх паважаў і якія не мелі ніякіх адносін да журналістыкі, не пачуў нечаканы, вельмі выразны і, дзякуй Богу, карысны папрок: “Не ведаеш — не пішы”. Іншымі словамі, не хлусі…

Менавіта таму, што гэты маральны прынцып неяк зацвердзіўся ў свядомасці, я праз некалькі гадоў, маючы ўжо пэўны жыццёвы вопыт, канчаткова вызначыўся з выбарам прафесіі. Насуперак даволі цынічным уяўленням, я перакананы, што журналістыка — высокамаральная прафесія. Калі гэта сапраўды журналістыка, а не прапаганда. Таму падзел журналістаў на “чэсных” і “нячэсных”, калі выкінуць двукоссі, падаецца мне штучным, справакаваным уладай. І, безумоўна, не пралягае паміж працай у дзяржаўнай і незалежнай прэсе.

2

Большую частку жыцця я працаваў уласным карэспандэнтам спачатку цэнтральнай, а потым расійскай газеты і меў адносную незалежнасць ад мясцовых улад. Таму, адказваючы на другое пытанне, не магу быць суддзёй тым, хто пад націскам жыццёвых абставін ішоў насуперак уласнаму сумленню, прадаючы свой талент так званай “чэснай” журналістыцы. Што тычыцца мяне, то, дзякуй Богу, не давялося. Хаця нейкай роспачы і сумневу не пазбег. Аднак тычыліся яны хутчэй момантаў расчаравання колішнім выбарам прафесіі, нават пошукам даволі кардынальных змен у жыцці — вяртання да настаўніцкай ці навуковай працы. Але гэта было даўно і да ўзгаданага выбару дачынення не мела.

Адказваючы на гэтае пытанне, можна сказаць пра іншы выбар — паміж Саюзам журналістаў і БАЖам. Ад пачатку стварэння БАЖа я ніколі не шкадаваў аб сяброўстве ў нашай асацыяцыі, бо людзі тут спалучаюцца не толькі на палітычнай, але і на маральнай аснове.

3

Блізкія людзі таму і завуцца блізкімі, што ўсё, што адбываецца з намі, яны ўспрымаюць нават з большай вастрынёй, чым мы самі.

У свой час вельмі крытычна да маіх поглядаў і, зразумела, журналісцкай творчасці, паставіліся бацькі. На такое стаўленне паўплывала не толькі нязгода з маімі поглядамі, але і хваляванне за мой лёс, заснаванае на іх уласным вопыце жыцця, асабліва ў сталінскі час. Дастаткова нагадаць, што ў 37-м годзе быў расстраляны старэйшы брат майго бацькі, таксама журналіст і пісьменнік, які працаваў галоўным рэдактарам часопіса “Большевик Татарии”, калі сакратаром абкама быў бацька вядомага пісьменніка Васіля Аксёнава. Іх разам і расстралялі.

А ўвогуле сям’я, перш-наперш жонка і дзеці, ніколі не аспрэчвала мой выбар, тым больш не перашкаджала яму. Нават калі нядаўна прыйшлося пайсці на даволі прынцыповы канфлікт з кіраўніцтвам маскоўскага “Труда” і пакінуць працу галоўнага рэдактара беларускага выпуску гэтай газеты.

Зараз я адчуваю нейкую жончыну занепакоенасць маім супрацоўніцтвам з “Народнай воляй”. Дакладней, не самім супрацоўніцтвам, а яго магчымымі наступствамі — нейкай помстай з боку ўлад ці іх прыхільнікаў. Але яна разумее, што іншага выбару ў мяне не было…

4

Нарадзіўся я 6 кастрычніка 1941 года ў Казані, куды маці з найвялікшымі цяжкасцямі дабралася з Мінска. Вярнуліся ў Мінск у жніўні 1944 года, пасля вызвалення ад акупацыі. З таго часу і ўзнікаюць першыя ўспаміны. Так ці інакш яны звязаны з вайной — ад апошняй бамбёжкі Мінска да дваровых гульняў з выкарыстаннем, дарэчы, не заўсёды ўмоўным, кінутай зброі.

Першым маім жаданнем у жыцці было стаць рамізнікам, потым кіроўцам. Таму былі свае падставы, распавядаць пра іх можна доўга і ў іншым жанры. Скажу толькі, што з’яўленню гэтых жаданняў садзейнічалі людзі, да якіх я праяўляў вялікую цікаўнасць. Чаго не хацеў, дык гэта стаць музыкам. Насуперак жаданню бацькоў, якія аддалі мяне ў музычную школу.

5

Мне не проста дакладна адказаць на пытанне, чаму я выбраў менавіта журналістыку. Перш-наперш, мусіць, таму, што журналістамі былі бацькі і сямейнае жыццё будавалася вакол іх працы. А канчаткова жаданне стаць журналістам прыйшло да мяне, калі я працаваў настаўнікам у сельскай школе і на свае вочы бачыў, як уплываюць мае нататкі на так званае “принятие мер”. Мне здавалася, што з дапамогай пяра я магу ўдзельнічаць у паляпшэнні жыцця. Трохі наіўнае і рамантычнае ўяўленне, але ж і зараз без яго ў журналістыку лепш не лезці.

6

Я ўжо казаў, што пачынаў свой шлях у журналістыку з супрацоўніцтва з “Чырвонай зменай”. Пасля настаўніцкай працы пайшоў туды ж літсупрацоўнікам, але па розных прычынах не надоўга. Потым працаваў у “Сельской газете”, многаму там навучыўся. Аднак найвялікшую школу прайшоў у “Знамени юности” 60—70-х гадоў. Потым былі праца ўласным карэспандэнтам і рэдактарства ў “Труде”.

7

Зараз я на пенсіі, але працягваю займацца журналістыкай — вяду аўтарскую калонку “Камертон”  у “Нашай Ніве”.