Яроменак Уладзімір

%d1%8f%d1%80%d0%be%d0%bc%d0%b5%d0%bd%d0%b0%d0%ba

З кнігі "Жыццё пасля кратаў"

РАКАВАЯ ЛІЧБА

Даведка: Уладзімір Яроменак нарадзіўся ў горадзе Міёры. Пасля сканчэння сярэдняй школы паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Удзельнік Плошчы-2010. Затрыманы супрацоўнікамі спецслужбаў на наступны дзень, 20 снежня 2010 г., пасля пікету салідарнасці з палітзняволенымі насупраць Дома ўраду. За гэта быў асуджаны на 15 сутак арышту, які ён адбыў у Жодзінскім СІЗА. Па выхадзе адтуль быў выкліканы ў якасці сведкі на допыт у КДБ, які скончыўся 7-сутачным арыштам на Акрэсціна. 28 студзеня арыштаваны ў трэці раз, цяпер ужо як падазраваны па справе аб масавых беспарадках. Змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ. Прад’яўлена абвінавачванне па частках 1 і 2 арт. 293 КК – «Масавыя беспарадкі».14 траўня асуджаны на 3 гады зняволення.
Вызвалены 13 жніўня 2011 года.

Уладзімір Яроменак называе гэтыя дні самымі “чорнымі” у сваім жыцці. 14 траўня 1995 года яму было толькі чатыры гады, таму аб тым, што краіна страціла тады свае нацыянальныя сімвалы ён даведаўся значна пазней

Роўна праз 15 год, 14 траўня 2010 года, ён атрымаў штраф 30 “базавых” , за тое, што вывешваў нацыянальныя (бел-чырвона-белыя) сцягі насупраць Кастрычніцкай плошчы.

14 траўня 2011 года суддзя Наталля Чацьвярткова “адмерала” яму 3 гады пазбаўлення волі за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 года.

Крыніцы беларускасці

” Маю матулю завуць Галіна Маркаўна. Яна нарадзілася ў Горках Магілёўскай вобласці. Пасля з бацькамі яны пераехалі ў Міёры. А вось тата, Мікалай Паўлавіч, мясцовы. Дакладней з вёскі, якая недалёка ад нашага райцэнтру. Пасля вайсковай службы стаў працаваць у горадзе, дзе яны з маці і пазнаёміліся.

Вынікам стала маё нараджэнне — 4 верасня 1990 года.

Амаль усё дзяцінства (да другога школьнага класа) правеў у дзіцячым садку і ў бабулі з дзядулям, якія таксама жылі ў Міёрах.

Звычайна бацькі прывозілі мяне да іх у панядзелак, а ў пятніцу, то бок на выходныя забіралі. Тата часта быў у камандзіроўках, маці нярэдка затрымлівалася на працы, таму магчымасць глядзець за дзіцём бацькі мелі абмежаваную. Тым больш, што ў мяне ёсць старэйшая родная сястра.

Вялікі ўплыў на маё выхаванне аказаў менавіта дзядуля. На жаль, Марка Афанасьевіча з намі ўжо няма…

Калі Беларусь толькі-толькі стала незалежнай МЕНАВІТА ён купіў беларускі буквар. Здаецца, 1992 года выдання. З маленства дзед вучыў мяне чытаць МЕНАВІТА на беларускай мове. Атрымлівалася няблага, бо памяць у мяне даволі добрая. Напрыклад, ужо у тры гады я ведаў знакаміты верш Янкі Купалы. Памятаеце, ” Мой мілы таварыш, мой лётчык.” ?

Па сутнасці МЕНАВІТА дзядуля заклаў у маім светапоглядзе зерне любові да сваёй радзімы і ўсяго беларускага.

У нашым горадзе тры школы. Для мяне (каб было прасцей) абралі тую, што месціцца бліжэй да дзедавай хаты. Вучыўся добра, але выдатнікам ніколі не быў. Школа была рускамоўнай. Беларускай мове і літаратуры прысвячаліся толькі некалькі гадзін на тыдзень, але, як толькі стаў карыстацца камп’ютарам, пачаў цікавіцца нацыянальным рухам і маю ўвагу адразу прыцягнуў “Малады фронт”.Магчыма, таму, што я таксама малады.

Некаторыя афіцыйныя экскурсаводы кажуць, што назва нашага горада пайшла ад расейскага слова “маёры”, але гэта, мякка кажучы, не адпавядае рэчаіснасці. Гістарычная назва горада, дзе я нарадзіўся “Мёры”. Па адной з легендаў, назва ракі Мерыца, на якой размясціўся наш горад, пайшла ад таго, што навокал было шмат балотаў, і дадзенае месца было “мёртвым”, не зусім прыдатным для жытла. А ўжо ад ракі і атрымалася назва гораду – Мёры. Невялічкае мястэчка ўзнікла ў канцы XVI-га стагоддзя, а назва змянілася, калі класічны правапіс перавялі на “наркамаўку”.

Зараз там жыве менш за дзесяць тысяч чалавек.

Увесь час чакаў, калі паступлю ў Мінск, бо Міёры, як бы мовіць, знаходзяцца ў баку ад палітычнага жыцця. Студэнтам Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі стаў без якіх-небудзь цяжкасцей. Літаральна праз некалькі тыдняў пастаяннага знаходжання ў сталіцы пачаў шукаць кантакты з сябрамі “Маладога фронту”.

Яшчэ ў дзяцінстве (разам вучыліся ў школе) мы былі знаёмыя з Міколам Дзімідзенкам. Знайшоў тэлефон. Сустрэліся. Ён мяне ў арганізацыю і прывёў.

Мае школьныя сябры ведалі пра гэта раней за бацькоў, бо іх я яшчэ “рыхтаваў”. Успрынялі нармальна, толькі турбаваліся, каб гэта не перашкодзіла вучобе. Пазней так яно і адбылося.

І увогуле. На Заходняй Беларусі да бальшавікоў у ўсе часы адносіліся даволі кепска. Помнілі, колькі гора яны прынеслі людзям. Таму мой выбар “Маладога фронту” равеснікі сустрэлі з разуменнем. Маўляў, “мы бы таксама далучыліся, але не хапае смеласці”.

Сталічныя “дэбюты”

Паступіў я ў 2008 годзе, і першы курс правучыўся без які-небудзь праблем. Напэўна таму, што палітычная актыўнасць была мізэрнай. Яна актывізавалася толькі бліжэй да лета. З гэтага часу не прапускаў не адной акцыі салідарнасці, якія праходзілі ў тыя часы кожны месяц.

Першае затрыманне адбылося 7 траўня 2009 года. Гэта акцыя была прымеркавана да гадавіны знікнення Юрыя Захаранкі. Нас сабралася чалавек 50-т. З партрэтамі зніклых і палітзняволеных выстраіліся на Кастрычніцкай плошчы ў “Ланцуг неабыякавых людзей”. Дарэчы, менавіта ў гэты час праводзіў галадоўку Мікола Автуховіч, і “Малады фронт” распачаў галадоўку салідарнасці з палітзняволеным.

Непасрэдна пад час пікету нікога не затрымлівалі. Проста, калі акцыя скончылася, услед за намі пайшлі амапаўцы. Мой “дэбют” адбыўся ў Цэнтральным РУУС. Тры гадзіны прастаяў тварам да сценкі, потым перапісалі дадзеныя і адпусцілі. Так сёння не бывае.

Натуральна, адразу прыйшла “цялега” у дэканат, але летнюю сесію я яшчэ паспеў здаць “без прыгод”. Праблемы пачаліся з пачаткам другога курса. Мяне сталі вызываць дэканат і казаць, што “не тым займаюся”. Адказаў — “Вучобе гэта не перашкаджае, а чым я займаюся ў вольны час кіраўніцтва універсітэта хваляваць не павінна.”

Яны гэта добра запомнілі. Зімой так і сказалі — сесію ты здасі, але не з першага разу. Зрабілі так наўмысна. Пераздача аўтаматычна азначала пазбаўленне стыпендыі, бо я вучыўся на “бюджэце”. Яна была такой “смешнай” і больш нагаджвала “падачку”, чым рэальную дапамогу. Я нават не хваляваўся, калі выкладчык амаль не слухаючы адказ, кінуў — прыйдзеш яшчэ раз.

Праз год я атрымаў першы штраф. У той дзень агучвалі прысуд Мікалаю Автуховічу. Мы ўжо адышлі ад будынку Вярхоўнага суду, калі пад’ехаў аўтобус, куды амапаўцы “загрузілі”, акрамя мяне Міколу Дзіменку, Аляксандра Казуліна і Аляксандра Макаева, дзе склалі пратакол, што “лаяліся матам і не рэагавалі на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі.

Судзілі 12 траўня за “дробнае хуліганства”. Усім далі штрафы — час лібералізацыі.

Праз два мяне затр дні ымалі зноў. Ужо за тое, што ў гадавіну ганебнага рэферэндуму 1995 года, разам з сябрам вывесіў нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг насупраць Кастрычніцкай плошчы. Не паспелі спусціцца з пажарнай лесвіцы, як пад’ехаў мікрааўтобус і адвёз нас у Цэнтральны РУУС. Там склалі пратакол,забралі асабістыя рэчы, заставілі выцягнуць шнуркі. Я падумаў — суткі, але памыліўся. Зноў штраф. Суддзя вельмі здзівілася, калі даведалася, што два дні таму мяне таксама судзілі… 30 “базавых”…Лібералізацыя…

Пасля гэтага мяне вызвалі ў універсітэце мяне вызвалі да дэкана, дзе “уляпілі” “строгую вымову з занясеннем у асабістую справу”. Сесію з горам папалам здаў і перайшоў на трэці курс.

Пачалася перадвыбарчая прэзідэнцкая кампанія, пад час якой нікога больш чым на гадзіну не затрымлівалі. Працаваў ў камандзе Віталя Рымашэўскага, бо ён мне падабаўся больш астатніх. Афіцыйна ж “Малады фронт” не падтрымліваў ніводнага кандыдата ў прэзідэнты. Кожны на сябар вызначаўся самастойна.

19 снежня 2010 года лібералізацыя кончылася.

Трэці арышт

Галасаваць я не пайшоў. Не бачу ў гэтым сэнсу, бо галасы выбаршчыкаў у нас ніхто не лічыць.Напярэдадні выбараў мы арэндавалі кватэру для тых, хто прыедзе ў Мінск з рэгіёнаў. Яе вельмі хутка ўзялі “пад кантроль” спецслужбы.

18 снежня я быў там разам з Дзянісам Лазарам, Эдуардам Лобавым і Зміцерам Дашкевічам. З апошнім мы збіраліся разам ехаць у адзін бок, а Дзяніс з Эдуардам у другі. Яны выйшлі раней, а Зміцер пайшоў выносіць смецце. А потым адразу накіраваўся на прыпынак, дзе ўжо стаялі Дзяніс з Эдуардам. У трох яны вырашылі крыху “адвесці” “хвост”. Гэта мяне і выратавала ад “прэвентыўнага” арышту, бо праз гадзіну хлопцы апынуліся за кратамі.

Вечарам гэта ж дня разам з іншымі будучымі ўдзельнікамі Плошчы мы начавалі ўжо на другой кватэры. Як гэта бывае напярэдадні вельмі важнай падзеі амаль не спалі. Раніцай дамовіліся сустрэцца на Прывакзальнай плошчы, дзе фармавалася калона БХД, і па 2-3 чалавекі (каб не прыцягваць увагі) выйшлі на вуліцу.

… Калі на плошчы Незалежнасці, пачаўся “хапун”, я знаходзіўся каля прыступак Цэнтральнай выбарчай камісіі. Як толькі заўважыў, што амап пачаў “працаваць” і праціскаць людзей да будынку, прабіўся за іх спіны. Праўда, пры гэтым згубіў адзін красовак. Потым выпадкова сустрэў свайго сябра, які даў мне пару шкарпэтак. Зімна. Мароз. Але думалася, што ўсё гэта лепш, чым знаходзіцца ў аўтазаку.

Разам з натоўпаў пайшоў да гасцініцы Мінск. Там пачуў, што з Кастрычніцкай плошчы на нас таксама рухаецца амап, і праз праспект Незалежнасці трапіў у Міхайлаўскі сквер. Там стаў папраўляць павязку на назе. Нейкі мужчына даведаўся, што здарылася, прапанаваў зайсці ў суседні дом, дзе і жыве.

Ён напаіў мяне гарачай гарбатай і даў другі абутак.

Пазней змог вырвацца з ужо ачэпленай міліцыянтамі і салдатамі плошчы Незалежнасці і дамовіцца з сябрамі пра сустрэчу на ёй наступным днём. На наступны дзень я там даведаўся, што ў краіне “наступіў 37-мы год” і ніякага працягу не будзе. Сабралася каля 40-ка чалавек, і, як толькі пачалі даставаць свае “расцяжкі”, на нас накінуліся міліцыянты. У рэшце — 15 сутак.

У Мінску ўсе прыёмнік-размеркавальнік на Акрэсціна быў “забіты” людзьмі і нас павезлі ў Жодзіна.

Калі выйшаў, думаў, што ўсё гэтым і абмяжуецца, аказалася паспяшаўся з высновай. Да таго ж, вучоба мяне у той момант больш турбавала, чым усё астатняе. Пакуль быў а кратамі, прапусціў усе свае залікі (без іх не дапускаюць да іспытаў), а курсавы праект (ён быў у наўчбуку) забралі пад час знаходжання “на сутках” (у нашай кватэры адбыўся ператрус).

Хутка паздаваў залікі, аднак за гэты час адбылося два іспыты. Хацеў пайсці на трэці, калі пазванілі з дэканата і сказалі, што я больш не студэнт. Дакументы трэба было забраць 19 студзеня, але з раніцы да мяне прыехалі супрацоўнікі КДБ і “забралі” на допыт.

Там сказалі, што за 20 снежня я адсядзеў свае “суткі” а за 19 – не, адвезлі ў Маскоўскі РУУС і склалі адпаведны пратакол — 7 сутак. Самае дзіўнае, што я пайшоў “ад вышэйшага да меншага”, то бок ад 15-ці сутак да 7-мі. Звычайна бывае наадварот.

26 студзеня 2011 года яны скончыліся, але на свабоду я не выйшаў.

Трэці арышт адбыўся прама на Акрэсціна. З КДБ прыехаў Зміцер Свістун, які, мабыць, “курыруе “Малады фронт”. На мяне надзелі кайданкі і адвезлі ў “амерыканку”.

Воля без волі

З “амерыканкі” праз дзесяць дзён мяне перавезлі на “валадарку”, а праз тры з паловай месяца “далі” тры гады зняволення. Этапавалі, не гледзячы на адпаведныя заявы, толькі больш як праз два месяцы пасля прысуду. Папраўчая калонія 3, якая месціцца пад Віцебскам у пасёлку “Віцьба” вядома тым, што некалі там “сядзеў” Аляксандр Казулін. Туды ж накіравалі Аляксандра Атрошчанкава і Зміцера Дароніна.

Дарэчы ў адным “купэ” спецыяльнага вагона да Оршы я ехаў разам Андрэем Алегавічам Саннікавым. І судзілі нас таксама разам.

У калоніі я быў грузчыкам на тартаку, то бок насіў дошкі і бярвенні. Шмат папрацаваць не давялося. На “промке” да вызвалення я прабыў усяго пяць сутак.

Яшчэ ў “каранціне” мне прапанавалі напісаць прашэнне аб памілаванні. Першапачатковы тэкст (пакаянне і прызнанне сваёй віны) не здаволіў. Пасля доўгіх удакладненняў засталося толькі “прашу мяне вызваліць”.

Я нават не ведаў пра сваю”амністыю” Вызвалі на КПП “прамзоны”, і сказалі — збірай свае рэчы. На квіткі і харчаванне далі толькі 16-ць тысяч беларускіх рублёў. Здзек. Менш за два даляры па курсу Нацыянальнага банку РБ. Нават калі нічога не есці, на праезд усё роўна не хопіць Добра, што былі грошы на асабістым рахунку. Тыя, што мне дасылалі сябры.

Амаль не афішаваў сваё вызваленне. Толькі папярэдзіў бацькоў.

Стаў на ўлік у міёрскай міліцыі, а праз некалькі дзён (16 жніўня) паехаў у Мінск. Трэба было аднаўляцца ў радыё-тэхнічным універсітэце. Потым зноў былі арышты і “суткі”. 4-га студзеня гэтага года мяне зноў адлічылі. Пасля вырашыў не траціць дарэмна час, змяніць накірунак і стаць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Вучобу працягнуў у іншым месцы.

У сувязі з тым, што пакуль нельга без дазволу пакідаць межы краіны, хутчэй за ўсё гэта будзе нейкае дыстанцыйнае навучанне. Вучыцца маю намер у любым выпадку.

Прафілактычны нагляд мне замянілі на больш жорсткі прэвентыўны. Аднак справа не толькі ў гэтым. Такое ўражанне, што ў краіне зараз пануе натуральнае юрыдычнае бязмежжа. Міліцыянты нават ключы ад маёй з’ёмнай кватэры ў Мінску падрабілі.

Хутчэй за ўсё гэта адбылося, калі мы з сябрамі ў чарговы раз былі на Акрэсціна. альбо ключ дала ўладальніца кватэры.

Ужо зафіксавана два выпадку, калі іх выкарыстоўвалі. як след. Уявіце, самі адкрываюць дзверы, урываюцца і кладуць усіх “мордай у пол”. У нармальнай краіне падобнае нават прыдумаць цяжка…

Зараз я афіцыйна на волі, але якая воля ў нашай краіне. 13 жніўня 2011 года я выйшаў не волю, а за плот. За той плот, які агароджвае калонію “Віцьба” ад вялікай турмы з назвай “Беларусь”.

Я буду рабіць усё магчымае, каб сітуацыя ў нашай краіне змянілася. Каб новыя пакаленні ніколі не зведала тое, што, калі за твае погляды, вальнадумства, кідаюць за краты, або збіваюць на плошчы.

Я праваслаўны вернік і баюся толькі Божага суда. Гэта адказ на пытанне наконт “перспектыў” зноў апынуцца за кратамі. Чалавечыя суды, канешне, важна, але гэта не самае галоўнае ў нашым жыцці.

%d1%8f%d1%80%d0%be%d0%bc%d0%b5%d0%bd%d0%b0%d0%ba9%d1%8f%d1%80%d0%be%d0%bc%d0%b5%d0%bd%d0%b0%d0%ba8%d1%8f%d1%80%d0%be%d0%bc%d0%b5%d0%bd%d0%b0%d0%ba7%d1%8f%d1%80%d0%be%d0%bc%d0%b5%d0%bd%d0%b0%d0%ba1%d1%8f%d1%80%d0%be%d0%bc%d0%b5%d0%bd%d0%b0%d0%ba3%d1%8f%d1%80%d0%be%d0%bc%d0%b5%d0%bd%d0%b0%d0%ba5%d1%8f%d1%80%d0%be%d0%bc%d0%b5%d0%bd%d0%b0%d0%ba6%d1%8f%d1%80%d0%be%d0%bc%d0%b5%d0%bd%d0%b0%d0%ba10%d1%8f%d1%80%d0%be%d0%bc%d0%b5%d0%bd%d0%b0%d0%ba2