Вераціла Сяргей

%d0%92%d0%95%d0%a0%d0%90%d0%a6%d0%86%d0%9b%d0%90

З кнігі “Мазаіка жыцця”

 

 Напэўна, гэта самы неадзначаны персанаж літаратурнага бамонду Беларусі, якога шмат хто не прымае. На мой погляд, усё  адбываецца зусім  не  таму, што яго даволі рэдка бачаць цвярозым. Па-першае, Сяргей Вераціла ніколі імкнецца не казацца лепш, чым ён ёсць на самой справе. Па-другое, ён  заўсёды гаворыць тое, што думае, а гэта падабаецца не многім.

 

Бацькоўскі парог

 

“Пачну з дзеда па лініі маці.

Іван Лук’янавіч быў вельмі неардынарным чалавекам.  Пад час Першай Сусветнай вайны за тое, што  абараніў сваю роту ад першай газавай атакі немцаў, здагадаўшыся схавацца ў сена, яго хацелі ўзнагародзіць і прапанавалі на выбар – альбо  георгіеўскі крыж, альбо  яфрэйтара.  За “георгія”  пасля вайны  плацілі добрую пенсію, а за чын 99 капеек у месяц, плюс штодня белая булка. Дзед слушна рассудзіў, што да канцы вайны трэба яшчэ дажыць і абраў “тут і цяпер”, то бок нашыўку на пагоны.

Дарэчы, ён служыў у спецназе, у так званых сібірскіх палках.

Потым дзед рабіў рэвалюцыі. Адну ў лютым, другую у кастрычніку. Прымаў удзел у грамадзянскай вайне і ваяваў з англічанамі ў Мурманску. Затым бунтаваў у Кранштаце і быў сярод тых, хто не паверыў Леніну. Сышоў у Фінляндыю, што  і захавала жыццё. Усіх, хто даверыўся бальшавікам, традыцыйна падманулі і расстралялі.

Праз некалі месяцаў ён пешку вярнуўся на радзіму. Ішоў па чыгунцы, праз Латвію. І ўспамінаў, што столькі ваўкоў ніколі не бачыў.  На жывых яны не нападалі, хапала трупаў. Аднойчы ён прачнуўся ад таго, што нехта пачынаў грызці пальцы на нагах. Ваўка дзед  ткнуў нажом, адбегся і потым двое сутак не спаў. Пакуль не дайшоў да Воршы, а там ужо было не далёка да роднага Сенненскага раёна.

А бацька мой з  родам з Гарадзеншчыны, з вёскі Карпаўцы Ваўкавыскага раёна. Бацька 1925 года нараджэння. А маці 1929 гола нараджэння, яна з Сенненскага раёна. Іх імёны — Аляксандр  Аляксандравіч і Ганна Іванаўна.

Маці,  слава Богу, жывая пагэтуль. Бацькі ўжо няма.

Маці пасля вайны скончыла  Педагагічны тэхнікум, і як многіх усходнікаў “перакінулі” на Захад. Каб вучыць дзетак размаўляць па-руску.  Такім чынам умацоўвалася Савецкая ўлада.

А бацька да вайны паступіў у Беластоцкі чыгуначны тэхнікум, што было марай многіх беларусаў. За польскай уладай чыгунка была “закрытай” для праваслаўных беларусаў.

Вайна застала бацьку менавіта там і ён пачаў “адступаць” разам з савецкім войскам. Афіцыйная прапаганда тых часоў падрыхтавала людзей да таго, што нямецкую навалу хутка спыняць і таму бацька нёс з сабой  нават падручнікі, бо кніжкі для нас —  святое. Іх паліць – апошняя справа.

Так ён дайшоў да Мінску і тут зразумеў,  што ніхто нікога не спыніць яшчэ доўга. Вырашыў вярнуцца на сваю “малую Радзіму”, аднак вельмі хутка напароўся на танкі з чырвонымі сцягамі. Прыглядзеўся, а на іх белыя колы з чорнымі  свастыкамі.

Тады ён закапаў (савецкія падручнікі маглі быць небяспечнымі) кнігі,  і пайшоў у адваротны бок.

Так дабраўся аж да Масквы. Там усіх чыгуначнікаў сабралі разам і накіравалі ў Калугу.

У якасці ежы ім давалі ўсяго усяго па 150 грам кукурузнай мукі. І больш нічога – ні солі, ні соды… Што хочаш, то і з яе ляпі… Нават блін не атрымаецца…

Галодныя хлопцы (сярод якіх было шмат заходніх беларусаў) прасілі міласціну, але мясцовыя нічога на давалі. Казалі – палякі. Бацьку вельмі крыўдаваў. Маўляў, які ён паляк,  праваслаўны значыць аўтаматычна рускі. Аднак па-руску ён гаварыць  не ўмеў, толькі мог вельмі добра чытаць (у тым ліку па царкоўна-славянску).  Размоўнай практыкі не было, таму і называлі “пшэкам”… Даводзілася есці нават пацукоў…

У Калузе ён так моцна сапсаваў свой страўнік, што потым усё жыццё амаль не ўжываў алкаголю. Нават ад 100 грамаў яму было вельмі дрэнна.

Так што сэнс паняцце “п’яны бацька” я ведаў толькі ад знаёмых і суседзяў і ў дзяцінстве ніколі не баяўся п’яных людзей.

Потым прыехалі “пакупнікі” і ўсіх разабралі па вайсковых вучэльнях, дзе за некалькі месяцаў падрыхтоўкі давалі лейтэнанцкія пагоны. Ён  трапіў “на артылерыста”.

Напрыканцы вучобы прапанавалі запоўніць анкету. Па сваёй прастадушнасці ён напісаў. Што бацькі жывуць на акупаванай тэрыторыі.

Адлічылі адразу.

Як кажуць, не бывае благога без добрага. Жыццё лейтэнанта на фронце складала ўсяго некалькі хвілін. Можа, так Бог выратаваў яму жыццё…

Бацьку накіравалі на чыгунку,  звычайным качагарам. Таварняк цягнулі адразу тры паравозы. Два спераду, адзін — ззаду, які называўся “піхач”.

Тапілі не вугалем, а дровамі. Спалі прама там. Не мыліся і таму вошы аж кішэлі.      Бацька расказваў, што на стаянцы выбежыш, здымаеш кашулю і катаеш па ёй бутэлькай. Аж трэск стаіць.

Потым яго “кінулі” у Чачню, дзе ён удзельнічаў у сумна вядомай дэпартацыі чачэнцаў. Як качагар цягніка, канешне. Як іх заганялі ў вагоны ён не бачыў. Бачыў толькі, як трупы (дзяцей, жанчын, старыкоў)  выкідвалі праз вокны – памерлых ніхто не хаваў.

Маладога хлопца гэта так уразіла, што на нервовай глебе ён захварэў. Ад шоку выскачыла “воўчае вымя”. Гэта фурункулёз, калі адразу ў адным месцы вылазіць па сем фурункулаў. Звычайна пад пахамі. Не ведаў, што рабіць бедны…

Да Чачні ён вазіў боепрыпасы, а пасля перавялі на санітарны цягнік.  Вайну бацька скончыў у Кёнігсбергу і толькі потым звярнуўся да свайго начальніка, медыцынскага генерала. Той глянуў на бяду, і ледзь не абамлеў ад такой стойкасці. Даў бацьку нейкую тыбецкую мазь. Моцна дапамагала. Але гэта такая хвароба, што будзе турбаваць усё жыццё. Фурункулы вылазілі кожны год. Не дапамагала нічога. У тым ліку і пераліванне крыві. Толькі тая мазь. Пакуль яна была, ён што называецца, гора не знаў, а потым не змог знайсці, хаця пісаў медыцынскім зоркам усяго Савецкага Саюза.

Дарэчы,  усе суседзі звярталіся да яго з просьбай напісаць ліст “наверх”. Гэта мой бацька умеў рабіць вельмі добра. І увогуле. Ён быў вельмі прадстаўнічы. Пад два метры ростам, шырокі ў плячах. Надзеў касцюм, капялюш, плашч альбо паліто і ідзе ў краму. Адразу да на склад да тавараведа. Нічога не кажучы сядае. І яна сама – “Ой, что Вам нужно?”. Яна ж ведае, хто перад ёй – ці машыніст паравоза, ці які-небудзь рэвізор, начальнік і  г.д. Паголены, заўсёды надушаны добрым адэкалонам. Выдаць маглі толькі рукі, але ён быў вельмі акуратны і заўсёды імкнуўся, каб пад пазногцямі не было ніякіх чорных “палосак”.

У яго былі два малодшыя браты. Абодва засталіся “пад акупацыяй”. Іван троху меў адносіны з партызанамі, а Анатоль толькі пасвіў дзедавых кароў, што не перашкодзіла атрымаць адпаведныя “корачкі” Абодва ёсць у кніжцы пра піянераў-герояў. Смех. Мясцовыя старажылы мне расказвалі, што ніякай арганізацыі з назвай “Піянерскі тайнік” на самой справе не існавала. Яе прыдумалі. Гэта чарговы савецкі фейк.

Падумайце – “кіраўніку” арганізацыі тады было толькі пяць гадоў…

Партызаны ў нашых мясцінах з’явіліся толькі ў сярэдзіне вайны і адзначыліся тым, што забілі нямецкага доктара ў вёсцы Шабулічы (эсэсаўцы потым спалілі гэтую вёску разам з жыхарамі) і за тры дні да вызвалення ўзарвалі турбіну на цэментным заводзе. Турбіна была шведскай, і вытворцы пагаджаліся яе рамантаваць толькі па просьбе гаспадара, таго, каму належыць гэта ўласнасць. А які гаспадар можа быць пры Савецкай уладзе?…

А маці ўвесь час была “пад немцамі” на роднай Сенненшчыны. Яе нават уганялі на работы ў Германію. Тры разы  ўцякала. Двойчы з размеркавальнага пункту, адзін прама з вагону.

Пра яе пакуты пад час вайны можна расказваць вельмі доўга, але зараз не пра гэта. У 1955 годзе яна пабралася шлюбам, а ў 1961 годзе (29 красавіка) на свет паявіўся я. Нарадзіўся ў Ваўкавыску, дзе і знаходзіцца раддом. Так што я ў нейкім сэнсе  —”гарадскі”.

З дзяцінства мне больш за ўсё запоўніўся адзін эпізод. Да двух год я не размаўляў увогуле, а потым пачаў вымаўляць адразу цэлыя фразы. Пры чым без дзіцячага “сюсюкання”.  А яшчэ праз год здарылася тое, што засталося на ўсё жыццё.

Памятаю, 1964 год.  Малы (тры гады стаю у доўгай чарзе за хлебам, якія пры Хрушчове былі звычайнай з’явай. Побач за мной  — стол, збіты з негабляваных дошак. Нехта паставіў на яго ровар з мяшком хлеба. Нечакана ён зваліўся прама на мяне. Мяне балюча ўдарыла тым мяшком. Голас прапаў зноў і маці доўга вазіла мяне на загаворы да розных бабуляк.

Так што я цяпер “ удараны”.

Ад бацькоўскага парога

 

Мы жылі ў рабочым пасёлку Краснае сяло , што ў 12 кіламетрах ад Ваўкавыску і трох  ад знаёмай усім лётчыкам (і не толькі) Росі. У нас жыве 8 тысяч жыхароў.

У мяне яшчэ ёсць старэйшая на тры гады сястра  Ніна. Раней яна працавала ў дзіцячым садку, а зараз на пенсіі.

Упэўнены, шмат, хто ведае нашы мелавыя кар’еры, якія называюць “беларускімі Мальдзівамі”.

Спачатку мы жылі ў былым “даходным доме” якія ў нас называюць камяніцамі. Потым далі двухпакаёвую “хрушчоўку”, дзе была свае ванна, калонка, кухня, прыбіральнік і паравое ацяпленне, якое трэба было награваць печкай, што тапілася вуглем. Блага, мой бацька ужо працаваў машыністам паравоза і кішэнях цягаў з работы вугаль. Ім мы і тапілі.

А ягоны стрыечны брат Антон у “тармазку” (так называлі “ссабойку” з тэрмасам) прыносіў з работы цэмент, з якога потым яны збудавалі цэлы дом… Па жменьцы… Неверагодна…

Пры ўсёй павазе бацьку нельга назваць добрым хатнім гаспадаром альбо агароднікам. А вось, тое, што тычыцца саду, то тут ён быў амаль Мічурыным. Дрэвы яго слухаліся. У двух кіламетрах ад дома было наша лецішча – восем “касыгінскіх” сотак.

На адным ствале бацька рабіў па дваццаць “прышчыпак”. Яблыкі розных колераў, розных гатункаў. Яны былі ў нас, што называецца, “ад яблыкаў да яблыкаў”. Акрамя гэтага дрэвы грушы, вішні, чарэшні. Кусты агрэсту, чорных і чырвоных парэчак  і г.д.

Спачатку бацька саджаў тое, што расце ў нашых мясцінах. Потым пачаў пісаць лісты знакамітым садаводам, прафесарам. Саджанцы яму прысылалі з усяго Савецкага Саюзу. Грушы “бэра” вагой даходзілі да кілаграма.

Пад час маіх бадзянняў маці тое лецішча прадала, бо адна не хацела за ім прыглядаць.

І увогуле. Маё свабодалюбства пачалося  яшчэ ў дзяцінстве. З самага пачатку я быў абсалютна некіравальным дзіцём. З дзіцячага садка мяне пастаянна выганялі, таму маці прыходзілася браць для мяне нянечак з вёсак. Яны ехалі з вялікім задавальненнем, бо такім чынам можна было атрымаць пашпарт, якіх у сялян тады не было.

Тое ж самае працягвалася ў школе, дзе, мякка кажучы, я быў не самым лепшым вучнем. Дакладней адным з самых праблемных. Бацька нават за гэта не хацеў купляць мне ровар “Арлёнак”.

У першы клас я прыйшоў цалкам падрыхтаваным. Умеў чытаць, пісаць, складаць, аднімаць, да тысячы лічыў. А я там малююць “палачкі”… Чытаюць па складах, а мне ўжо ў бібліятэцы выдаюць кнігі…

Словам, вучыцца мне было вельмі сумна. Можа менавіта з гэтай нагоды і пачаў хуліганіць. Галоўнай праблемай для  стала так званая дысцыпліна. Лічу і буду казаць усё жыццё, што 45 хвілін для сямігадовага чалавека сядзець нерухома, вельмі зашмат. На мой погляд, урок павінен быць не болей за 25 хвілін, а потым даць дзесяці хвілін дзесяць перапынку. Каб трохі пабегаць.

Савецкая сістэма адукацыя накіравана на іншае. З нас адразу робяць робатаў. Некаторыя дзеці былі паслухмянымі, уся іх энергія ішла на тое, каб неяк да яе прыстасавацца. Я ж, паўтару, быў цалкам некіраваным, і цікавасць да  працэсу вучобы  хутка страціў. Адзінае выключэнне — гісторыя і геаграфія. На іх расказвалі пра далёкія краіны і іх мінулае. То бок тое, што мне надзвычай падабалася.

Больш за тое, адзін з бацькавых братоў (старэйшы) дазваляў мне чытаць на гэты конт яго энцыклапедыю, а другі (малодшы) даваў чытаць  падшыўкі дэфіцытнага часопісу “Вокруг света”. Альбо сам пераказваў  змест цікавых артыкулаў, бо быў цудоўным расказчыкам. Дарэчы, ён на памяць ведаў “Новую зямлю” Якуба Коласа і палова твораў Някрасава.

Увогуле ж у бацькі было двое братоў і тры сястры.

Так што цяга да вандровак – у  крыві.

Школа была кашмарам  жыцця. Напэўна, для мяне стаць пад расстрэл было б лягчэй, чым штодзённа туды хадзіць. Прычым, канфлікты  былі не толькі з настаўнікамі, але і з другімі вучнямі. Настаўнікі не маглі са мной справіцца, таму даволі часта іх банальна нацкоўвалі. Прыходзілася абараняцца.

Цікава, што разам з  прагай бунтарства і свабоды ва мне была вялікая прага да тых ведаў, якія  падабаліся. Гутарка не толькі пра геаграфію з гісторыяй. Былі да спадобы добрая літаратура, паэзія. Але толькі не савецкія, бо расказы сваякоў сведчылі аб тым, што там з большасці ідэалагічная хлусня.

Зразумела, такія погляды не заставаліся без увагі тых, хто за гэтым уважліва сачыў, З 14 гадоў я стаяў на ўліку ў мясцовым КДБ.

З павагі да бацькоў мяне літаральна “перапіхвалі” з класа ў клас. Напрыклад. З настаўніцай нямецкай мовы ў мяне быў дагавор: я не хаджу на ўрокі, а яна мне за гэта ставіць “траякі”. Лагічнае, дарэчы, выйсце, бо бывала так, што ўрокі я банальна зрываў.   Напрыклад, мог закурыць прама на ўроку біялогіі.

Курыць  я пачаў з пяці гадоў. А праз кароткі час навучыўся і піць.

Школу я скончыў  ў 1978 годзе. З-за ранейшага запалення вачэй атрымаў  “белы білета”, дзякуючы чаму не трапіў у Афганістан.

Майму прызыву пашанцавала менш…

Працаўладкаваўся на шыферны завод, які знаходзіўся ў родным Красным сяле.

Бунтарскія парогі

 

На заводзе я прапрацаваў каля двух гадоў.

Амаль адразу пачаў канфліктаваць з начальствам. Нават арганізаваў забастоўку. Пачаў арганізоўваць паралельна існуючаму незалежны прафсаюз. Вельмі шмат крала начальства, і я пачаў гэта выкрываць..

Хутка зразумеў, што мяне альбо заб’юць, альбо пасадзяць у турму. Глебу для гэтага яны ўжо пачыналі рабіць, я якраз прачытаў, што у БДУ стварылі падрыхтоўчая аддзяленне. Сабраў дакументы, з горам папалам здаў іспыты (асабліва нямецкую мову) і пачаў вучыцца.

Наш інтэрнат месціўся на Паркавай магістралі, якая пры мне стала праспектам  Машэрава, які зараз зноў перайменавалі ў праспект Пераможцаў.  Адвучыўся там год і ў 1980 годзе  стаў студэнтам філалагічнага факультэта (рускае аддзяленне) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Чаму менавіта рускае аддзяленне? Гэта мне параілі дасведчаныя людзі, бо там вучылася вельмі шмат, скажам так, надзвычай прасунутых асобах. І гэта было сапраўды так. Напрыклад, Пеця Марцаў.

Да таго ж, паступаючы на рускае аддзяленне, я ўжо быў прынцыповым беларускім нацыяналістам…

Невыпадкова, што мной вельмі хутка  зноў пачала адна сумна вядомая арганізацыя. Мая камунікабельнасць стала глебай для таго, каб КДБ прапанавала супрацоўніцтва. Я, канешне ж, адмовіўся. Не думаю, што каму-небудзь гэта спадабалася…

Для таго, каб адпомсціць не трэба было нічога прыдумляць. Усё зрабіў мой “язычок”. Пра савецкую ўладу я заўсёды выказваўся негатыўна і жорстка. Мяне банальна “залажылі”. Я нават ведаю хто.

Дарэчы, тое, што мяне “залажылі” як нацыяналіста, а не як антысаветчыка, крыху дапамагло,  бо яны не зніштожылі адразу, а проста пачалі “душыць”.

Прапанова прагучала ў канцы напрыканцы пешага курса. Тыдзень далі падумаць. Я прыехаў дамоў, некалькі дзён хадзіў “чорны”, а потым пра ўсё вылажыў маці. Яна сказала так:  нас у радаводзе не было ні паліцаяў, ні партызан. Вяртайся, работу знойдзеш”.

Беспрацоўных у СССР, сапраўды, не было.

У БДУ удалося скончыць паўтары курса, але да хаты я не вярнуўся. Паехаў бадзяцца па Савецкім Саюзе. Справа ў тым, што ў мяне на руках застаўся студэнцкі білет, а ён даваў права 10% скідкі “на все виды транспорта, кроме такси”.

У мяне быў добры сябра   Андрэй Вальдулевіч, якога за выкананне рок-музыкі адлічылі ад Гарадзенскай музвучэльні. Суперскі гітарыст. На жаль, у Германіі памёр ад падвойнай анкалогіі – меланома і рак лёгкіх. Пахаваны на праваслаўных могілках у Берліне.

Захапленне гэтай музыкай сярод моладзі тады толькі-толькі набірала абароты. Многія дзялі гэтага і слухалі розныя “галасы”. Памятаю, мы нават з Гародні (ехалі спецыяльна) адпраўлялі лісты —  горад Лондан, BI-BI-SI, Севе Наўгародцаву

Разам з Андрэем аб’ездзілі амаль ўсю еўрапейскую частку Савецкага Саюза, аднак на Усход я не быў далей сто першага кіламетра ад Масквы. Выключэннем стаў толькі адзін раз  — у горадзе Струніна Іванаўскай вобласці жыў наш сябар.

Тэкстыльны горад Струніна —  гэта тое ж Іванава. Толькі меншых памераў. Вечарам утраіх прыходзім у іх агромісты Дом культуры на танцы.  На ўваходзе стаіць невялікая купка мужыкоў. У ватніках, кірзавых ботах, усе кураць “Беламор”. Мы ў касцюмчыках уваходзім у залю, а там – процьма дзяўчат. Вядучы нас заўважыў і адразу абвясціў “белы танец”. “Процьма” рынулася да нас.  Праняў нейкі невытлумачальны страх. Мы кінуліся ўцякаць. Беглі аж да вакзалу, дзе заўсёды бывае міліцыя.

Такое помніцца ўсё жыццё…

Аб’ехалі амаль увесь Крым, краіны Балтыі, Украіну, дзе, як і ў Крыме, я крыху жыў.  Жыў на грошы, якія зарабляў. На шчасце, з працай ніякіх праблем тады не было. На любым прадпрыемству мінімум былі патрэбныя грузчыкі.

Кім я толькі не быў..

Змяніў каля дваццаці месцаў работы. Працаваў і токарам, і слесарам, і перакладчыкам ў БелТА  і спортінструктарам, і агентам па продажах, і нават докерам ( па простаму – грузчык) у Клайпедзе.

Апошняе – вельмі цяжкая работа, асабліва , калі трэба цягаць  рыбную муку. Кожны мяшок – пад сто кіло, плюс у мяне  маленькія далоні, што для грузчыка не вельмі добра. Акрамя гэтага —  пыл у труме стаяў такі, што я пачынаў задыхацца.

Менш за ўсё любіў вандраваць па Расіі. Галеча і бардак.

Пераязджалі з месца на месца з большасці ў электрычках, дзе кантралёры нас амаль не чапалі. У любых кампаніях мы былі пажаданымі гасцямі, бо Андрэй прыгожа граў на гітары, а я добра расказваў анекдоты.

Начавалі дзе прыйдзецца. Бывала, на вакзалах, у гатэлях альбо ў прыватнікаў, ці проста  ў знаёмых. Бывала, у дзяўчат – маладыя, валасатыя, з гітарай. Хіпі тады былі моднымі…

Сколкі  сябе памятаю,  ўвесь час хацелася зваліць з Савецкага Саюза. Як і маім блізкім сябрам. Не падабалася нам гэта сістэма. Сістэма хлусні, двудушнасці і татальнага дэфіцыту.

У сёмым школьным класе мяне нават не прынялі камсамол.  Па-першае – вучоба  і паводзіны. Па-другое, я быў для іх “классово чуждым элементом”, бо збіраў ягады і прадаваў іх на мясцовым рынку.

Праз два гады яны ўжо самі ўгаворвалі ўступіць. Я паглядзеў на тое, што іх цягаюць на  камсамольскія сходы  і там “чысцяць”, і “паслаў”.

Школу скончыў некамсамольцам. Уступіў  у УЛКСМ толькі пад час работы на заводзе. І тое, пры  ВЕЛЬМІ “цікавых” абставінах…

Аднойчы мы даволі моцна  з хлопцамі выпілі. Назаўтра я прыйшоў на работу “ніякі” – рукі трасуцца, халодны пот, галава баліць. Да мяне падышоў наш сакратар камітэту камсамола і мой сусед  Мар’ян Юроўскі. Паглядзеў, усё зразумеў і кажа: “Паехалі ў Ваўкавыск. Я там цябе пахмялю, а ты уступіш у камсамол”. Да таго ж ён паабяцаў аформіць адгул з аплатай рабочага дня і даць пуцёўку ад ЦК УЛКСМ.

Так і зрабілі… Я пахмяліўся (Мар’ян купіў ежу і пляшку каньяку) , стаў камсамольцам (без заходу ў гаркам камсамолу – усё зрабіў Юроўскі сам) і з’ездзіў ў месячны круіз па Чорнаму мору…

Пад час вучобы ў БДУ мяне таксама спрабавалі “прыструніць” за пропускі заняткаў. Вызвалі “на дыван” у камітэт камсамола і спыталі прычыну. Я адказаў, што гэта творчыя пошукі. Маўляў, пішу паэму пра “Малую зямлю”…

Парогі лёсу

 

Бадзяліся аж да Чарнобыля, то бок да вясны 1986 года, з перарывам на некалькі месяцаў года 1985, калі я папытаўся аднавіцца ў БДУ. Нават паспеў з’ездзіць на бульбу і правучыцца некалькі месяцаў. А потым зразумеў, што КДБ мяне ў пакою не пакіне і зноў сышоў.

Дарэчы, менавіта тады я і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай .

У той дзень я быў у некага ў гасцях. Вяртаўся ў наш інтэрнат “пад мухай” і пераблытаў паверх. Ліфт, як заўсёды, не працаваў, і замест свайго сёмага я  трапіў на пяты паверх. Зразумеў памылку і ўжо хацеў сысці, калі ўбачыў святло, якое лілося  ў калідор з крайняга пакою.

Вырашыў паглядзець, што там такое. Аказалася, дзяўчаты  святкавалі Дзень народзінаў сваёй сяброўкі і запрасілі мяне далучыцца. Сярод іх была адна, якая сядзела ў старонцы і чытала кніжку. Прыглядзеўся, па-ангельску напісана — Рэй Брэдберы. Мяне гэта моцна ўразіла. Дамовіўся,  пазнаёміцца “на цвярозую галаву”.

Аказалася, Інэс Берэсуэта  родам з Эквадора, да нас прыехала па студэнцкаму абмену.   Па бацьку яна басконка. З басконскай мовы прозвішча перакладаецца. Як чалавек, што любіць мора

Ніякіх рамантычных настрояў дзяўчына не вызывала, бо не пайму густу – малая ростам, 158 см.  Тады мне больш падабаліся высокія і даўганогія.

Гэта я потым зразумеў, што ніякіх стандартаў тут быць не можа, бо Бог зробіць з дакладнасцю наадварот.

Пасля гэтага я  паехаў у Клайпеду, дзе і працаваў докерам.  Аднак хутка не вытрымаў і з’ехаў адтуль у Грузію. Дакладней, у горад Тэлаві, які вядомы па культаваму фільму “Міміно”. Горад казка, сапраўдная Грузія.

У Тэлаві шыкоўная карцінная галерэя. Князі Чахчавадзе падарыў яе гораду. Там трыста карцін. Па адной усіх вялікіх мастакоў. Якія імёны! Ціцыян, Рубенс, Манэ!!!

Потым мы з Андрэем вярнуліся ў Беларусь. І на наступны дзень пасля аварыі на ЧАЭС загаралі на пляжы Жлобіна, бо спёка была неймаверная.

Купаемся ў возеры, папіваем чачу і бачым, што стала вельмі шмат машын хуткай дапамогі. Спачатку мы нічога не маглі зразумець, потым ад нейкай бабулькі даведаліся пра тое, што ў Чарнобылі “узарвалася нейкая атамная бомба”…

Потым на электрычках сталі дабірацца да Мінска.  Вакол людзі ў зімовых шапках, усе п’юць ёд.

Магчыма, менавіта тады ў Андрэя і пачалася меланома… Чатыры гадзіны на радыяцыйным сонцу…

У Мінску зноў сустрэўся з Інэс. Пагаварылі і зразумелі, што кахаем адзін аднаго. Я паехаў дадому, у Ваўкавыску ўладкаваўся на завод, якія вырабляў машыны для дахавых работ.

Год мы не маглі распісацца, збіралі дакументы.

Дарэчы, шмат перашкодаў было не толькі ў мяне. У Інэс таксама. Эквадор вельмі веруючая краіна, шчыльна кантактуе з Ватыканам, таму для іх усе савецкія людзі былі ярымі бязбожнікамі. Для іх было б лепш, каб я паходзіў не з  Савецкага Саюзу, а, скажам, з Кубы, якая, не гледзячы на камуністычны рэжым, ніколі не сварылася з рымскім Папам.

Я для эквадорцаў быў увасабленнем ваяўнічага атэізму.

14 траўня  1987 года мы пабраліся шлюбам. Я перабраўся ў Мінск. Адразу ўзніклі праблемы з жытлом. Усе баяліся. Як толькі людзі даведваліся, што мая жонка замежніца – адразу адмова.

А ў мяне — другая “засада”. Прапіска толькі Ваўкавыская, у Мінску нідзе не ўладкавацца на работу.

Раддома, дзе нарадзіўся мой  ўжо няма. Гэта той самы раддом, які месціўся насупраць пераробленага ў турму Пішчалаўскага замка. Напэўна, там была самая паскудная ў рэспубліцы падобная ўстанова. Пасля родаў унутры маёй жонкі пакінулі вату. Праз пэўны час у яе  прапала малако і паднялася высокая тэмпература.

Выратаваў стары жыд, да якога мы тэрмінова паехалі ў Ваўкавыск. Менавіта гэты доктар некалі прымаў мяне. Ён паглядзеў на Інэс, адразу  зразумеў прычыну, усё вычысціў  і параіў прыносіць  “белае мяса”. Але не ад курыцы, а ад свінні, то бок сала.

За дзесяць дзён   паставіў яе на ногі. Без усякіх лекаў,  адным харчаваннем…

У  сына падвойнае імя Ян Францішак і падвойнае прозвішча   Вераціла-Берэсуэта.  Сын нарадзіўся ў 1988 годзе, а дачка ў 1990-м. Яе завуць   Ляля Марыя Эліза, працуе настаўніцай пачатковай школы ў Лондане, вучыць так званых стрэсавых дзяцей з гарачых кропак.

Сын жыве ў Эквадоры. Хаця яму там вельмі няпроста, бо ён не падобны да асноўнага насельніцтва краіны –высокі, светлы. Спрабаваў нават фарбаваць валасы ў чорны колер, каб быць падобным на астатніх. Не спрацавала. У яго шмат талентаў — спартовец, вэб-майстар, музыкант, мастак.

Наколькі мне вядома, зараз ён працуе ў турыстычным бізнесе.

Пасля нараджэння сына нам далі маленькі пакойчык ў інтэрнаце.  Яны жылі там, а я – дзе прыйдзецца. З большасці ў сяброў. Працаваць мог толькі “на халтурах”.

Некалькі дзён будаваў Шушкевічу лецішча, таму магу дакладна сказаць, што гісторыя з “скрыняй цвікоў” —  прымітыўная прафанацыя.

Калі сыну было больш года, мы на дзевяць месяцаў паехалі ў Эквадор, каб яго і мяне паказаць тамтэйшаму клану Берэсуэта.

У Эквадоры для нас шмат незвычайнага. Напрыклад, там ледзь не далікатэсам лічацца марскія свінкі. На мой густ – амаль пацукі, На мове мясцовых індзейцаў іх называюць вядомым словам з трох літараў. Тым, што часта пішуць на заборах, а ў прыстойных тэкстах абазначаюць шматкроп’ем…

Дачка, як і я, нарадзілася ў Ваўкавыску, але мы зачалі яе ў Эквадоры…

Потым я вырашыў паступіць на журфак БДУ, зразумела, на завочнае аддзяленне. Па дагавору супрацоўнічаў з “Вожыкам”, і як фрылансер пісаў артыкулы для розных СМІ.

Адным з першых іспытаў быў іспыт па замежнай мове. Для мяне, зразумела, гэта іспанская мова.

За час наведвання Эквадору я навучыўся размаўляць на ёй амаль свабодна. Іспыт, як у тым фільме, святам. Выкладчыца ў “зачотку” паставіла “пяць”, а ў ведамасці зрабіць адпаведны запіс забыла.

Праз некаторы час прыйшоў, дзе было напісана, што я адлічаны з журфаку за тое, што не здаў экзамен па замежнай мове. У мяне і маёй жонкі быў шок. Пайшоў разбірацца.

На шчасце, у БДУ  была і загадчыца кафедры, якая сама прысутнічала на тым іспыту і пацвердзіла маю правату.

Для выкладчыцы, якая прымала іспыт, яе памылка магла каштаваць надзвычай дорага, і я праявіў не зразумелае многім высакародства. Я яе  пашкадаваў.

У рэшце на дадзены момант маю паўтара курса філфаку і паў курсу журфаку.

Да бацькоўскага парога

 

Пасля сканчэння жонкай вучобы, яна з дзецьмі вярнулася ў Эквадор.

Спачатку мы падтрымлівалі адносіны, ліставаліся, размаўлялі па тэлефоне,  а потым гэта ўсё сышло.

Напэўна, каб некаму было падказаць, што такія як наша сем’і (муж і жонка з розных кантынентаў) маюць у некаторых краінах шмат прывілею. Напрыклад, у Канадзе. Для нас гэта быў бы ідэальны варыянт. Гэта б задавальняла і яе, і мяне, бо туды трэба ляцець самалётам і ёй, і мне.

Пачалася вельмі моцная дэпрэсія. Не ведаю, як змог яе перажыць. Сёння ў гэта цяжка паверыць, аднак у 1992 годзе я зняў кватэру ў Уручы за 10  даляраў у месяц.  Калі з раніцы сыходзіў на работу, то застаўляў там уключанымі святло, радыё і тэлевізар. Так па вяртанню першыя хвіліны мне здавалася, што ў доме нехта ёсць, бо пасля радаснага шуму жонкі і дваіх дзяцей, “слухаць” цішыню было проста невыносна.  Хоць ты вешайся…

Праз два гады вярнуўся ў роднае мястэчка. Спрабаваў трошку гандляваць, то бок зладзіць нейкі дробны бізнес. Хутка гэта надакучыла і я цалкам пачаў займацца літаратурай. У Саюз пісьменнікаў уступіў у 2005 годзе, калі ён раскалоўся і адразу пяцьдзесят чалавек, сярод якіх шмат знакавых прозвішчаў,  выбралі тое,  што не створана ўладамі. Рызыкну выказаць здагадку, магчыма гэта і выратавала ад “творчай зачысткі”, бо стала цалкам зразумела – узяць усіх пад кантроль не атрымаецца.

Дарэчы, мяне прынялі без ужо выдадзенай кнігі. Яна паявілася крыху пазней, хаця была напісана даўным-даўно. “Разбітае сэрца Вітаўта”   была намінаваная  на прэмію Ежы Гедройца, і многія бачылі яе сярод пераможцаў.  Замест  гэтага мяне там публічна абразілі, а вядомая чытачка Алена Гушча скандальна “раскруціла” створаны там “паміжсабойчык”. З таго час лёс прэстыжнай і матэрыяльна значнай (па беларускім меркам) узгароды вырашае інтэрнэт-галасаванне.

Аднак, гісторыя гэтай кніжкі складаецца не толькі з гэтага скандалу.

Некалі я надрукаваў у “ЛіМе” часоў рэдактарства нябожчыка Алеся Пісьмянкова адно апавяданне. Першапачаткова яно называлася “Разбітае сэрца Вітаўта Чаропкі”. Рэдактар, каб не крыўдзіць Чаропку, зняў з загалоўка ягонае прозвішча. У  выніку  назва атрымалася суперская. Не адразу здагадаешся, што яна расказвае пра каханне чалавека ў розныя перыяды яго жыцця.

Назва таго апавядання і стала назвай маёй першай кнігі.

Наколькі мне вядома пасля таго, як “Мастацкая літаратура” надрукавала  “Разбітае сэрца Вітаўта”  па камандзе аднаго “пісьменніцка-генеральскага” начальніка я стаў там непажададным аўтарам і чарговую кнігу яны друкаваць адмовіліся. “Калі Бог дасць. “Эпоху звера” надрукуе адно прыватнае. 18 год гэты раман, што называецца, ляжыць у стале.

Па вялікаму рахунку звер есць у кожным з нас, і толькі ад асобы самога чалавека залежыць прачнуцца яму, альбо згінуць назаўсёды.
Магчыма, некаторыя не пагодзяцца з такой высновай, але, на мой погляд, прычына негатыўных адносінаў да Верацілы з большасці ў адсутнасці ўнутранай свабоды. Яны залежаць ад розных абставінаў, грантаў, творчага славалюбства, а я ўнутрана свабодны.

У тым ліку і ад гарэлкі, з якой многія звязваюць маё імя.

Многія не разумеюць гэтую свабоду, бо яны нават уявіць не могуць, што па жыцці можна абыходзіцца самым мізэрным. Я атрымоўваю фінансавую дапамогу “па  догляду за маці”, плюс яе пенсія. На гэтыя грошы мы і жывём. Сціплы бюджэт размяркоўваем кожны месяц. Хапае на ўсё.

І ў першую чаргу  на тое, каб быць свабодным.”

19.10.2017

 

%d0%92%d0%95%d0%a0%d0%90%d0%a6%d0%86%d0%9b%d0%90%d0%92%d0%95%d0%a0%d0%90%d0%a6%d0%86%d0%9b%d0%900jpg%d0%92%d0%95%d0%a0%d0%90%d0%a6%d0%86%d0%9b%d0%90-1%d0%92%d0%95%d0%a0%d0%90%d0%a6%d0%86%d0%9b%d0%904%d0%92%d0%95%d0%a0%d0%90%d0%9f%d0%a6%d0%86%d0%9b%d0%905jpg%d0%92%d0%95%d0%a0%d0%90%d0%a6%d0%86%d0%9b%d0%90-2%d0%92%d0%95%d0%a0%d0%90%d0%a6%d0%86%d0%9b%d0%9010%d0%92%d0%95%d0%a0%d0%90%d0%a6%d0%86%d0%9b%d0%9012%d0%92%d0%95%d0%a0%d0%90%d0%a6%d0%86%d0%9b%d0%9011%d0%92%d0%95%d0%a0%d0%90%d0%a6%d0%86%d0%9b%d0%908