Віданава Ірына

%d0%92%d0%98%d0%94%d0%90%d0%9d%d0%9e%d0%92%d0%90-1

  • З кнігі “Арытмія, альбо Код супраціву”

 

З самага пачатку работы над гэтым нарысам я ведаў, што ён стане адзіным, які не будзе надрукаваны ў газеце “Новы час”. Па прычынах выключна этычных, бо яго гераіня – дачка галоўнага рэдактара выдання, а прозвішча Кароль “страціла”, калі выйшла замуж. Аднак мой журналісцкі выбар адбыўся зусім не па гэтай прычыне. І нават не таму, што мы калегі. Проста зрабіць інакш было б цалкам нелагічна, бо Ірына Віданава — вельмі заўважная прадстаўніца грамадзянскай супольнасці Беларусі.

 

Дзяцінства

З меркавання самой Ірыны, яно было цудоўным. І не таму, што яна нарадзілася пад знакам “Казярога” (10 студзеня 1978 года, Мінск), а таму, што пашчасціла на бацькоў, старэйшага брата, дзядуляў і бабуляў на абодва радаводы.

Дзяцінства праходзіла ў звычайнай двухпакаёўцы сталічнай “Курасоўшчыны”. У сямейнай атмасферы прысутнічала не патрыярхальная вертыкаль “бацькі—дзеці”, а ўзаемная любоў. Там не крычалі, не чыталі натацый, не павучалі і выхоўвалі, а размаўлялі, спрачаліся, іранізавалі. І чулі адзін аднаго, не зважаючы на ўзрост. Кнігі на паліцах былі не дэталямі інтэр’ера, а элементам паўсядзённага жыцця.

Як патлумачыў мне Аляксей Кароль, узаемаадносіны з дзецьмі яны з жонкай імкнуліся ладзіць на тых жа прынцыпах павагі, што і з дарослымі, толькі з меншым досведам і ведамі.

Што азначала, быць да іх больш уважлівым і пяшчотным, не раздражняцца, але і не сюсюкаць, проста любіць. Самадысцыпліна і самаарганізацыя – не па прымусу, а па ўласным разуменні на сваю ж карысць. Пры такім стаўленні бацькоў, напоўненымі любоўю, павагай ды сапраўдным сяброўствам заўжды былі і застаюцца адносіны паміж Ірынай і яе старэйшым братам Сяргеем.

Аляксея Сцяпанавіча Караля, якому і належыць ідэя гэтай серыі нарысаў, добра ведаюць не толькі журналісты. Кандыдат гістарычных навук, палітолаг, адзін са стваральнікаў партый сацыял-дэмакратычнага накірунку. Менавіта ён рэдагаваў забароненую ўладамі “Згоду” і менавіта ён змог “запусціць” апазіцыйную газету “Новы час”. У апошняе дзесяцігоддзе такое амаль немагчыма…

Вольга Мікалаеўна Кароль па адукацыі настаўнік біялогі і хіміі. Але пры гэтым добра ведае літаратуру, мастацтва. Працавала ў харэаграфічным каледжы. Выключна добразычлівая да людзей. Пра такіх кажуць: “Выратоўвае ўвесь свет”, бо ўвесь час некаму дапамагае. Удзельніца апазіцыйных дэманстрацый і мітынгаў, хаця наўпрост і не з’яўляецца сябрам нейкай структуры.

Да дзявятага класа вучылася Ірына ў СШ №119 з музычным ухілам. З чатырох год танчыла ў дзіцячым ансамблі “Равеснік”. Часткова пад уплывам бабулі Лізаветы Андрэеўны Полазавай. Паходзіла бабуля са шляхецкай французска-расійскай сям’і і лічыла, што дзяўчына павінна быць высокаадукаванай, у тым ліку, пры любой прафесіі, умець іграць на нейкім музычным інструменце, танчыць (быць грацыёзнай) і валодаць хаця б адной замежнай мовай.

Музыкай і танцамі ў дадатак да стандартнай школьнай праграмы Ірына займалася з асалодай, але так склаўся яе лёс, што ўсе каштоўнасці бабулі дапамаглі ў прафесійным развіцці дзяўчыны і сталі часткай яе асобы.

 

Першае выпрабаванне

Пасля заканчэння дзевяці класаў Ірына паступіла ў Ліцэй БДУ на “гісторыю і філалогію”, дзе традыцыйна быў “шалёны” конкурс. Я не пра “ конкурс пап и мам”. На той час гэта была ўстанова новага фармату, а яе стваральнікамі былі людзі высокіх памкненняў з марай замест школы савецкай казёншчыны стварыць школу не толькі глыбокіх ведаў, але і ліцэйскага духу – свабоднай думкі, самакіравання, вольналюбства.

Адзін толькі штрых з ліцэйскага жыцця таго першага перыяду: на вечарынах, што ладзілі выключна ліцэісты, абавязкова былі і пародыі на выкладчыкаў, у тым ліку на тагачаснага дырэктара ліцэя Генадзя Уладзіміравіча Пальчыка. “Блат” тут не вырашаў анічога… Паступіць у ліцэй – не самае галоўнае… Там яшчэ трэба было паспяхова вучыцца…

Ірына паступіла ў ліцэй у 1992 годзе, а скончыла ў 1994. Менавіта на той час прыходзяцца першыя крокі незалежнасці нашай краіны і ўсталявання дэмакратычных свабод. Хто памятае, пацвердзіць, што гэта была сапраўдная (і моцная) хваля нацыянальнага адраджэння. Шматлікія мітынгі. “Талака”. Першыя кнігі Уладзіміра Арлова.

Спадзяюся, астатнія літаратары не пакрыўдзяцца на мяне за такі “ланцужок”. А прозвішча паважанага мной пісьменніка я ўзгадаў перш за ўсё па той прычыне, што менавіта па яго творах Ірына рыхтавалася да ўступных іспытаў у ліцэй.

Праз два гады вучобы паўстала праблема выбару паміж гісторый і філалогіяй. Перамог першы накірунак, і ў 1994 годзе Ірына Кароль паступіла на гістфак БДУ. Падчас студэнцтва яна выйшла замуж і стала Віданавай. Менавіта гэта прозвішча больш вядома і ў нашай краіне, і за мяжой, таму ў далейшым я буду выкарыстоўваць толькі яго.

І яшчэ. Пачатак дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя адзначаны павышанай увагай да ўсяго нацыянальнага і ў нейкім сэнсе нават новай хваляй беларусізацыі. У ліцэі Ірына вучылася выключна на беларускай мове. І нават  ва ўніверсітэце на гістарычным факультэце існавалі дзве плыні – з беларускай мовай навучання (якую і абрала Ірына) і з рускай. Але ўжо з другога курса, нягледзячы на пратэсты студэнтаў, многія лекцыі пад рознымі падставамі, у якасці выключэння (напрыклад, з-за адсутнасці адпаведных беларускамоўных спецыялістаў), сталі чытацца на рускай мове.

Пасля 1994 года выключэнне стала правілам.

 

Новы час

Гэта не назва газеты. Гэта – перыяд жыцця.

Навуковым кіраўніком Ірыны на гістарычным факультэце БДУ быў Павел Алегавіч Лойка. Цудоўны чалавек і ў вышэйшай ступені прафесіянал, якіх зараз становіцца ўсё менш і менш… На жаль, некалькі гадоў таму ён пакінуў гэты свет.

Пад яго кіраўніцтвам Ірына Віданава напісала ўсе свае навуковыя працы падчас вучобы ва ўніверсітэце і паступіла ў аспірантуру. Яшчэ на чацвёртым курсе яе запрасілі выкладаць. Спачатку гэта быў філіял Ліцэя БДУ, потым сам Ліцэй, а потым выкладала і ў самім універсітэце. Спецыялізацыя – беларускае сярэднявечча.

Адсюль і з’ехала працягваць вучобу ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Прычым, не па “апазіцыйнай лініі”, а самым, што ні ёсць афіцыйным чынам. Выйграла конкурс на стыпендыю, заснаваную сенатарам Эдмундам Маскі. Адбылося гэта ў 2004 годзе, то бок тады, калі стаўленне ўлады да ўсяго замежнага было ўжо, мякка кажучы, не вельмі станоўчым.

У Інстытуце палітычных даследаванняў Універсітэт Джонса Хопкінса Ірына Віданава скончыла магістратуру. Асноўная частка інстытута (кампус) месціцца ў Балтыморы (штат Мэрыленд), які знаходзіцца ўсяго ў 40 хвілінах ад Вашынгтона, дзе дзяўчына вучылася яшчэ і ў Вышэйшай школе міжнародных адносінаў (SAIS). Вынік – дыплом магістра публічнай палітыкі і міжнародных адносінаў. І менавіта Ірыне аднакурснікі даручылі (па традыцыі – па выніках таемнага апытання) выступіць з развітальнай прамовай на выпускной цырымоніі.

Паралельна з навучаннем, каб у дадатак да акадэмічных ведаў атрымаць практычны досвед, Ірына працавала ў шэрагу міжнародных даследчыцкіх праектаў і вядучых аналітычных цэнтрах, а таксама ў важны для Беларусі выбарчы 2006 год стала вашынгтонскім карэспандэнтам беларускай службы Радыё Свабода.

Па заканчэнні вучобы яна атрымала некалькі прапаноў застацца на працу ў ЗША, але падзякавала і вярнулася ў Беларусь. Ёй зноў прапанавалі выкладаць у БДУ, аднак Ірына ўжо па-іншаму бачыла свой далейшы шлях.

Уваходны квіток

Яшчэ студэнткай БДУ Ірына неяк завітала ў Задзіночанне беларускіх студэнтаў (ЗБС). Той візіт і стаўся своеасаблівым “уваходным квітком” у “трэці сектар”. Падчас размовы з Алесем Міхалевічам, які тады быў старшынёй ЗБС, яна мімаходзь прыгадала, што некалі хацела паступаць на журфак. Той і прапанаваў ёй рэдагаваць бюлетэнь “Студэнцкая думка”, зрабіць з яго паўнавартасны часопіс.

Моладзь у такіх выпадках кажа “у-п-с”, бо акрамя назвы, кароткай архіўнай гісторыі бюлетэня і ўмеючага вярстаць тэксты аднаго з заснавальнікаў ЗБС Зміцера Вайцеховіча ў актыве Ірыны Віданавай больш нічога не было. У тым ліку і ўласнага адпаведнага досведу.

Так з 1998 года, па словах самой Ірыны, яна “прыляпілася” да журналістыкі. У 1999 годзе часопіс “Студэнцкая думка” атрымаў афіцыйнае пасведчанне аб рэгістрацыі, якое было анулявана Міністэрствам інфармацыі ў 2003 годзе.

Часопіс працягваў выходзіць у андэграўндзе, але ў лістападзе 2005 года яго “зачысцілі” канчаткова. Гучна канфіскавалі ўвесь наклад па той прычыне, што фарба, якой ён быў надрукаваны, быццам бы ўтрымлівала атрутныя рэчавы.

Іншым разам забароны і рэпрэсіі стымулююць крэатыўную думку. У 2006 годзе рэдакцыя прыдумала новы фармат часопіса. Прынцыпова новы не толькі ў Беларусі, але і ў свеце – лічбавы, на кампакт-дысках. Сярод моладзі ён хутка набыў папулярнасць. Змянілася таксама назва – “Мультымедыйны часопіс 34”. Скарочана – “34 Мэг”, а для тых, хто аддае перавагу замежным мовам, – “34 Multimedia magazine”. Тым жа, хто лічыць сябе заядлым юзерам, больш вядомы яго адрас у інтэрнэце — www.34mag.net.

Прыходзілася чуць розныя тлумачэнні наконт новай назвы, таму з задавальненнем раз і назаўсёды (спадзяюся) пастаўлю словамі самой Ірыны Віданавай тут канчатковую кропку: “Лагатыпам “Студэнцкай Думкі” былі стылізаваныя літары CD. Каб захаваць гістарычную сувязь паміж друкаваным выданнем і яго рэінкарнацыяй як мультымедыйнага часопіса на CD, падчас адной з дыскусій у рэдакцыі прыдумалася назва 34, паколькі літары C і D маюць парадкавыя нумары 3 і 4 у лацінскім алфавіце”.

Замест p.s.

У працэсе работы над гэтым нарысам адбыліся дзве падзеі, пра якія варта нагадаць і тут.

Першая. Мультымедыйны часопіс “34” атрымаў міжнародную прэмію Free Media Pioneer Award Міжнароднага інстытута прэсы.

Другая. Дзякуючы “Фэйсбуку”, я даведаўся, што ў 2008 годзе на факультэце журналістыкі БДУ была абароненая станоўчая па зместу курсавая работа з назвай “Канцэптуальны аналіз часопіса “Студэнцкая думка”, а навуковым кіраўніком курсавой значыўся прафесар Алег Георгіевіч Слука. Той самы, што некалі на пасадзе намесніка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі прыдумаў абракадабру наконт дзяржаўнай беларускай ідэалогіі…

Вельмі паказальна, што замежныя адзнакі супалі з “унутрыбеларускімі”. Так бывае толькі тады, калі сапраўды — “няма пытанняў”.

01.06.12

 

%d0%92%d0%98%d0%94%d0%90%d0%9d%d0%9e%d0%92%d0%90-2 %d0%92%d0%98%d0%94%d0%90%d0%9d%d0%9e%d0%92%d0%90-4 %d0%92%d0%98%d0%94%d0%90%d0%9d%d0%9e%d0%92%d0%90-4-3 %d0%92%d0%98%d0%94%d0%90%d0%9d%d0%9e%d0%92%d0%90-5