Валадашчук Віктар

%d0%92%d0%9e%d0%9b%d0%9e%d0%94%d0%9e%d0%a9%d0%a3%d0%9a

 

 

  • З кнігі “Інтэрв’ю, якіх не было”

 

                                          Я сам расскажу

                                          О времени и о себе.

                                                В. Маяковский

       

 

 

  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

 

 

Першыя крокі працы газетчыка зрабіў ў 1979 годзе ў слонімскай мясцовай дзяржаўнай газеце. З рэдакцыйным пасведчанем якой пралётаў па раёну 15 гадоў. З 1994 па 1997 працаваў рэпарцёрам ў незалежнай газеце “Свабода”.

З 1997 года па сёняшні дзень з’ўляецца выдаўцом і рэдактарам “Газеты Слонімскай” і “Отдушина”.

 

 

 

1

Выбар — гэта дзіўная ў жыцці рэч. Але прафесію рэпарцёра мне выбіраць не прыйшлося. Яна сама мяне выбрала, калі магчыма так сказаць. І здарылася гэта даволі выпадкова. Пасля службы ў войску я шукаў працу. Неяк сустрэўся са сваім былым кіраўніком фотагуртка, які на той час працаваў адказным сакратаром у слонімскай раёнцы з гучнай назвай “За перамогу камунізму”. На той момант у рэдакцыі мелася вакансія фотакарэспандэнта. Праз пэўны час ужо гойсаў з “Зенітам” і блакнотам па раёне, здымаў перадавікоў калгасных ферм і палеткаў.

Канец 70-х — пачатак 80-х мінулага стагоддзя быў часам Брэжнева і застою. Савецкая журналістыка служыла люстэркам палітыкі камуністычнай партыі СССР, а газета — яе органам, які быў абавязаны выступаць прапагандыстам і арганізатарам усіх бальшавісцкіх задум. Тым не менш на маім шляху трапляліся цудоўныя настаўнікі, якія з прафесійнай адказнасцю ставіліся да рэпарцёрскага рамяства, да кожнага напісанага слова. Менш за ўсё яны любілі сябе ў газеце, яны проста любілі газету…

Ішоў час, іншай стала наша краіна, мянялася грамадства, а разам з ім і журналістыка. І кожны рабіў свой выбар: тыя, каму абрыдла абслугоўваць уладу, падаліся да вольнага слава, а тыя, каму было ўсё роўна, так і засталіся ў ланцугах савецкай наменклатуры. Кожнаму сваё…

2

Шчыра кажучы, мне не падабаецца падзел на “чэсных” і “нячэсных”. Хаця, каму належаць падобныя метафары, вядома. Аднак гэта не значыць, што так павінна быць. Хачу сказаць, што сёння і ў дзяржаўнай прэсе працуе шмат журналістаў, якія маюць сваю прынцыповую пазіцыю наконт свабоды і вольнасці думкі. Яны не пішуць заказныя тэксты начальства, абліваючы брудам апазіцыю, з надзеяй атрымаць заўтра добрую пасаду і новую кватэру. Яны знаходзяць выдатныя тэмы з жыцця, таленавіта распавядаюць.

А што, цяпер у Беларусі журналіст мае вялікі выбар месца працы? Ды ўвогуле, падонкаў хапае сярод нашага брата журналіста і нават там, дзе слова, як пташка, свабодна лётае.

А па вялікім рахунку, у тым асяродку, дзе няма свабоды слова, няма і журналістыкі.

3

Жонка побач, дапамагае рабіць газету. Яна мая дарадчыца, падтрымка і надзея. Поспехі дзяцей радуюць, няўдачы засмучаюць.

4

Нарадзіўся ў Слоніме, 11 чэрвеня 1958 года. Што асаблівага можа памятаць дзіця? Хіба цеплыню дзедавай рукі, чароўны яблычны пах папінаўкі і жаданне пастаянна знаходзіцца ў асяродку добрых людзей…

5

А хто яго ведае? Так атрымалася.

6

У траўні 1979 года выйшаў у цэнтр Слоніма падыхаць вясновым паветрам, сустрэў Сяргея Аляксандравіча Прасняка, тагачаснага адказнага сакратара мясцовай раёнкі і па сённяшні дзень трымаю той шлях газетчыка: 15 гадоў у раёнцы, 3,5 года ў газеце “Свабода” і 11 гадоў — у “ГС”.

7

Раблю “Газету Слонімскую” і газету “Отдушина” ў якасці выдаўца і галоўнага рэдактара.