Вінаградава (Гарохавік) Святлана

%d0%b2%d0%b8%d0%bd%d0%be%d0%b3%d1%80%d0%b0%d0%b4%d0%be%d0%b2-7

 

  • З кнігі “Супраць плыні”

 

 Святлана нарадзілася ў Барысаве ў другі год перабудовы — 28 верасня 1986. Мабыць, адсюль і прага да рэвалюцыйнага. Хаця першапачаткова  ўсё пачыналася як звычайна – фізіка-матэматычны клас мясцовага ліцэя, вышэйшая навучальная ўстанова, якой стаў факультэт прыкладной матэматыкі  і інфарматыкі БДУ, тры гады жыцця ў інтэрнаце. Чаму не ўсе пяць?

На гэта пытанне адкажа першая частка яе маналога:

 

— Я была тады ў “Еўрапейскай Беларусі”, і мы рыхтаваліся да “Еўрапейскага маршу”. Дакладней, распаўсюджвалі папяровую прадукцыю. Напэўна,  адпаведныя органы гэта ведалі, таму за 10 дзён да маёй “пасадкі” яны “накрылі” кватэру на вуліцы З. Бядулі, дзе ў нас знаходзіўся офіс. Арыштавалі тады Леаніда Навіцкага, якога “пасадзілі” на 10 сутак.

Праз гэты тэрмін мы прыехалі на Акрэсціна яго сустракаць. Я села з Лёням у адно таксі.

У іншым офісе на  Заслаўскай паелі і паехалі (ужо на  іншай машыне) сустракацца з  сябрамі Навіцкага (актывістамі “Еўрапейскай Беларусі”). Каля Трактарнага завода машыну спынілі даішнікі і да нас хутка пабеглі нейкія хлопцы ў спартовых касцюмах. Ніякіх парушэнняў правілаў дарожнага руху мы не рабілі, таму адразу зразумелі, што “нешта не так”. На жаль, не памыліліся.

На даішнай машыне нас прывезлі  ў Цэнтральнае РУУС, дзе саставілі пратакол, што мы быццам бы на Заслаўскай вуліцы лаяліся матам, размахвалі рукамі, а яшчэ я пагражала супрацоўнікам міліцыі непрыемнасцямі па службе. І нікога не засмуціла, што мы ў той момант былі ў зусім іншым месцы горада…

Бацькам  патэлеванаваць не далі. Адзінае, я паслала sms Пашу. Ён прымчаўся ў РУУС, пачаў нешта высвятляць, але яго адтуль хутка выгналі.

 Ноч мы пераначавалі на Акрэсціна, а потым быў суд. Першаму 15 сутак далі Зміцеру Бародка, потым столькі ж атрымаў Лёня Навіцкі (правёў на свабодзе толькі некалькі гадзін), а апошняй судзілі мяне. Мабыць, яны хацелі зрабіць выгляд, што “разбіраюцца”, таму маю справу суд разглядаў каля гадзіны. Усе вакол (нават ахоўнікі) чамусьці былі ўпэўнены (альбо рабілі выгляд), што мне дадуць штраф і адпусцяць на волю. Памыліліся. Я атрымала “свае” 15 сутак. 

Перад вяртаннем на Акрэсціна дазволілі зрабіць адзін званок маці, але з ёй не было сувязі, і я патэлефанавала да старэйшай сястры Марыны.

Аказалася, мама ўсё ведала сама – мацярынскае прадчуванне. Яна адчула гэта ноччу ў дзень арышту. Мой тэлефон не адказваў. Пачала шукаць і праз некалькі гадзін аб усім даведалася ад Пашы.

“Класічны” прэвентыўны арышт. Мяне хацелі адлічыць з універсітэта, але праваабаронцы пачалі прыходзіць і тэлефанаваць у БДУ. Словам, давучыцца  далі, але са студэнцкага інтэрната выгналі.

Было гэта ў 2007 годзе, а за год да гэтага мы пазнаёміліся з Паўлам.

Стаяла позняя восень. Іван Шутко, які кіраваў суполкай  “Еўрапейскай Беларусі” Першамайскага раёна сталіцы, запрасіў на сустрэчу, дзе прадставіў усіх, хто там будзе працаваць.

З Пашам мы сябравалі больш за год. І не толькі па “палітычных” матывах. Гулялі разам, хадзілі ў кіно.  Ён пазнаёміў са сваімі сябрамі, я – са сваімі. Кола сяброў стала агульным, а потым з сяброўства вырасла іншае пачуцце…

 

Выпрабаванні кахання

 

Хаця тыя “суткі” і сталі для Святланы першымі (і пакуль апошнімі) у яе жыцці, яны маглі адбыцца на паўгады   раней. Зноў “Чаму?” і зноў  адкажам з дапамогай Святланы Гарохавік:

 

“– Калі адмянілі ільготы на праезд студэнтам і пенсіянерам, група моладзі вырашыла правесці на Нямізе адпаведную акцыю. Называлася яна “Пахаванне ільготаў”. Зрабілі чорную кардонную труну і навесілі на яе ільготны талончык на праезд.  Былі вянкі, плакальшчыцы,  дзяўчаты надзелі жалобныя  касынкі, а некалькі чалавек –  чорнае. Словам, усё як мае быць.

 Першым з перавязаным чорнай стужкай ільготным талонам на праезд ішоў Паша. Далей з вянкамі я і Аляксандр Баразенка. “Працэсія” рухалася ад  “Макдональдсу” да станцыі метро “Няміга”. Ішло 50–60 чалавек.

Паспелі прайсці даволі многа, метраў дзвесце, аж да самага моста. Глядзелася ўсё вельмі паважна. Людзі спыняліся і ўспрымалі ўсё вельмі пазітыўна.  Рыхтаваліся    сакрэтна, і таму міліцыянты нічога не ведалі пра нашу акцыю.

Наколькі я памятаю, убачылі  нас выпадкова: па вуліцы Няміга  ехала патрульная машына. Спыніліся і пачалі зваць па рацыі дапамогу. Для іх гэта было цалкам нечакана, бо звычайна ўсе апазіцыйныя акцыі ўжо чакаюць “з камерамі”, а тут іх не было.

З “уазіка” выскачылі чатыры міліцыянты і пачалі хапаць усіх падрад. Забралі аднаго хлопца і пачалі “цягнуць” мяне. Паша гэта ўбачыў і кінуўся бараніць. Мяне ён адбіў, а сам трапіў на “пяць сутак”.

 

З 2008 года Святлана Гарохавік і Павел Вінаградаў пачалі жыць разам, а з 2010  працаваць у някляеўскай “Гавары праўду”.

Раніцай 19 снежня 2010 года Святлана паехала ў родны Барысаў,  дзе  моцна хваляваліся бацькі. Бліжэй да вечара вярнулася, і яны з Паўлам пачалі  збірацца “на Плошчу. Ён уключыў на паўтор песню Вінсэнта “Веру!”, якая  заўжды падымае баявы дух і настрой. Разлічвалі, што будуць начаваць “на Плошчы”, таму бралі з сабой вельмі шмат цёплага адзення, тэрмас з гарачай гарбатай, шакалад. Ніякіх прадпасылак на сумны вынік тады не было, таму маладзёны  настройваліся выключна на нешта мірнае. Сустрэліся са сваімі сябрамі і разам пайшлі да офісу Уладзіміра Някляева, які тады месціўся на Нямізе, 42. Там ужо было даволі шмат людзей. Ва ўсіх пазітыўныя настроі. Потым Андрэй Дзмітрыеў сказаў, што ў 50-ці метрах па маршруце іх руху стаіць міліцэйская машына, якая, напэўна, будзе перашкаджаць. Папрасіў узяць у “жывое кола” мікрааўтобус са гукаўзмацняльнай апаратурай .

Святлана Гарохавік ішла перад мікрааўтобусам і, калі ўзгаданае аўто “перакрыла” рух, аказалася прама перад ім. Някляеў заклікаў адсунуць яе ў бок, і ў гэты момант адразу выскачылі “людзі ў чорным”. Пачалі ўзрывацца  шумавыя (калі гэта былі яны) гранаты. Нападнікі пачалі піхаць ззаду  мікрааўтобус “Гавары праўду”, і Святлану, як і некаторых іншых, прыціснула да машыны ДАІ. Гэта быў сапраўдны жах, бо абаронцаў магло банальна “расплюшчыць”.

Потым пачалася бойка, дакладней, адпор, які спрабавалі даць  звычайныя людзі добра падрыхтаваным фізічна “людзям у чорным”.  Аднак, як кажуць у такіх выпадках, сілы былі няроўныя. Тых, хто пытаўся супрацьстаяць   (і журналістаў – заўвага аўтара),  кінулі “тварам у снег”, з боку кіроўцы кулакамі  разбілі шкло. Выцягнулі і пачалі біць вадзіцеля, а потым пачалі выцягваць апаратуру. Як толькі  гэта зрабілі, паступіў сігнал уходзіць і нападнікі “зніклі”. Людзі пачалі падымацца і ўбачылі, што чалавек у чырвонай куртцы застаўся ляжаць. Гэта быў непрытомны і моцна збіты Уладзімір Някляеў.

Далейшыя падзеі пераказваць няма сэнсу, бо яны добра вядомыя. Калі коратка, то неўзабаве Святлана Гарохавік разам з Паўлам Вінаградавым і іншымі аказаліся на Кастрычніцкай, а потым на плошчы Незалежнасці. Усё, што адбылося далей, яна зноў распавядзе сама:

 

“–Калі  пачулі звон разбітага шкла, ніхто адразу не зразумеў, што адбываецца. Праз некаторы час туды трапіў і Паша. Як высветлілася потым, гэта каштавала яму чатырох гадоў зняволення…

АМАП паявіўся амаль адразу ж. Нас пачалі “адцясняць”. Каб нічога не здарылася, Паша “аддаў” мяне ў рукі агульнага сябра Цімафея Зойкі — “прыглядаць” за тым, каб са мной нічога не здарылася.

Даволі хутка пачалася “зачыстка”, нас “адсеклі” ад асноўнага натоўпу і стала зразумела – будуць браць. Мы пабеглі. У гэты момант я пашкадавала, што надзела валёнкі. Мякка кажучы, бегчы ў іх не вельмі зручна… Асабліва з цяжкім заплечнікам на плячах… 

 Неаднаразова азіраючыся,  убачыла,  што Паша застаўся на ачэпленым АМАПАМ “пятачку”.  Я разумела, што ён адтуль не вырвецца. Хацелася вярнуцца. Было жудасна…

Падзеі разгортваліся і змяніліся амаль імгненна, як у хроніцы, дзе ўключылі хуткую дапамогу.

Па дарозе мы адбілі ад амапаўцаў аднаго з нашых сяброў, і я нечакана зноў убачыла побач з сабой Пашу. Сапраўдны момант шчасця. З ім усё ў парадку.

Разам  прыйшлі  на прыпынак грамадскага транспарту каля “Макдольдсу”, што на Нямізе, убачылі там трох  “ціхароў”, якіх ведаем па розных акцыях, селі ў першы ж аўтобус і з’ехалі. Праз 10 хвілін на тым прыпынку адбыўся “хапун” і ўсіх забралі ў аўтазак.

Апынуліся ў другім канцы горада, дзе вызвалі таксі і паехалі да дому.

Амаль усю астатнюю ноч глядзелі “Еўраньюс”, а з раніцы БТ паказала зялёны мікрааўтобус “са зброяй”. Доўга смяяліся, таму  што ведалі – на самой справе ён быў белым, а “зброяй” сталі звычайныя дынамікі”.   

 

Пакараныя валёнкі

 

У футболе ёсць такі тэрмін – адтэрмінаваны штраф. Гэта калі суддзя   за парушэнне  карае крыху пазней. Нешта падобнае адбылося і з Паўлам Вінаградавым. Усе наступныя дні са Святланай яны чыталі з інтэрнэту  навіны, якія складаліся амаль з адных арыштаў і ператрусаў. Усё гэта падказвала – з’ехаць. Тым больш, што магчымасць такая ёсць: маці Паўла зараз жыве ў Італіі. Але рабіць гэтага ён прынцыпова не стаў.

“Забралі” больш чым праз дзесяць дзён пасля падзей на плошчы Незалежнасці, у той момант, калі ўсе ўжо супакоіліся. “Вылічылі” па адзенні. Параўналі запісы  “захопу” някляеўскай апаратуры з кадрамі,  якія былі знятыя каля Дома ураду, і ўбачылі там адну  і тую ж куртку, а па ёй і яе ўладальніка – Паўла Вінаградава.

Вечарам 4 студзеня пачаўся вобыск. Цягнуўся ён да пятай гадзіны раніцы новага дня. Акрамя ўсялякіх носьбітаў нейкай інфармацыі (камп’ютар, ноўтбук, плэер, флэшкі) часова “канфіскавалі” ўсе кнігі паэта Уладзіміра Някляева, некалькі кофтаў, шапак, шалікаў Паўла і нават валёнкі.

Цікавая гісторыя была з лекамі, якія Вінаградаву даслала з  Італіі маці Аляксандра Канстанцінаўна. Усе надпісы на ампулах былі, зразумела, на італьянскай мове. Следчыя яе не разумелі і таму вельмі ўзрадаваліся – наркотыкі. Праз некалькі месяцаў зрабілі экспертызу і лекі прыйшлося вярнуць назад… Але самае каштоўнае пакуль не вярнулі, напрыклад, грошы Святланы Гарохавік. Напэўна той,  хто шукаў нейкі “заходні след”, быў моцна расчараваны:  175 еўра, 2 даляра і 200 расійскіх рублёў  ніяк не “цягнуць” на  “ дзяржаўны пераварот”. Іх мала нават для “шэдэўраў” тыпу  “Жалезам па шклу”.

Потым суд вырашыў усё гэта вярнуць. Прайшло ўжо сем месяцаў, аднак іх (як і раней) няма. Святлана ўжо двойчы пісала адпаведныя заявы. Нічога не хачу сказаць, але ўжо не першы раз канфіскаваныя такім чынам грошы следчыя вяртаць не спяшаюцца…

Дарэчы,  за экспертызы лекаў, камп’ютараў і іншых носьбітаў інфармацыі, якія праводзілі следчыя па асабістай ініцыятыве, прапанавалася заплаціць самой Святлане. Другімі словамі, заплаціць трэба было за магчымы кампрамат на сябе..

Нонсэнс не змагла не заўважыць нават суддзя “самага гуманнага суда ў свеце”.

Менавіта  яна “ўпаяла” Паўлу Вінаградаву “чатыры гады ўзмоцненага рэжыму” і менавіта яна тройчы дазволіла пасля вынясення столь суровага прысуду Святлане  спатканні са сваім каханым. Нягледзячы на тое, што тады для Вінаградава Гарохавік была афіцыйна нікім.

Матыў чужых учынкаў даволі цяжка ўгадаць. Магчыма, было сорамна, магчыма, нешта іншае, таму канстатуем толькі факт трох спатканняў. А калі яна сышла ў адпачынак, яшчэ два “дадаў” старшыня Кастрычніцкага суда.

Мабыць, прысуд быў бы больш мяккі, калі б Павел агаварыў (што прапаноўвалася не аднойчы) сваіх сяброў і кандыдатаў у прэзідэнты. Не стаў…

 

Чырвонае і чорнае

 

Гэта “нікім” і стала каталізатарам  вяселля, бо па айчыннаму заканадаўству пазбаўленаму волі дазваляюцца сустрэчы толькі з блізкімі роднымі і чальцамі яго  сям’і. Тым больш што такая думка прыйшла  значна раней “Воўчых нораў”, яшчэ на “валадарцы”. Да каго першага? Адкажу так – да абодвух.

… Да сумна вядомай калоніі, што месціцца ў Івацэвічах, яго этапіравалі  трое з паловай сутак, хаця ад Мінска да Івацэвічаў толькі 250 кіламетраў. Тлумачыцца гэта асаблівасцямі беларускай пеніцыярнай сістэмы, якая лічыцца даволі складанай.

Пра вяселле, што адбылося ў “Воўчых норах”  22 ліпеня 2011 года, нешта новае можна дадаць толькі з дапамогай нявесты, якая ў гэты дзень стала жонкай:

 

“– З майго боку  ў Івацэвічы паехалі  бацькі, з Пашынага –  бацька Юрый Аляксандравіч, сведкі Аляксандр Баразенка і  Аліна Лявонава. Плюс дзве мае сяброўкі як “група падтрымкі”, бо адразу было вядома, што ўнутр калоніі іх не пусцяць.  Думкі надзець белую сукенку  не было ўвогуле, бо гэта турма. Вырашыла адзецца ў летні чырвоны сарафан.

Пярсцёнкі  не купляла па двух прычынах. Па-першае, на “зоне” забаронена насіць пярсцёнак. Па-другое, купляць іх (згодна са звычаем)   павінен жаніх. Да таго ж яны не самыя галоўныя ў нашым жыцці.

Перад працэдурай шлюбу  мы заехалі ў Даманава, дзе забралі супрацоўніцу ЗАГСу, з якой была папярэдняя дамоўленасць. У кадравым “раскладзе” калоніі такая адзінка не прадугледжана. 

Пашы доўга не было. Чакалі амаль 15 хвілін. Ахоўнікі, якія стаялі каля ўваходу ў нашае памяшканне, нават жартавалі – перадумаў. Калі ён прыйшоў, мы абняліся (паўгады перапынку) і так стаялі, мабыць, дзве хвіліны. Потым  Паша павітаўся з усімі астатнімі. Ён быў у чорнай турэмнай робе.

Распісалі нас першымі. Другая пара чакала сваёй чаргі, а мы выйшлі ў іншае памяшканне. Размаўлялі там хвілін трыццаць і так гучна смяяліся, што нават атрымалі наконт гэтага заўвагу.

Затым усіх вывелі за межы калоніі, а я вярнулася туды  зноў, каб атрымаць пропуск на доўгатэрміновае спатканне. Гэта было 17 гадзін пятніцы, а працягвацца спатканне павінна было да той жа  гадзіны панядзелка. Аднак апошні панядзелак месяца ў іх “санітарны дзень”, таму некалькі гадзін ад нас “скралі”.

Цяпер мне ў год паложана мець два доўгатэрміновыя спатканні і тры “праз шкло”. Вясельнае было падарункавым”.

 

Навошта “палітыка”

 

Сям’я Святланы Гарохавік амаль тыповая для нашага часу. Бацька Міхаіл Сцяпанавіч працуе будаўніком, маці Галіна Леанідаўна інжынер па абароне працы і тэхніцы бяспекі. Ёсць яшчэ ў яе на два гады старэйшая сястра Марына, якая закончыла Беларускую акадэмію мастацтваў і зараз малюе карціны.  Усе яны падзяляюць палітычныя погляды Святланы.

Сказана крыху пафасна, бо сутнасць гэтых самых поглядаў не ў нейкіх вельмі разумных канцэпцыях, якія пры жаданні можна весці яшчэ з самых старажытных часоў. Усе значна прасцей – жыць нармальна.

Прычым не толькі для страўніка, але і для галавы. На жаль, апошнія 17 год афіцыйная ідэалогія базіруецца толькі на першым. Адна знаёмая распавядала, што блізкая ёй сям’я вырашыла запрасіць у госці сябра іх дачкі. Людзі вельмі адукаваныя, культурныя, інтэлігентныя, яны былі літаральна шакаваны, калі той вынік свайго адпачынку падвёў  выразам “усё было чык-чырык”.

Менавіта да гэтага “чык-чырыка”  сёння і імкнуцца звесці ўсе чалавечыя памкненні. Прымітыўна?  Так.  Аднак гэта задавольвае далёка не ўсіх:

 

“– Напэўна, у мяне іншыя погляды на жыццё, чым у сяброў БРСМа. Я хачу атрымліваць альтэрнатыўную інфармацыю і не жадаю, каб краінай кіраваў чалавек, якога падазраюць у гучных злачынствах. Хачу  даць сваім будучым дзецям якасную адукацыю. Хачу, прыходзячы ў краму,  купляць тое, што мне сапраўды падабаецца, а не тое, што там ёсць.  Хачу жыць дастойна. Зразумела,  многае будзе залежыць ад таго, як я буду працаваць, але ёсць там і нейкія вонкавыя ўмовы.

На жаль, сённяшняя ўлада ператварае краіну ў нешта ірацыянальнае, а людзей у звычайных рабоў. Час ад часу здаецца, што яны ўжо страцілі пэўныя чалавечыя якасці і ператварыліся  ў нейкіх апатычных істот, якія апісаны  ў кнізе Джорджа Оруэла  “1984”.

 Мне становіцца страшна за свой народ, таму і хочацца нешта змяніць”.

Няма сэнсу тут каментаваць што-небудзь. Адзначу толькі, што, пакуль ёсць моладзь, якая разважае менавіта так, мы яшчэ не страцілі надзею на тое, каб не ператварыцца ў сумна знакамітую ўтопію англійскага пісьменніка, альбо ў іншы яго раман – “Скотный двор”.

 

%d0%b2%d1%96%d0%bd%d0%b0%d0%b3%d1%80%d0%b0%d0%b4%d0%b0%d1%9e3 %d0%b2%d1%96%d0%bd%d0%b0%d0%b3%d1%80%d0%b0%d0%b4%d0%b0%d1%9e2