Вайцюшкевіч Зміцер

%d0%92%d0%90%d0%99%d0%a6%d0%ae%d0%a8%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7

З кнігі "Мазаіка жыцця"

Сустракацца з гэтым чалавекам заўсёды прыемна. Перш за ўсё таму, што Зміцер Вайцюшкевіч сёння адзін з нямногіх прадстаўнікоў беларускай эстрады, які без адміністрацыйнага рэсурсу можа сабраць людзей на дадатковы канцэрт па той прычыне, што на асноўным не ўсім хапіла месцаў.

На жаль, гэта не перашкодзіла ўключыць спевака ў так званыя «чорныя спісы». Напэўна, чыноўнікі ад культуры не разумеюць, што забараніць любоў прыхільнікаў творчасці яны не могуць, хоць і дарваліся да «размеркавальнай кармушкі»…

Крышталь дзяцінства

Месца, дзе нарадзіўся Зміцер Вайцюшкевіч, ведае амаль кожны беларус. Маленькую Бярозаўку Лідскага раёна Гродзенскай вобласці нефармальна называлі «крышталёвай сталіцай Беларусі» задоўга да таго, як там утварылі ААТ «Нёман».

Яшчэ ў 1883 годзе на беразе самай прыгожай беларускай ракі Юліус Столе і Вільгельм Краеўскі наладзілі вытворчасць шкла, якое потым стане адной з «візітовак» сучаснай Беларусі.

Ніхто тады нават уявіць не мог, што некалі слова «Нёман» нахабна перавернуць у памылковае «Неман» і непісьменнасцю нават пачнуць ганарыцца.

Нарадзіўся Зміцер 20 ліпеня 1971 года. Калі б мясцовыя акушэркі ведалі, што з часам першы крык гэтага немаўляці ператворыцца ў надзвычай прыгожы спеў, яны АСАБЛІВА б ганарыліся сваёй працай.

Бацька зваўся Іванам Аляксандравічам, але часцей яго клікалі Янакам, бо ў тых мясцінах гэта гучыць больш звыкла.

Імя маці – Лідзія Імпалітаўна. У пашпарце памылкова напісана «Іпалітаўна». Як тлумачыць памылку сам Зміцер Вайцюшкевіч – бальшавікі банальна не ведалі пра існаванне мужчынскага імя Імполь, таму пад час перапісу і перайначылі яго на Іпаліта.

Бацькі былі «простымі людзьмі», што ў разуменні большасці азначае не прыналежнасць да начальнікаў.

На жаль, нікога з іх на гэтым свеце ўжо няма. Тата Зміцера загінуў вельмі рана, а ў 2009 годзе пайшла з жыцця і маці спевака.

Палову роднай вуліцы спевака займаюць вяскоўцы з аднолькавым прозвішчам Вайцюшкевіч, а на другой жывуць Брылі. Што па сутнасці адно і тое ж, бо за многія стагоддзі ўсе яны «перажаніліся» паміж сабой.

Значную частку «дынастыі» Вайцюшкевічаў складаюць шкляры. Аднаго з яго дзядоў у міжваенны час уладальнік прызначыў дырэктарам завода. На той час даволі вялікая пасада. Было гэта ў 1939-м.

Зміцер з дзяцінства памятае здымак дзеда на фоне егіпецкіх пірамід.

Другая частка радні – будаўнікі. Адзін нават «дайшоў» зусім блізка да прэм’ер-міністра. У 1994 годзе сярод намеснікаў Вячаслава Кебіча быў Станіслаў Васільевіч Брыль. Гэта дзядзька Зміцера Вайцюшкевіча.

У Бярозаўцы — дзве школы. Адна спецыялізуецца на нямецкай мове, другая вызначаецца паглыбленым вывучэннем англійскай. Менавіта ў ёй Зміцер і вучыўся, і ўдзячны настаўнікам за магчымасць размаўляць па-англійску даволі свабодна.

Яго «басаногае дзяцінства» прайшло, як і ва ўсіх аднагодкаў – лес, грыбы, Нёман, гульні ў «партызаны». Сям’я трымала свайго кабанчыка (шынка, сала, паляндвіца), таму ніколі не ведала галечы, што і адрознівае Заходнюю частку Беларусі ад той самай недалёкай Расіі.

Словам, Зміцер Вайцюшкевіч быў адным з мясцовых «маўглі». Большасць яго тагачаснай кампаніі потым адсядзела ў турме, а ён не трапіў за краты перш за ўсё таму, што пачаў займацца музыкай. І яшчэ дзякуючы даволі цеснай апецы бабулі, цёткі і маці.

А апекаваць было ад чаго, бо і гарэлку пілі ў той кампаніі, і курылі.

«Алкагольны дэбют» Зміцера адбыўся ў сем гадоў.

Напэўна, шмат хто ведае пра беларускую традыцыю ставіць «вясельную браму», то бок перагароджваць маладым дарогу. Звычайна гэта каштуе некалькі бутэлек гарэлкі, але бывае і больш шчодрае вяселле.

Шматлікай «бандзе» сямігадовага Зміцера (да якой далучыліся і дарослыя колішнія «зэкі») аднойчы выставілі ажно два вядры самагонкі. Тады і пакаштаваў ён першы кілішак.

Якраз у той момант да бабулі прыехала з Бельгіі (для Заходняй Беларусі раскіданыя па ўсім свеце з-за вайны сваякі – звычайная справа) родная сястра з мужам, бельгійскім паштальёнам, якога мясцовыя адразу ахрысцілі «Рэне Карлавічам».

Калі п’яны хлапчук прыйшоў дамоў і лёг спаць, яны гэтага не бачылі, але калі потым ён выбег з хаты і каля плота зрабіў тое, што звычайна называюць «арыяй Рыгалета», проста былі ў шоку.

Пра той сорам Зміцер Вайцюшкевіч памятае па гэты дзень.

Каб хтосьці не зрабіў тут нейкіх высноў, адразу падкрэслю, што гэты выпадак – выключэнне, а прыярытэты былі іншымі.

Хлопчык хадзіў у розныя гурткі і секцыю вольнай барацьбы, нават быў чэмпіёнам Лідскага раёна ў вазе да 35 кілаграмаў. Аднак музыка перамагла, хоць барцоўская ўчэпістасць і сёння дапамагае па жыцці.

У музычную школу ён не трапіў (з прычыны безграшоўя), таму абмежаваўся школьным духавым аркестрам.

На гэты ж час прыпадае і першае каханне, якое гучна-пафасна звалі «Эдзіта Федарэнка». Потым Зміцер даведаўся, што яна скончыла ўніверсітэт імя Патрыса Лумумбы, выйшла замуж, нарадзіла двух дзяцей і жыве цяпер у Маскве.

Са школы не бачыліся ніводнага разу.

Музычны вектар

Пасля васьмі класаў Зміцер Вайцюшкевіч паступіў у Лідскае музвучылішча, дзе конкурс у тыя часы быў не вельмі вялікім. Спецыялізавацца выпала на кларнеце. Было гэта ў 1986 годзе, амаль адразу пасля Чарнобыля, пра які тады людзі ведалі надзвычай мала.

Адмысловай адукацыі ў выглядзе музычнай школы ў яго не мелася. Толькі добры слых, што для любога музыкі галоўны кампанент.

Да таго ж знаёмыя крыху падвымуштравалі гранню на «артапедычным» кларнеце. «Артапедычнымі» Зміцер Вайцюшкевіч называе ўсе «савецкія» інструменты, якія ён прынцыпова лічыць антычалавечымі.

Рыхтавалі да паступлення ў Пецярбургскую (на той час яна была Ленінградскай) кансерваторыю. Чаму менавіта туды? Тлумачыцца ўсё даволі проста. Там працягваў вучобу выхаванец аднаго з выкладчыкаў, які потым прайшоў праз аркестр імя Мусаргскага і апынуўся ў Валерыя Гергіева.

Вайцюшкевічу абралі менавіта гэтую сцяжынку, аднак, калі ў 1990 годзе ён прыехаў у горад Пятра, лёс склаўся так, што там ужо ну без аніякіх шанцаў. Праслухаўшы хлопца з далёкай Бярозаўкі, ленінградскія настаўнікі параілі павучыцца крыху ў Петразаводску. Маўляў, за год адбудзецца перавод у «другую сталіцу».

Зміцера такая перспектыва не задаволіла, і ён адразу паехаў паступаць у Мінск. Хутка высветлілася, што тут ужо ведаюць пра «ленінградскую спробу» і надта пакрыўдзіліся на адсутнасць належнага патрыятызму. З гэтай прычыны і з мінскай кансерваторыяй атрымаўся «пралёт»: той «настаўнік па кларнеце» таксама не ўзяў да сябе Вайцюшкевіча.

Прыйшлося пайсці ў інстытут культуры, дзе выкладаў вучань лідскага «куратара» Зміцера.

Хто памятае, то дробнай камерцыяй тады займаліся амаль усе. Асартымент складаўся пераважна з прадукцыі прадпрыемстваў, дзе працавалі самі гандляры.

У студэнта Вайцюшкевіча, зразумела, такой магчымасці не было. Таму ён «спецыялізаваўся» на хрусталі, які дадому прыносіла маці. Іншых варыянтаў больш-менш нармальна жыць проста не існавала.

Спачатку вазіў крышталь у Беласток, а потым – у Варшаву. Гандляваў неўзабаве знакаміты музыка на прыступках Палаца культуры і навукі, які месціцца бліз чыгуначнага вакзала «Варшава Цэнтральная».

Сёння нават цяжка паверыць, што ў пачатку «ліхіх дзевяностых» там быў адзін з вядомых рынкаў Варшавы…

Як і трэба чакаць, у польскай сталіцы Зміцер Вайцюшкевіч займаўся не толькі камерцыяй. На першае месца выйшлі музычныя арыенціры. Ён нават трапіў на праслухоўванне да аднаго з прафесараў Варшаўскай музычнай акадэміі. Той пагадзіўся ўзяць да сябе і накіраваў у канцылярыю. Там Зміцер і даведаўся, што за год вучобы трэба заплаціць суму, эквівалентную 1650 далярам.

Для 1991 года гэта не проста шалёныя, а ВЕЛЬМІ шалёныя грошы… Можна нават сказаць – касмічныя…

Словам, варшаўскім кларнетыстам Вайцюшкевіч не стаў.

Дарэчы, менавіта ў гэты перыяд ён ледзь не зрабіўся «крымінальнікам». Жарт, канешне, але самому Зміцеру было не да жартаў. У тыя гады мінскі Камароўскі рынак нагадваў ждановіцкае «Поле цудаў». Малады музыка некалькі разоў прадаваў там «бярозаўскі крышталь». Аднойчы падышлі маладыя хлопцы і пачалі цікавіцца таварам. Ён назваў кошты і паабяцаў зрабіць зніжку, калі будзе опт. Тыя пагадзіліся, але замест грошай выцягнулі з кішэняў міліцэйскія пасведчанні.

Абысціся пашанцавала штрафам, але з гэтага моманту ў Зміцеры Вайцюшкевічу назаўжды «памёр бізнесмен»…

Цяжка сёння паверыць і ў яшчэ адзін момант з яго біяграфіі.

Студэнтам, каб зарабіць грошай, ён час ад часу граў у пераходах да метро «Плошча Перамогі» альбо каля Галоўпаштамта (вельмі рэдка), а калі туды прыходзілі жабракі, прынцыпова сыходзіў. Хацеў зарабіць грошай «прыгожа», нават марыў стварыць своеасаблівы беларускі Манмартр.

Аднойчы пад Новы год граў на кларнеце, апрануты ў Дзеда Мароза, раздаваў дзецям цукеркі і чырванеў, калі ўдзячныя бацькі за гэта «выказвалі матэрыяльную падзяку»…

У 1992 годзе Зміцер Вайцюшкевіч вырашыў дэбютаваць для «вялікай аўдыторыі», то бок прыняць удзел у конкурсе спевакоў, які ладзіла Беларускае тэлебачанне.

У студэнта з Конга ён пазычыў зялёны двухбортны пінжак з моднымі залатымі гузікамі, навязаў шыйную хусцінку і выканаў песню з рэпертуару «Сяброў» «Белая, белая, русая, русая» (словы — Лягчылава, музыка — Лучанка). Але ўсё абмежавалася толькі першым турам, бо ў другі банальна «не пусцілі».

Там былі пераважна заслужаныя і народныя, а тут – нікому невядомы хударлявы хлопец… і вельмі наіўны…

Новы паварот

Ён адбыўся на прыступках Інстытута культуры, калі да Зміцера Вайцюшкевіча падышоў бубнач ансамбля «Палац» Уладзіслаў Шварцкопф (некаторыя, згадваючы фільм «Шчыт і меч», называюць яго – Генры Шварцкопф) і прапанаваў паспрабаваць стаць салістам групы «Палац». Той пагадзіўся і паспяхова «праслухаўся». Калектыў зацвердзіў яго аднагалосна.

«Палац» тады працаваў у двух напрамках – народныя песні і рэтра накшталт песняў Леаніда Уцёсава і Эдзі Рознэра. Апошняе і мусіў спяваць Зміцер Вайцюшкевіч.

У 1993 годзе «Палац» трапіў на чарговы адбор «Славянскага базару», дзе самым галоўным у журы быў Уладзімір Мулявін. Легендарны «Пясняр» сказаў: ніякіх конкурсаў, гэтыя хлопцы будуць выступаць на галоўнай сцэне як прадстаўнікі Беларусі.

Дарэчы, менавіта там Зміцер Вайцюшкевіч пазнаёміўся са сваёй першай жонкай Веранікай Кругловай, якая потым стане амаль першай рок-князёўнай Беларусі.

Адбылася ў тым годзе і яшчэ адна знакавая для яго лёсу сустрэча.

У 1993-м у Беларусь прыехала дачка Ілонкі Сурвілы Паўліна, каб сабраць для сваёй амерыканскай доктарскай дысертацыі «фактуру» па беларускім фальклоры. Яна і прапанавала «паездзіць па Беларусі».

Тое, што тады Вайцюшкевіч убачыў на свае вочы і пачуў на свае вушы, цалкам змяніла яго светапогляд і адносіны да беларускай песні. І сёння нават цяжка ўявіць, што некалі ён спяваў на мове «ўсходніх братоў».

Да 1997 года Зміцер Вайцюшкевіч уваходзіў у залаты склад «Палаца», таму, калі ён разам з Веранікай Кругловай і Юрыем Выдронкам заснавалі «Крыві», шмат хто гэтага не зразумеў.

Пакіну ўсе акалічнасці тых падзей музыказнаўцам, адзначу толькі, што самы зацікаўлены ў справах «Палаца» чалавек і яго нязменны кіраўнік Алег Хаменка ставіцца да адыходу Зміцера Вайцюшкевіча вельмі спакойна, што для шоу-бізнесу, мякка кажучы, не характэрна…

Па гэтай жа прычыне не стану акцэнтаваць увагу і на далейшых «прыгодах» «Крыві». Спецыялісты тут расставяць кропкі лепш.

У 2001 годзе пачалася сольная кар’ера Зміцера Вайцюшкевіча, прадвеснікам якой стала праца над альбомам «Цацачная крама» на вершы Леаніда Дранько-Майсюка.

Менавіта з гэтага моманту дэбютаваў і Вайцюшкевіч-рэжысёр. У тым сэнсе, што адгэтуль мастацкае аздабленне ўсіх сваіх музычных праектаў ён прыдумляе сам.

Цікава, што чатыры ці пяць «сольнікаў» запісаў на абсталяванні «Палаца», купленым вядомай тады ўсім фірмай «Дайнова».

Праз некалькі гадоў Зміцер Вайцюшкевіч зразумеў, што ў фальклоры яму цеснавата, бо ў той час толькі лянівы не абраў менавіта гэты музычны кірунак. Мабыць, многія артысты разумелі, што там «лёгкі хлеб», які вельмі запатрабаваны за мяжой.

Быць «як усе» Вайцюшкевічу не хацелася, і ён вырашыў паспрабаваць сябе ў «спяванай паэзіі» — паўтарыць тое, што некалі рабілі «Песняры» ў музычных праграмах на вершы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы. То бок, прайсці іх дарогай, але зрабіць па-свойму.

Зміцер абраў Маякоўскага і прысвяціў гэтаму ўвесь 2003 год. І зрабіў акцэнт не на яго рэвалюцыйнасці, якая добра вядома ўсім яшчэ са школы, а на тым, што спецыялісты называюць футурызмам.

За расійскім паэтам «пакрочылі» беларускія. Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Генадзь Бураўкін…

І зусім не таму, што яму не падабаліся тыя ж Янка Купала альбо Якуб Колас, напрыклад. Гэта бяспройгрышны варыянт, але ён настолькі часта эксплуатаваўся калегамі, што Зміцер вырашыў абраць іншае. Балазе, беларуская зямля заўсёды багатая на добрых паэтаў.

Паралельна пачалася сумесная праца з Алесем Камоцкім над праектамі «Святы вечар», «Я нарадзіўся тут» і «Скрыпка дрыгвы». Апошні альбом быў ужо запісаны, але потым шлях яго спыніўся – кожны ўзяў для сябе сваю частку.

7 мая 2001 года Зміцер Вайцюшкевіч заявіў аб утварэнні асабістай каманды «Усход-захад аркестр» (WZ-Orkiestra).

Распаўсюджаныя пытанні

Усе, хто цікавіцца творчасцю і жыццём Вайцюшкевіча, задаюць іх часцей за ўсё, таму я і вырашыў з дапамогай самога Зміцера, як кажуць, расставіць усе кропкі над «і».

Колькі на гэты момант запісана альбомаў?

— Усіх – каля сарака. Асабістых – васямнаццаць. Сумесных – чатыры. З «Палацам» – пяць, столькі ж з «Крыві». Плюс шмат зборак. Плюс альбом “Personal Depeche”, створаны ў 2002 годзе. Гэта беларускі трыб’ют знакамітага гурту “Depeche Mode”, дзе я выконваў эратычную “I Want You Now”.

Ідэя належала фанатам “Depeche Mode”. Такім чынам яны хацелі паказаць, што прыхільнікі гурту ёсць і ў Беларусі.

Чаму «Тодар»?

– У «Палацы» мянушкі былі ва ўсіх. Мяне звалі «Фёдар Іванавіч», часцей проста – «Фёдар». У «Крыві» трэба было пастаянна праяўляць цвёрдасць характару, таму адбылася трансфармацыя ў «Тодар». Менавіта такія асацыяцыі слова і выклікае.

Калі мы пачалі ездзіць за мяжу, «новае імя» вельмі спатрэбілася. Іншаземцам было вельмі цяжка вымаўляць «Зміцер Вайцюшкевіч», для некаторых – амаль катастрофа. «Тодар» – значна прасцей.

Да таго ж… Так прасцей (смяецца) заблытаць цёшчу…

Нядаўна яшчэ з’явіўся «Хведар Шчавель»?

– Гэта звязана з напісаннем альбома беларускага шансону.

Калі не памыляюся, сцэнічны псеўданім «Мэрлін Мэйсан» складзены з імён двух вельмі жахлівых злачынцаў. У дадзеным выпадку я вырашыў пайсці гэтай жа дарогай.

Памятаеце «злодзея ў законе» з мянушкай «Шчаўлік»?..

Творчасць Вайцюшкевіча асацыюецца з нечым рамантычным, узнёслым, прыгожым, а тут – шансон…

– Як у тым анекдоце – не трэба блытаць шансон з «блатняком».

Калі мы разам са знакамітым паэтам Генадзем Бураўкіным працавалі над гэтым альбомам, першапачаткова не хацелі «крыміналізаваць» вобраз героя песняў і іх тэму. Для нас галоўнае – чалавек, які апынуўся ў цяжкіх жыццёвых умовах. На пэўным этапе яны здараюцца амаль у кожнага з нас. І кожны іх перажывае па-свойму.

Скажам так, альбом – мост паміж афіцыйным светам і неафіцыйным.

WZ-Orkiestra таксама мост?

– Безумоўна. Нават назва такая – «Усход-захад аркестр». Ніхто ў Беларусі сёння гэтым не займаецца. Натуральна, нейкія кантакты ў музыкаў ёсць, але тут нешта большае, чым выкананне асобных песняў. Праз іх мы імкнёмся зразумець сапраўдную сутнасць нацыі, стварыць яе музычны кантэкст на фоне аб’яднання Усходу і Захаду.

Не палічыце пафасам, аднак у нейкім сэнсе мы сапраўды будуем масты паміж людзьмі. І выконваем па-беларуску японскія, шведскія, польскія песні. А праз вершы Уладзіміра Маякоўскага пабудавалі беларуска-расейскі мост. Зараз ідзе аналагічная праца адносна вядомага чэшскага барда Яраміра Нагавіца.

А чаму “Вайцюшкі”?

– У жыцці кожнага з нас надыходзіць момант, калі чалавек разумее: трэба мець нешта сваё. У 2006 годзе я адчуў – асабіста ў мяне нічога такога няма. Таму і паставіў перад сабой адпаведную задачу на бліжэйшы час.

«Наверсе» заўсёды чуюць нашы просьбы і часта даюць чалавеку шанец. Выпаў ён і мне.

За 900 даляраў набыў старую хату. Хутар на беразе Нёмана, дзе мой бацька калісьці «адпачываў» і заляцаўся да пляменніцы гаспадара гэтага дома.

За сем гадоў існавання «лецішча» мы зрабілі там рамонт і нават крыху заняліся агратурызмам.

Больш за тое, забарона на канцэрты дала магчымасць больш глыбока разабрацца ў тым, што нас акружае. Цяпер я ведаю, калі і якая птушка спявае, навошта і дзе растуць розныя травы.

Па сутнасці, я вярнуўся на родную зямлю. Толькі ў іншай якасці.

А такую «амбіцыйную» назву прыдумала мая жонка Галіна.

Не палічыце нахабствам, што карыстаюся выпадкам і прашу дапамагчы «разабрацца» з Вашымі жонкамі?

– Усё нармальна.

Першай была Вераніка Круглова, потым – Алена Мелех, цяпер – Галіна Казіміроўская. Вельмі спадзяюся, трэцяя жонка стане апошняй. Яна для мяне нарадзіла дачку Стэфанію і сына Язэпа.

Вайцюшкевіч не раз публічна падтрымліваў паэта Някляева, які заняўся палітыкай. Чаму? Можа ёсць жаданне самому стаць палітыкам?

– Няма абсалютна.

А Уладзіміра Пракопавіча падтрымліваю не толькі таму, што ён аўтар цудоўных вершаў і я лічу яго адным з лепшых паэтаў сучаснасці. Проста ад яго тады шмат хто адмовіўся. У тым ліку і тыя, хто на працягу дзесяцігоддзяў «біў сябе пяткай у грудзі», даказваючы асабістую адданасць.

Так рабіць нельга. Непрыстойна.

Я нікога з іх не асуджаю, бо ў нашым жыцці бывае рознае, але сам так ніколі не раблю.

26.08.2014

%d0%92%d0%90%d0%99%d0%a6%d0%ae%d0%a8%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-1 %d0%92%d0%90%d0%99%d0%a6%d0%ae%d0%a8%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-2 %d0%92%d0%90%d0%99%d0%a6%d0%ae%d0%a8%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-3

img_0001 %d0%92%d0%90%d0%99%d0%a6%d0%ae%d0%a8%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-4 %d0%92%d0%90%d0%99%d0%a6%d0%ae%d0%a8%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-5 %d0%92%d0%90%d0%99%d0%a6%d0%ae%d0%a8%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-6 %d0%92%d0%90%d0%99%d0%a6%d0%ae%d0%a8%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-7 %d0%92%d0%90%d0%99%d0%a6%d0%ae%d0%a8%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-8