Вячорка Вінцук

%d0%92%d0%af%d0%a7%d0%9e%d0%a0%d0%9a%d0%90

З кнігі „Найноўшая гісторыя ў асобах”

Падрыхтавана да друку  10.10.2013

Мабыць, калі шукаць нейкі мэйнстрым жыцьця Вінцука Вячоркі, то можна сказаць, што ён увесь час нешта пачынае. І самае галоўнае — працягвае шукаць зноў, калі знойдзенае было аднойчы страчана.

А яшчэ яго  можна назваць адным з самых  інтэлігентных палітыкаў Беларусі, якога вельмі цяжка ўявіць у няволі. Асабліва, калі ўлічыць, што першы раз ён там аказаўся яшчэ трыццаць гадоў таму, а зараз Вінцуку толькі 52.

Пачатак жыцьця1

“Я нарадзіўся ў Берасьці 7 ліпеня 1961 года. Між іншым, гэта дзень народзінаў Янкі Купалы і Марка Шагала. І Купальле (паводле юліянскага календара).

Бацька Рыгор Мікалаевіч быў эканамістам, маці Аляўціна Сямёнаўна працавала пэдагогам, рэдактарам. На жаль, бацькі ўжо няма. Маці, дзякуй Богу, жыве вельмі актыўна і з задавальненьнем удзельнічае ў беларускім грамадзка-культурным жыцьці .

Да 1974 года мы жылі ў Берасьці, дзе я хадзіў у сярэднюю школу нумар адзін, якая потым стала гімназіяй з матэматычным профілем. Патэнцыял бацькі, як навукоўцы і практыка (спэцыялізаваўся на асноўных фондах і банкаўскіх справах), быў ацэнены “наверсе”, і яго запрасілі дараднікам Пятра Машэрава ў эканамічных пытаньнях.

У свой час бацька займаў высокія  пасады, але хачу падкрэсліць, што  ён трапіў у цэкоўскую структуру дзякуючы не партыйнаму кар’ерызму, а асабістым грунтоўным ведам і досьведу. Тая ўлада не змагла б доўга кіраваць без выкарыстаньня сапраўдных прафэсіяналаў.

Родам мой бацька са знакамітых Мерлінскіх хутароў, якія знаходзіліся на мяжы цяперашняга Столінскага раёна і Гомельскай вобласьці. Сёньня іх ужо няма, бо ў 1961 годзе ў тых мясьцінах зрабілі палігон для авіяцыі Варшаўскага дагавору. Там бязьмежныя балоты, ад якіх (з часоў Сталыпінскай рэформы) людзі адваёўвалі “жыцьцёвую прастору”. Палітую потам зямлю потым забралі бальшавікі. Усіх загналі ў калгас.

Нягледзячы на блізкасьць да камуністычнага істэблішмэнту (што мне ўзгадвалі вельмі часта), бацька ўсё жыцьцё мысьліў не зусім партыйнымі катэгорыямі, добра разумеў, што такое прыватная ўласнасьць і свая беларуская зямля. Гэта асабліва адчувалася падчас супольных выездаў у вёску, бліжэй да ягонай малой радзімы. Напэўна (і гадоў трыццаць таму гэта здавалася б парадаксальным), адзін зь імпульсаў іншадумства я атрымаў дзякуючы яму. Нашмат пазьней Рыгор Вячорка, які ўжо меў досьвед макраэканамічнага рэгуляваньня эканомікі новапаўсталай незалежнай краіны, перамоваў з МВФ ды іншымі міжнароднымі структурамі, сур’ёзна спрычыніўся да ўкладаньня эканамічнага разьдзелу Праграмы БНФ.

Маці па адукацыі філёляг, выкладчыца беларускай і расейскай моваў, у Берасьці выкладала расейскую, а пазьней у Менску працавала літаратурным рэдактарам. Таму дома было мноства кніг, і прыахвоціўся я да чытаньня вельмі рана. Недзе з трох ці трох з паловай гадоў, чаму ёсьць дакумэнтальнае пацверджаньне. На фотаконкурсе абласной газэты “Заря” прыз атрымаў здымак, дзе падчас выезду на возера дарослыя займаюцца сваімі клопатамі, а я на кукішках чытаю газэту, пасьцеленую пад перакус.

Малодшая сястра Алена (адрозна ад мяне) прафэсійна пайшла ў бацьку, яна эканаміст, прафэсар.

Я даволі рана вызначыўся з прыярытэтамі і меркаванай прафэсіяй. Гэта — мовазнаўства.

У Берасьці я вучыўся да 13 гадоў. Школу закончыў ужо ў Менску. Амаль на выдатна. У атэстаце меў адну чацьвёрку – па расейскай мове, за што і не атрымаў мэдаль. Гэтак мне “паспрыяла” дырэктарка, якая прыйшла з сувораўскай вучэльні. Але не шкадую.

Да “залатой моладзі” – тусоўкі дзетак начальнічкаў – не належаў, гідзіўся. У старэйшых клясах штолета працаваў рабочым у друкарні Дома друку, за свае грошы купіў радыё “ВЭФ-202” і магнітафон-“прыстаўку”.

Паступіў на філфак БДУ, на аддзяленьне “беларускай і рускай мовы і літаратуры”, бо чыста беларускай спэцыялізацыі там тады не было. Выбар зроблены невыпадкова: ужо з 12-13 гадоў я адчуваў у сабе імпульс нацыянальнай сьвядомасьці, нацыянальнай адметнасьці, разуменьня, што Беларусь не ёсьць Расея.

Інтэрнэту тады не было. Я рана пачаў слухаць “замежныя галасы”. Спачатку празь цікавасьць да рок-музыкі, а потым і дзеля альтэрнатыўнай палітычнай інфармацыі. У Берасьці гэта было толькі польскае радыё, а ў Менску – безупынна глушаныя Бі-Бі-Сі, “Голас Амэрыкі”. І ўрэшце – Радыё Свабода.

Добра памятаю, як праз “глушылкі”, рыхтуючы ў ноч з пятніцы на суботу (каля першай гадзіны) ненавіснае тэхнічнае чарчэньне, я раптам пачуў на 75-м дыяпазоне некалькі беларускіх словаў і зразумеў: вось яна, беларуская служба Радыё Свабода.

Бацька паціху даваў  мне чытаць “белы ТАСС” – аналітычныя  бюлетэні для службовага карыстаньня  пра становішча ў розных краінах, у прыватнасьці, у Польшчы, Чэхіі. Я шмат ведаў пра рэальны стан рэчаў.

І яшчэ. Я карыстаўся чытацкім білетам крыху старэйшага за мяне Сяргея Дубаўца і хадзіў у “Ленінскую” бібліятэку, куды школьнікаў наогул не пускалі. У беларускім аддзеле чытаў кнігі накшталт “Нацыянал-дэмакраты за працай” — пасквілі 30-х гадоў, шукаючы ў іх праўдзівую інфармацыю пра тагачасныя падзеі. Чытаў кніжкі Алеся Божкі, Леаніда Прокшы, Вацлава Мацкевіча – штатных камуністычных пасквілянтаў 70-х гг. Чытаў і сярод “разгромаў” нацыянальнай эміграцыі знаходзіў цікавыя мне факты. Дарэчы, з адной з тых кніг я і даведаўся, што БНР мела герб Пагоню і бел-чырвона-белы сьцяг…

Так што на філфак я прыйшоў сьвядомым чалавекам. На той час размаўляў па-беларуску, перайшоў на родную мову яшчэ ў апошніх школьных клясах. І дзёньнік вёў па-беларуску, за што там пісалі “веди дневник как положено”. У гарадах тады не было беларускіх школаў.

Пачатак іншадумства

Недзе на другім курсе маёй вучобы сфармавалася група аднадумцаў: я, Сяргей Дубавец, Сяржук Сокалаў-Воюш, які тады быў проста Сокалаў (Воюш – дзявочае прозьвішча маці). Ён вучыўся ва ўнівэрсытэце на курс пазьней, бо зь першага разу не паступіў, як прынцыповы некамсамолец. А я вось камсамольцам быў… Толькі значок меў не чырвоны, як ўсе, а перарабіў яго на чырвона-зялёны. Хацеў такім чынам прадэманстраваць прыналежнасьць менавіта да ЛКСМБ. Наіўная спроба паказаць нацыянальную адметнасьць. А камсамольцамі былі тады 99% моладзі… Куратарка курсу спрабавала зрабіць мяне камсоргам, але я катэгарычна адмовіўся.

Разам з Дубаўцом і Сокалавым  у 1979-1981 гг. мы выпускалі самвыдавецкі бюлетэнь “Люстра дзён”, незалежніцкі і антысавецкі. Былі чатыры машынапісныя выпускі. Наклад – 20-25 копіяў, зробленых на машынцы “Белпалку” – часткі ўнутраных войскаў на вул. Чыгуначнай, дзе служыў тады Сяргей Дубавец. Спэцслужбы шукалі, дзе яны друкуюцца, але нікому не магло прыйсьці ў галаву, што ўсё робіцца ў іх пад самым носам. “Залёт” быў толькі адзін – на наваполацкім заводзе “Палімір”, куды праз швагра Сержука Сокалава закідвалі асобнікі выданьня. Дапытвалі Сержука, ціснулі на ягонага бацьку-настаўніка, слабому здароўю якога гэбэшнікі нанесьлі сур’ёзны ўдар. У іх былі падазрэньні, але не было доказаў. “Вылічыць” крыніцы яны не змаглі.

На той момант з дапамогай Ігара Герменчука (ён акурат працаваў на паліграфкамбінаце, адкуль, рызыкуючы свабодай, выносіў наборныя шрыфты) мы зрабілі падпольную друкарню, былі гатовыя выпускаць новае выданьне, тытул якога “Вястун” ужо быў адліты ў мэтале. Партатыўная друкарня нейкі час нават захоўвалася ў мяне дома. Тым ня менш пра кансьпірацыю мы дбалі. Але ратавала ня толькі гэта. Мабыць, нехта дбаў пра імідж “самай спакойнай рэспублікі СССР”, і справу не раскручвалі. Да таго ж наша друкарская дзейнасьць была прытарможаная з прызывам Герменчука ў войска.

Разумеючы, што ёсьць рызыка застацца вузкім колам, мы вырашылі актывізаваць легальную беларускую дзейнасьць, каб пашырыць кола прыхільнікаў. Напрыклад, адраджэньнем беларускіх народных сьвятаў на гарадзкіх вуліцах. Вырашылі адзначыць у Менску Каляды. Нічога “падрыўнога” ўлада інкрымінаваць нам не магла – гэта ж фальклёр. Маўляў, народная ўлада ня можа паводле вызначэньня перашкаджаць адраджэньню народнай спадчыны…

Сказана — зроблена. Дзякуючы майму  (яшчэ ранейшаму) знаёмству з мастакамі Аляксеем Марачкіным і Міколам Купавам удалося значна пашырыць кола нашых аднадумцаў — выйсьці на студэнтаў тагачаснага Тэатральна-мастацкага інстытута. Так сярод удзельнікаў сьвяточных імпрэзаў зьявіліся Сяржук Цімохаў, Ігар Марачкін, Гэнік Лойка, Генадзь Мацур, Андрэй Радзівонаў, Янка Медзьвядзёў і г.д. Плюс філфакаўцы – Ірына Крук (цяпер Марачкіна), Сяргей Запрудзкі, Алена Амельчыц (цяпер Анісім), матэматыкі (праз Арыну Поўзік, якая стала маёй жонкай), фізыкі, шмат хто яшчэ. І, вядома, Ларыса Сімаковіч, з якой я выпадкова сустрэўся на лекцыі ў мастацкім музэі. Яна задавала пытаньні па-беларуску, а гэта было своеасаблівым індыкатарам – свая. Пры знаёмстве высьветлілася, што яна кампазытарка і хормайстар. А гэта азначала, што нас навучыць сьпяваць сапраўдны прафэсіянал.

Так нарадзілася “Маўстроўня”. Першыя Каляды мы адсьвяткавалі 7 студзеня 1980 года. Сьпявалі для людзей на вуліцы. Зайшлі да Уладзіміра Караткевіча, які жыў у вядомым доме на рагу Маркса і Энгельса, а на выхадзе нас “павязала” міліцыя. Тады яшчэ міліцыянты ня ведалі, што з намі рабіць — нейкая калядная зорка, нейкая каза, гавораць па-беларуску…

Словам, нас адпусьцілі, бо ў Караткевіча быў знаёмы палкоўнік з гарадзкога міліцэйскага начальства, і мы пайшлі, па дарозе сьпяваючы, калядаваць у дом на Сурганава, дзе і дагэтуль жыве шмат мастакоў.

Гэта быў “баявы хрост” “Майстроўні”.

З дазволу намесьніка дэкана, якому была вельмі істотная мастацкая самадзейнасьць, два гады мы зьбіраліся на філфаку БДУ, а затым трапілі ў Палац прафсаюзаў.

Ладзілі публічныя выступы проста на вуліцах Менску, уражваючы людзей нязмушанаю беларускамоўнасьцю. Стварылі нефармальны ўнівэрсытэт беларушчыны. Кола нашых прыхільнікаў расло.

“Майстроўня” скончылася, калі  мы зладзілі публічную акцыю пратэсту супраць разбурэньня гістарычнага будынку Менскага гарадзкога тэатра (гатэлю Поляка), у якім прагучала першая беларуская опэра і на месцы якога зараз стаіць навадзел – гатэль “Эўропа”. 13 чэрвеня 1984 года 13 маладых людзей упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі выйшлі на акцыю пратэсту супраць зьнішчэньня нацыянальнай памяці ды адчулі на сабе ціск дзяржавы.

“Майстроўня” перацякла  ў “Талаку”. У “Талацэ” вялікую  ролю адыгрывалі рамантычны і  ахвярны Сяржук Вітушка ды  энэргічны і сьмелы Віктар  Івашкевіч – абодвух ужо няма  сярод нас. А таксама Алесь  Суша.

У 1985 годзе нас было толькі трыццаць чалавек. А праз некалькі гадоў ужо многія сотні па ўсёй краіне.

Пачатак “фронту”

Усё рабілася за свой кошт. Са студэнцкіх стыпэндыяў скідваліся на фотарэактывы, паперу, стужкі, стварылі фонд экстраннай падтрымкі. Ён дазваляў у 1985 годзе за сьвяткаваньне Купальляў   у музею, дзе працаваў Сяржук Сокалаў, заплаціць судовыя штрафы.

Мае фотапавелічальнік і “чырвоная лямпа” працавалі безь перапынку, як і ў іншых сяброў. Гэта цяпер у інтэрнэце можна знайсьці што заўгодна (трэцюю ўстаўную грамату БНР, напрыклад), але найперш нехта быў павінен выцягнуць такія дакумэнты і тэксты са “спэцхранаў”, сфатаграфаваць, размножыць на фотапаперы.

Былі наладжаныя сувязі зь віленскімі носьбітамі ідэй БНР (Лявон Луцкевіч, Зоська Верас). Зь Вільні вазіліся сотні мэтраў фотастужкі са сфатаграфаванымі перыёдыкай мінулага стагоддзя і кнігі з розных архіваў. Той жа прыватны архіў Зоські Верас, дарэчы.

Адзінай вонкавай дапамогай былі 50 рублёў, якія нам як НЗ далі ўкраінскія калегі.

Па ўсёй краіне ў тыя часы ствараліся незалежныя культурніцкія і асьветніцкія структуры, накшталт гарадзенскай “Паходні”. Да таго, па разьмеркаваньню па Беларусі раз’ехаліся людзі, якія цесна супрацоўнічалі зь менскай “Талакой”. Пазьней гэта і стала арганізацыйным падмуркам стварэньня БНФ.

Пасля заканчэньня ўнівэрсытэта (1983) я працягнуў займацца навукай, паступіў у асьпірантуру. І па наш дзень захапляюся лінгвістыкай. Прыход у асьпірантуру быў з маленькімі прыгодамі. Мяне меліся разьмеркаваць у Полацак, што, зрэшты, было б някепска. Бываў у гэтым горадзе па 10 разоў у год. А які там асяродак — Сокалаў, Арлоў, Мудроў…

У асьпірантуры я з задавальненьнем займаўся гісторыяй беларускай літаратурнай мовы ў Заходняй Беларусі міжваеннай пары. Але плёнам маёй навуковай дзейнасьці стала найперш сучаснае ўпарадкаваньне клясычнай правапіснай традыцыі Браніслава Тарашкевіча, для якой я прапанаваў назву “тарашкевіца”. Звод “Беларускі клясычны правапіс” мы з калегамі Зьмітром Саўкам, Зьмітром Саньком і Юрасём Бушляковым рыхтавалі некалькі гадоў і выдалі ў 2005 годзе.

Па заканчэньні асьпірантуры выкладаў у Пэдагагічным унівэрсытэце. Час тады быў даволі гарачы (прадчуваньне і пачатак перабудовы), таму вучобу і выкладніцкія высілкі я спалучаў з грамадзка-палітычнай дзейнасьцю.

У 1990 годзе Кастусь Тарасаў, які тады быў у якасьці адказнага сакратара, і Уладзімір Крукоўскі, мастацкі рэдактар, запрасілі мяне працаваць у часопіс “Спадчына”, што быў ператвораны з часопіса “Помнікі гісторыі і культуры”. Рэдактарам тады быў Іван Чыгрынаў. Наступала новая эпоха, якую мы як маглі набліжалі. З калегамі (Кастусь Тарасаў, Вячаслаў Ракіцкі, Уладзімір Ляхоўскі ды інш.) мы здолелі ператварыць часопіс у вельмі важны інструмэнт той самай нацыянальнай асьветы, якая рабілася раней праз фотаперадрукі пад “чырвоным сьвятлом”. Цяпер у нас была трыбуна. Часопіс “Спадчына” надрукаваў сотні гістарычных, літаратурных, філязофскіх тэкстаў беларускай клясычнай несавецкай традыцыі.

Пачалася эпоха інтэрнэту, і цяпер “Спадчына” аблічбоўваецца, каб заіснаваць для маладых, якія ведаюць словы “сайт”, “рэсурс” і “фэйсбук” лепш за слова “бібліятэка”.

У тым жа годзе я адразу адгукнуўся на прапанову Уладзіміра Коласа запачаткаваць незалежную беларускую адукацыю. Перш гэта былі нядзельныя курсы, якія хутка ператварыліся ў Беларускі гуманітарны ліцэй. Так што ганаруся, што быў сярод яго заснавальнікаў. Прапрацаваў там шмат гадоў, да моманту, як узначаліў БНФ; уклаў ліцэйскі курс “Гісторыя і культура беларускай мовы”.

І яшчэ. Мы зь Пётрам Садоўскім уклалі першыя беларускамоўныя праграмы для дзіцячых садкоў і беларускамоўную чытанку для дашкольнікаў. Раней такога не было ніколі, кніга вытрымала ўжо два выданьні, рыхтуецца трэцяе.

Яшчэ ў Берасьці аднакласьнікі называлі мяне па мянушцы “Палітык”, таму што я чытаў газеты, ведаў усе навіны і прозьвішчы многіх палітыкаў. У тым ліку і замежных.

Напэўна, і гэта паўплывала на жыцьцёвыя арыентыры.

Да самага стварэньня БНФ існавала падпольная “Група Незалежнасьць”, якая стаяла на антыкамуністычных і незалежніцкіх падмурках. Мы даволі цесна супрацоўнічалі з літоўцамі і добра разумелі, што беларусам таксама трэба рухацца наперад.

У верасьні 1988 года нас з Алесем Сушам выклікалі на вайсковыя зборы ў Мар’інай Горцы. Напэўна, каб выключыць з актыўнага палітычнага жыцьця. Атрымалася наадварот. Мы яшчэ ўвесну разам зь Віктарам Івашкевічам і Алесем Бяляцкім прыйшлі да высновы, што ў Беларусі трэба стварыць нешта накшталт літоўскага “Саюдзісу”. Акурат дарэчы, як мы лічылі, надараўся ўстаноўчы сход таварыства памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў “Мартыралёг”.

Так і зрабілі. З Сушам мы зьбеглі туды ў чым былі – у лейтэнанцкай форме, што адразу стала прадметам шэпту — “Армія з намі!”. На паседжаньні высьветлілася, што такія ж самыя думкі ў Зянона Пазьняка. У сваім выступе я прапанаваў стварыць нешта большае, чым асьветніцкія структуры, а Пазьняк паставіў на галасаваньне падрыхтаваную раней і падтрыманую Васілём Быкавым прапанову аб утварэньні аргкамітэту руху БНФ “Адраджэньне”.

Так у маім жыцьці пачаўся новы эпахальны перыяд. І да 2009 года яму была ахвяраваная большая частка майго жыцьця. Прайшоў я праз усе ўзьлёты і заняпады БНФ. Так склалася, што я ня трапіў у Вярхоўны Савет на выбарах 1990 года. Не хапіла не галасоў, а яўкі, якая была штучна заніжаная камуністычнымі ўладамі на трох выбарчых участках сталічнай вуліцы Валадарскага. Таму я быў, як кажуць, звычайным “палявым камандзірам”. Фракцыя БНФ актыўна працавала ў парлямэнце, а мы (Івашкевіч, Бяляцкі, Суша, я ды іншыя) працавалі арганізацыйна, трымалі сувязі з грамадзтвам, выконвалі “чарнавую” працу.

Пра гэта можна распавядаць суткамі. Таму рабіць гэтага не буду. Адзначу толькі, што калі напачатку я абапіраўся на “майстроўскія” і “талакоўскія” кантакты, то потым кола знаёмстваў вельмі моцна пашырылася. Сёньня ў кожным раённым, абласным цэнтры ёсьць людзі, да якіх пры неабходнасьці я магу зьвярнуцца.

Многія памятаюць магутныя рабочыя страйкі тых гадоў, рабочыя мітынгі, якія прымалі фронтаўскія рэзалюцыі, абвешчаньне незалежнасьці, зьмену дзяржаўнай сымболікі (што асабіста мне важна яшчэ і таму, што на паседжаньні “Талакі” я ўпершыню ў пасьляваеннай Беларусі прачытаў публічную лекцыю пра бел-чырвона-белы сьцяг, за што атрымаў прачуханца ад камуністычных прапагандыстаў і цэлую кампанію выцьця ў іхнай прэсе).

Пра зьмену сьцяга над  Домам ураду ў мяне ўспамін неадназначны. Зроблена ўсё было паціху. Мы думалі, што будзе ўрачыстасьць, чырвона-зялёны сьцяг здымуць і аднясуць у музэй, а мы засьпяваем гімн падчас узьняцьця нашага нацыянальнага сьцяга. Нічога падобнага. Уначы адзін сьцяг банальна памянялі на другі. Як сказаў тады Віктар Івашкевіч, “адбылася рэвалюцыя заўхозаў…”

Далей наступілі фронтаўскія будні. Былі спачатку посьпехі – незалежная Беларусь набывала нашымі намаганьнямі шанец адбыцца як свабодная дзяржава. Потым – памылкі і паразы.

У 1999 годзе канчаткова стала зразумела, што Зянон Пазьняк з-за мяжы ня можа паўнавартасна рэагаваць на зьмены ў краіне, ствараць абсалютна неабходныя для барацьбы з рэжымам кааліцыі. БНФ хутка губляў свой уплыў на грамадзтва. Сябры ўрэшце ўгаварылі мяне пайсьці на старшынства ў БНФ.

Калі нехта зайздросьціць і называе гэта “цёплым месцам”, ён моцна памыляецца. Кіраваць палітычнай партыяй, калі яна ў сапраўднай, а не імітаванай апазыцыі да рэжыму, – значыць ісьці на поўнае самаабмежаваньне. Гэта штодзённыя стрэсы і рызыка. У сям’і бываеш рэдка, вольнага часу не бывае па вызначэньню, плюс пастаянныя арышты. І на звычайную працу нікуды не ўладкавацца пасьля такога старшынства.

Калі ў 2007 годзе на пасаду старшыні БНФ пайшоў мой аднадумец Лявон Баршчэўскі, я шчыра парадаваўся, аднак, як высьветлілася потым, зарана. У 2009 годзе да кіраўніцтва партыяй БНФ, на маю думку, прыйшлі людзі, якія не падзяляюць традыцыйных фронтаўскіх каштоўнасьцяў. Я не лічу, што зь існым рэжымам можна пра нешта дамовіцца, я перакананы, што Лукашэнка ёсьць не гарант беларускай незалежнасьці, а пагроза ёй. У гэтым маё прынцыповае разыходжаньне зь цяперашнім кіраўнцтвам БНФ. Свабоду і незалежнасьць разьдзяляць нельга.

Падобным са мной чынам  зрабілі ўсе, хто ствараў БНФ і хто такую магчымасьць мае ўвогуле. Упэўнены, каб яна была, побач з намі быў бы і Алесь Бяляцкі. Дарэчы, з ім у 1982 годзе нас пазнаёміў мастак Мікола Купава. Два месяцы працавалі побач на раскопках Мірскага замку. Прайшлі разам гады супольнай рызыкоўнай падпольнай працы ў савецкі час. Гэтаму чалавеку я веру як сабе і не дарую тым, хто цяпер сьмее яго абражаць.

Пачатак будучыні

Падчас вучобы ва ўнівэрсытэце я ажаніўся з сваёй аднаклясьніцай Арынай. Яна зь сям’і прафэсара Тэхналягічнага інстытута Паладзія Поўзіка. Нарадзіліся трое дзяцей – Радаслава, Францішак і Ружана. Усе яны вучыліся (а Ружана вучыцца зараз) толькі па-беларуску, так што досьвед змаганьня з чыноўнікамі ад адукацыі ў мяне вельмі добры. Нават ў беларускамоўныя дзіцячыя садкі хадзілі.

Радаслава юрыст  і прадпрымальніца. Франак журналіст, спэцыяліст у новых мэдыях. Ён прысутнічае ў інфармацыйнай прасторы больш, чым я. А Ружана яшчэ вучыцца ў 23-й беларускамоўнай гімназіі.

На жаль, летась раптоўна і заўчасна Арыны ня стала.

Аднак вернемся да грамадска-палітычных рэчаў. Калі ўспомніць савецкія часы, то ў тым жа 1985 годзе, калі толькі пачыналася перабудова, амаль ніхто не мог сабе ўявіць, што Савецкі Саюз калі-небудзь разваліцца.

А мы ў гэта верылі. Як і ў тое, што ў сучаснай улады вельмі падобныя перспектывы. Беларускую ідэю (лічу сябе верным ёй заўсёды) немагчыма цалкам зьнішчыць. Гэта пыталіся зрабіць і царскія ўлады, і камуністы з фашыстамі. Пад пагрозай яна і сёньня, аднак я ўпэўнены, што той пачварны эксперымент, які мы назіраем зараз, калі-небудзь абавязкова ганебна скончыцца.

Тое, што рабіла маё  пакаленьне змагароў за беларушчыну, не было марным. Некалі ўсё адродзіцца зноў.”

1 Тэкст гутаркі на жаданьне суразмоўцы запісаны клясычным правапісам (тарашкевіцай). 

%d0%b2%d1%8f%d1%87%d0%be%d1%80%d0%ba%d0%b01 %d0%b2%d1%8f%d1%87%d0%be%d1%80%d0%ba%d0%b02 %d0%92%d1%8f%d1%87%d0%be%d1%80%d0%ba%d0%b03 %d0%b2%d1%8f%d1%87%d0%be%d1%80%d0%ba%d0%b04