Законнікаў Сяргей

%d0%b7%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%bd%d0%bd%d0%b8%d0%ba%d0%be%d0%b21

  • З кнігі “Лёсы”

У журналістаў гэта называецца ўрэзкай, з якой пачынаецца любы матэрыял. У якасці такой урэзкі я проста працытую Законнікава: “Жыццё кожнага чалавека — гэта вандроўка ў часе і ў прасторы. Вышэйшая Воля падарыла мне такую нечаканую радасць, і я ўдзячны ёй за гэта да скону…”.

 

Прыпынак першы: маленства

 

Нарадзіўся ў вёсцы Слабада Ульскага раёна (цяпер Бешанковіцкі). Сяргеем мяне назвалі ў памяць пра дзядзьку, якога бясследна праглынуў ГУЛАГ. Апошнім месцам, дзе бачылі беларускага паэта Сяргея Ракіту (Сяргея Васільевіча Законнікава), быў лагер каля станцыі Сухабязводнае (варта толькі ўдумацца ў гэтую назву!) Горкаўскай вобласці. Ён працаваў на лесапавале. А пазбавілі волі дваццацісямігадовага літаратара, які гаварыў праўду пра сталінскае цемрашальства, 19 кастрычніка 1936 года…

Я не прыхільнік надуманых высокіх аналогій і ніколі не перабольшваю свае творчыя набыткі. Аднак у тым, што атрымаў такое ж імя і пачаў пісаць вершы, сапраўды бачу праяву Вышэйшай Волі, якая ўплывае на жыццё людзей, стаіць за праўду і справядлівасць у гэтым свеце. Відаць, мне было наканавана рабіць тое, што крывавыя каты не далі здзейсніць дзядзьку…

У Слабадзе, дзе загукаў у чужой хаце, не пражыў і года. Бацькі пераехалі на новае месца працы. А таму маленства для мяне заўсёды бачыцца любімай сцяжынай, якая вяла з вёскі Галі, дзе ў цеснай прыбудове да школы-сямігодкі тулілася наша сям’я, да хаты бабулі Волькі ў знакамітым Хоціне (радзіма Л.М.Даватара — героя апошняй вайны, генерала, камандзіра корпуса легендарных коннікаў). Я помню яе босымі нагамі, шырока расплюшчанымі вачыма, біццём маленькага сэрца. У пачатку сцежкі, злева, ляжаў агромністы валун — дарунак бадзягі-ледавіка, а далей было поле. Хоць бегаць тут даводзілася ў розную пару, памяць найлепш зафіксавала той час, калі стаяла сцяною спелае жыта.

1952 год. Жнівеньская раніца. Вось мой старэйшы брат Міхась нырае ў тунэль, пракладзены паміж высокіх сцяблін, а за ім і я. Мы нясёмся, што ёсць моцы, звонка галёкаючы ад нейкай невядомай радасці. Яму — дзесяць, мне — амаль шэсць гадкоў. Штанцы ў нас падкасаныя, каб не заміналі калашыны, кашулі наросхрыст, каб грудзі халадзіў сустрэчны вей-ветрык.

Нам даручана важная справа — пасланы да бабулі па хлеб. Але як не спыніцца ля ржавых фашысцкіх танкетак, што стаяць, звесіўшы свае дзюбы-ствалы ў густую крапіву, там, дзе поле перарэзаў яр з ручаінай на дне?! Залазім у люкі, кранаем, круцім розныя жалезкі, уяўляем сябе танкістамі, якія захапілі непрыяцельскую зброю і вядуць знішчальны агонь па ворагу.

У бабулінай хаце, нядаўна адноўленай пасля таго, як карнікі двойчы палілі яе ў час блакады, а саму гаспадыню, якая прыціскала да грудзей паўтарагадовага ўнука Міхася, расстрэльвалі з кулямётаў разам з усімі жыхарамі пакутнага Хоціна на лёдзе заснежанага возера, так хораша пахне свежым хлебам, прывялым аерам. Яна аж свеціцца ад боханаў, што радком “уселіся” на шырокай лаве. Бабуля пры нас пакрапіла іх вадой, каб скарынка была мяккай, пагладзіла кожны ласкавай далонню, як малое дзіцяці па галоўцы, накрыла ручніком. “Пагадзіце крыху. Хутка дойдуць. А я зараз, унучкі, наллю вам малачка з тваражком, разам пасядзім і пагукаем”, — кажа яна.

Мілая бабуля, гаротніца Вольга Аляксандраўна Дубко, а згодна з вясковай мянушкай — Ткачыха (магла вырабіць цуд на кроснах), якой пасля заўчаснай смерці ў 1932 годзе мужа Хведара Лук’янавіча (каваля на Пуцілаўскім заводзе ў Піцеры, двойчы цяжкапараненага чырвонаармейца на Грамадзянскай вайне, спісанага затым па стане здароўя ў пчаляры) давялося адной падымаць на ногі трох дачок — Клаўдзю, Валянціну (маю маму) і Тамару. Каб вывучыць іх, яна ўдарна працавала даяркай у калгасе (усесаюзны стараста “дзядуля” М.І.Калінін перад вайной уручаў ёй у Крамлі Ганаровую грамату), пражыла 90 гадоў і спіць цяпер вечным сном на высокіх могілках над Сожам у Крычаве.

Я шчаслівы, што выканаў яе даўняе жаданне: у 1979 годзе падчас паездкі па літаратурных справах у Венгрыю вырваўся на некалькі гадзін з Масквы ў Загорск, у Троіца-Сергіевую лаўру, і прывёз адтуль асвячоныя крыжык і абразок. “Ты ў мяне — выліты Хведар. І абліччам, і душою… Прывёз, не пабаяўся…”, — плакала, шаптала радасная бабуля, гладзячы мае ўжо аснежаныя валасы. А працаваў я тады загадчыкам сектара мастацкай літаратуры ЦК КПБ, быў падкантрольным вінцікам у механізме атэістычнай савецкай імперыі, што і паслужыла грунтам для яе высокай ацэнкі звычайнага, людскога ўчынку…

У Літвінаве Дубровенскага раёна, дзе жыла вялікая сям’я Васіля Іванавіча і Праскоўі Ігнатаўны Законнікавых — маіх продкаў па бацькавай лініі, пабываў, калі хадзіў у сёмы клас. Легендарнага дзядулі, калісьці адзінага пісьменнага чалавека ў вёсцы, майстра на ўсе рукі — цесляра, сталяра, шаўца, чарнакніжніка-прадказальніка, дарадцы і заступніка людзей, удзельніка Першай сусветнай вайны, які прынёс з фронту два Георгіеўскія крыжы і задышку пасля нямецкай газавай атакі, былога старшыні камітэта беднаты, ужо не было ў жывых. Толькі як праз сон памятаю яго аблічча. Ён наведваў нас у канцы саракавых гадоў у Галях, гушкаў мяне на руках. З цягам часу бабуля Праскоўя з сям’ёй пераехала ў Хоціна, і ўжо тут я слухаў галасістую пявунню, запісваў народныя песні ў яе выкананні. А аднойчы яна вылечыла мяне сваімі сродкамі і замовай ад вогніку. Сёння ж на месцы Літвінава, звесткі аб якім ідуць з 1607 года і якое славілася на ўсю акругу вясёлымі кірмашамі, ляжыць поле. Вёска, як і сотні іншых паселішчаў, сцёрта з карты Беларусі ўладнай безгаспадарлівасцю…

Але вяртаюся да хлеба. У нашым партызанскім краі, па якім пракаціліся дзве блакады, усё было выпалена датла. Не паспелі людзі вылезці на свет божы з затхлых і халодных зямлянак, а тут новая бяда. Якраз на пасляваенныя гады выпаў няўрод на палетках. Казённую муку завозілі рэдка, выдавалі строга па спісах, і для выпечкі хлеба яе заўсёды не ставала.

Аднойчы з-за акіяна прыбыла амерыканская мука, але транспарта, каб развесці яе, не было. Са станцыі людзі самі забіралі сваю долю. Зручных плецакоў не мелі, проста прышывалі лямкі да торбы або меха. Маці з бацькам з паклажай у тры-чатыры пуды, націраючы да крыві сабе плечы і ногі, тэпалі аж з Бачэйкава — столькі вёрст!

Перад вачыма стаіць такая карцінка. На ўслончыку сядзіць яшчэ маладая мама, паклаўшы на плечы, на крывавыя пісягі ад лямак, мокрыя халодныя анучы, паставіўшы ногі ў ночвы са сцюдзёнай вадой. Сядзіць моўчкі, сумна ўсміхаючыся нам — ужо прыдбаным чатыром жэўжыкам, бо не мела сілы нават размаўляць.

Затое потым было свята. Пах рошчыны і свежых румяных боханаў, якія пасля свяшчэннадзейства мамы ля дзяжы і ля печы ўрачыста выплывалі з жаркага нутра, не забудзецца ніколі…

 

Прыпынак другі: школа

 

Вучыцца пачаў рана, але не таму, што быў вундэркіндам. Проста маці, якая настаўнічала ў пачатковых класах, ідучы на ўрокі, не магла пакідаць мяне аднаго. Яна дазволіла мне сядзець на “камчатцы”, каб не замінаў іншым. У журнал не запісвала, да дошкі не выклікала, ацэнак не ставіла. Сядзеў я ціха і рабіў тое, што і астатнія. І ўсё было б добра, калі б не завітаў неяк у школу з праверкай загадчык аблана. У той дзень мама не пусціла мяне ў клас, загадала быць дома. Але ж дзе тут вытрываеш? І я ўцёк, пачаў сноўдаць пад вокнамі, горка плачучы. Зараз разумею, што тады адбывалася ў мамінай душы, як цяжка было ёй весці паказальны ўрок. Ды на яе і маю радасць, загадчык аблана аказаўся добрым чалавекам. Ён спытаў, хто гэта скуголіць, а потым, дазнаўшыся, рагатаў і, ад’язджаючы, сказаў маме: “Запісвайце ў журнал пад маю адказнасць. Не бойцеся. Хай хлопчык вучыцца!” Так я стаў сапраўдным вучнем.

Школьныя гады помняцца тым, што дзіцячая грамада была шчырай, дружнай (прынясе нехта тры-чатыры яблыкі — адразу разразае, дзеліць на ўвесь клас). Мы хутка сталелі, занятыя не толькі вучобай, але і гаспадарчымі клопатамі. Калі выпадала вольная хвіліна, гулялі “ў вайну”. Тады не выразалі аўтаматы з дрэва, не куплялі цацачныя ў краме. Кожны падшыванец меў сапраўдную зброю, якую пакінулі ў наваколлі і нашы войскі, і фашысты. Праз мае рукі прайшло яе таксама шмат. Акрамя таго, бацька, які быў дырэктарам ужо сярэдняй школы, каб не здарылася няшчасця, рэквізоўваў зброю ў выхаванцаў і здаваў у ваенкамат. Таму ў нашым жытле, пад канапаю, пастаянна меўся арсенал: ад французскіх штыкоў і шабляў, што захаваліся яшчэ з вайны 1812 года, ад рускіх дарэвалюцыйных рэвальвераў да нямецкіх браўнінгаў і шмайсэраў. Хоць мы і забаўляліся са зброяй — палілі бяздымны порах, падрывалі ў кастрах міны і снарады — ды, на шчасце, нічога страшнага ні з кім не здарылася. Але з той пары, нагуляўшыся ўволю з небяспечнымі “цацкамі”, да любых ваенных дзеянняў стаўлюся адмоўна. Як і да таго, што дасюль агромністыя сродкі ідуць на ўтрыманне армій, вымотваюць дзяржаўныя бюджэты, а народы гібеюць у нястачы.

Што тычыцца ведаў, то школьную падрыхтоўку атрымаў неблагую. Мне было прасцей, чым іншым. Пад рукой была выдатная бібліятэка, сабраная бацькамі, — як ніяк два настаўнікі ў хаце. Адзіным слабым месцам стала нямецкая мова. Спецыялісты ў нашу глухамань не даязджалі. Хто толькі не выкладаў: спачатку ваенрук, затым настаўнік працы і фізкультуры, а ў адзінаццатым класе — нават выпускніца-дзесяцікласніца. Часта замест урокаў замежнай мовы мы ўдарна нарыхтоўвалі дровы і сена для школьнага каня. Усё гэта магло вылезці мне бокам пры паступленні ва ўніверсітэт. Уратавала ад правалу толькі самападрыхтоўка.

Не лічу свае маленства і юнацтва цяжкімі. Гэта нават добра, што давялося жыць і ў холадзе, і ў голадзе, шмат працаваць: забяспечваць кормам свойскую жывёлу, шчыраваць у лясніцтве на пасадцы, высечцы, нарыхтоўцы, драць лазу, збіраць шышкі, лекавыя травы, ягады і грыбы, каб на выручаныя за іх грошы прыдбаць падручнікі і сшыткі, а як падрос, працаваў у летнія канікулы грузчыкам у саўгасе. Я навучыўся ніколі і нікому не зайздросціць, не ганяцца за багаццем, не квапіцца на чужое, ставіцца абсалютна абыякава да грошай: калі ёсць — добра, няма — не бяды, хутка будуць, усё здабываць толькі сваімі розумам і рукамі.

А таму той, хто захацеў мяне, сівагаловага паэта, ужо дзеда, сёння зламаць, паставіць на калені перад ваяўнічым уладным невуцтвам і цемрашальствам, занёс прозвішча ў чорны спіс, за чатыры гады да пенсіі пазбавіў работы, кінуў у ганебную матэрыяльную нястачу, глыбока памыліўся. Я маю свой род-племя, а крывічы спрадвеку былі самадастатковымі, нязломнымі, працавітымі і цягавітымі. Так будзе і надалей.

 

Прыпынак трэці: хата

 

Мае бацькі Іван Васільевіч Законнікаў і Валянціна Фёдараўна Дубко пабраліся шлюбам 9 мая 1941 года, у дзень, які стаў пасля векапомным Днём Перамогі. Яму было дзевятнаццаць, ёй — семнаццаць гадоў. Працавалі настаўнікамі ў суседніх школах. Калі грымнула вайна, маці давялося стаць сувязной, а затым партызанкай, а бацька прайшоў фронт зенітчыкам.

У пасляваенны час іхняя доля была вандроўнай. Бацька трапіў у абойму школьных дырэктараў: толькі злепіць, збудуе на папялішчах школку, як яго перакідаюць — будуй новую! Мы, як цыганы, пераязджалі з месца на месца, пакуль не аселі ў 1954 годзе ў маляўнічай вёсцы Глыбачка Ушацкага раёна. Спачатку бацька, як і вялося, пабудаваў школу, пры якой зноў тулілася сям’я ўжо з сямі душ, а потым рашуча сказаў: “Усё! Хопіць блукаць па свеце. Стаўляем сваю хату!”

Пра тое, як будавалася хата, можна напісаць аповесць — падаць і камічныя, і драматычныя сітуацыі. Скажам, успомніць, як пры вывазцы бярвення на лясных калдобінах перакуліўся цяжкі воз, пад якім магла загінуць мама. Або згадаць снежаньскі дзень, калі насупраць будоўлі па маладым лёдзе возера каталіся на каньках і на санках дзеці. Крохкі панцыр не вытрымаў, і пяцёра малых апынуліся ў палонцы. Была нядзеля. Усе дарослыя паехалі ў лес, а я якраз ладаваў прывезеныя з піларамы дошкі. Як быў — у ватоўцы і ботах — палез у палонку і змог, плаваючы ў ёй, выпхнуць на волю чатырох дзетак. Адна толькі мая сястрычка Алёнка ад спалоху прабівалася, абламваючы лёд, не да берагу, а ўглыб, а ў мяне ўжо не было ніякай сілы. Як бы я потым жыў на свеце, калі б здарылася страшнае, не ведаю. Такога і заклятаму нягодніку не пажадаеш. Але здарыўся цуд. Міма якраз ехаў начальнік аддзялення саўгаса Васіль Іванавіч Гуськоў. Ён лёг на дошку, а я пасоўваў ратавальніка па лёдзе наперад. Такім чынам мужчына і дастаў сястрычку з зімовай купелі. Пасля ўказам Вярхоўнага Савета СССР мяне ўзнагародзілі медалём “За выратаванне тапельцаў на водах”. Старшыня райвыканкама, які ўручаў медаль, дабавіў яшчэ і падарунак — футбольны мяч. У небагатым на радасці часе для мяне, чатырнаццацігадовага падлетка, і для школьных сяброў гэта было намнога важней за любы медаль.

Яшчэ адна радасць таксама звязана з тым выпадкам. Яна прыйшла ў абліччы маладзенькай медсястры полацкай бальніцы, куды я трапіў, калі цяжка хварэў пасля зімовага купання. Дзяўчына прынесла ў палату некалькі асобнікаў абласной газеты “Віцебскі рабочы” з першай “саліднай” падборкай маіх вершаў…

Акрамя зруба, які майстравалі і стаўлялі талакой, усё ў хаце было зроблена залатымі рукамі бацькі, які не толькі цяслярыў і сталярнічаў, але і мог сплесці лапці, кошык, адрамантаваць абутак, гадзіннік, радыёпрыёмнік, матацыкл (калі вучыўся ў Гомельскім педінстытуце, быў мотагоншчыкам), электраматор і г.д. Мама і мы — Міхась, я, Алёна, Валерый і самая меншая Оля, якая прыбірала трэскі і габлюшкі, — дапамагалі яму як маглі.

Нясцерпнае жаданне перайсці ў сваё жытло, якое асабліва вярэдзіла маміну душу, прывяло да таго, што жыць у хаце сталі тады, калі яшчэ не ўсюды была паслана падлога. Пабадзяўшыся па чужых і казённых закутках, наша сям’я выдатна ведала, што такое ўласная хата.

 

Прыпынак чацвёрты: студэнцтва

 

Вясковая моладзь не мела пашпартоў. Каб атрымаць пашпарт, была патрэбна даведка з сельсавета аб тым, што цябе адпускаюць на вучобу. Сельсавет без дазволу старшыні або дырэктара саўгаса такую даведку не выдаваў. А тыя — “у штыкі”: “Усе ў горад хочуць уцячы. А хто ў вёсцы працаваць будзе?” Словам, бацькам і нам пакут хапіла. Затое, вырваўшыся з калгасна-саўгаснай кабалы, што цягнулася са сталінскіх часоў, студэнты даражылі воляю.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і самаадукацыя далі добрыя веды. Сядзеў амаль кожны дзень за кнігамі ў галоўнай бібліятэцы — “Ленінцы”, што знаходзілася побач з філфакам, да самага закрыцця, аж пакуль ад голаду не пачынала кружыцца галава.

Наш курс на філфаку жыў дружна. Для тых, хто не атрымліваў стыпендыі, збіралі па пяць рублёў у агульную касу. Акрамя таго, дапамагалі сіротам купіць адзенне і абутак. Тагачасны студэнцкі побыт заслугоўвае асобнай гаворкі. У інтэрнаце, у пакоях, разлічаных на чатырох, нас сялілі па шэсць чалавек. А яшчэ прыбіваліся “зайцы” — студэнты, якія не мелі жылля. Агульная колькасць жыхароў даходзіла да 12-ці чалавек. Але, на дзіва, цесната і бедната ніколі не выклікалі раздражнення. Наша сябрына — Сцяпан Данілевіч, Леанід Макаўчык, Генадзь Пішчык, Аляксандр Свораб, Генадзь Фраловіч і я, якая жыла ў 152-м, як яго празвалі, “гвардзейскім” пакоі, каб сэканоміць грошы, наладжвала калектыўнае харчаванне. Кухарамі па чарзе былі ўсе. Разам набылі радыёлу, магнітафон, рэгулярна папаўнялі бібліятэчку.

Тады я здаваў не толькі вучэбныя, але і працоўныя экзамены. Будаўніцтва цеплатрасы ў Мінску, пасёлка, кароўнікаў і кашар у саўгасе “Краснагорскі” Чапаеўскага раёна Уральскай вобласці, калі шчыравалі ў дзікім стэпе па суседстве з гадзюкамі, фалангамі, тарантуламі і каракуртамі, дзе гарачыня даходзіла да 43 градусаў, засталося і ў памяці, і нязводнаю меткай скарпіёна на целе.

Але найбольш я ўдзячны студэнцтву за нацыянальную і грамадзянскую загартоўку. Мне ўдалося атрымаць звесткі пра лёс дзядзькі, які ўжо быў пасмяротна рэабілітаваны. У судовай справе зафіксавана, што Сяргей Ракіта абараняў Янку Купалу, якога крытыкавалі за “нацдэмаўскія” творы, казаў, што “калгасы — гэта калонія дзяржавы”, што новы правапіс (“наркамаўка”) абцяжарвае карыстанне роднай мовай, што ідзе русіфікацыя Беларусі. За гэта атрымаў дзесяць гадоў зняволення і загінуў у канцлагерах. Але што ў яго словах было непраўдзівае? Трэба толькі дзівіцца прадбачлівасці і смеласці маладога паэта. Мінула столькі часу, а сітуацыя на Беларусі не змянілася, нават абвастраецца. Думаючы пра гэта, я ганарыўся родзічам, захапляўся ягонай мужнасцю. Чалавек, якога я ніколі не бачыў і не чуў, стаў для мяне ў жыцці духоўным настаўнікам.

У 1966 годзе мне, літаратурнаму пачаткоўцу, пашчасціла прысутнічаць на V з’ездзе пісьменнікаў Беларусі. Назаўсёды запомніў праўдзівае, разумнае выступленне Васіля Быкава. Калі сёння журналісты спрабуюць раздуваць з абсалютна пустых і нават варожых у адносінах да беларускай годнасці асоб нейкіх герояў, то гэта выклікае не толькі смех, але і абурэнне. Вось Васіль Уладзіміравіч быў і назаўсёды застанецца сапраўдным нацыянальным героем. Ён зрабіў смелы выклік савецкай лагернай сістэме. Яго выступленне прагучала своечасова як узор пісьменніцкага і грамадзянскага служэння праўдзе, разышлося ў спісах, перадавалася з вуснаў у вусны па СССР. Менавіта такія людзі набліжалі вызваленне ад таталітарызму, беларускую дзяржаўнасць і незалежнасць.

Высокія прыклады прынцыповасці дапамаглі выстаяць у нялёгкіх сітуацыях. Напрыклад, калі за праўду ў палеміцы з “абмежаваным” супрацоўнікам лепельскай раённай газеты на мяне абрынуліся, нахабна хлусячы, падтасоўваючы факты, газета “Знамя юности” і камсамольскія актывісты. Яны ставілі пытанне аб выключэнні з універсітэта (хоць абышлося строгай вымовай з занясеннем ва ўліковую картку і высяленнем з інтэрната), калі за артыкул “Чытаючы спіс прэтэндэнтаў”, надрукаваны ў газеце “Літаратура і мастацтва”, трапіў у “прапрацоўку” парткама і спецслужбаў.

Словам, у студэнцкія гады мая душа беспаваротна настроілася на абарону праўды, нацыянальнай і чалавечай годнасці.

 

Прыпынак пяты: журналістыка

 

Гэты этап пазначаю ўмоўна. Была яшчэ праца настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, завучам у Барысаўскім раёне, калі ў 1970 годзе мусіў выступіць у абарону паэта Алеся Разанава і яго сяброў, якіх выключылі з Белдзяржуніверсітэта “за проявление национализма, нездоровые высказывания и неправильные поступки”. Апанентам у мяне на партыйна-камсамольскім сходзе, сабраным для асуджэння “нацыяналістаў”, быў раённы пракурор, член райкама партыі. Пасля таго як я падрабязна растлумачыў сітуацыю з беларускай мовай у рэспубліцы, сход выказаўся ў падтрымку пазіцыі А.Разанава, а маё прозвішча як “нядобранадзейнага” настаўніка і завуча пайшло ў даклад сакратара ЦК КПБ па ідэалогіі С.А.Пілатовіча.

Пасля аўтакатастрофы я паехаў далечвацца на радзіму, і там, з загіпсаваным плячом, працаваў у райгазеце, а пасля мяне абралі другім сакратаром Ушацкага райкама камсамола.

Але найбольш важнымі лічу гады, адданыя газетам “Чырвоная змена” і “Звязда”. Я змог пабываць у розных кутках Беларусі, бліжэй азнаёміцца з яе гісторыяй, архітэктурнымі помнікамі, убачыць веліч і хараство роднай зямлі, пасябраваць з многімі цікавымі людзьмі. Сваімі нарысамі, замалёўкамі, вершаванымі рэпартажамі выказваў тады падзяку шахцёрам Салігорска, будаўнікам Наваполацка, энергетыкам Новалукомля, хлебаробам з дзясяткаў раёнаў усіх абласцей рэспублікі, што і самому прыносіла добры настрой. Працуючы ў аддзеле літаратуры і мастацтва “Звязды”, зблізіўся з таленавітымі прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, унікаў у іх клопаты.

 

Прыпынак шосты: ЦК КПБ

 

Прапанова ў 1978 годзе перайсці на працу ў “партыйны штаб рэспублікі” была нечаканай. Падчас гутаркі з сакратаром ЦК КПБ А.Т.Кузьміным сказаў, што жыццёвыя планы звязваю з журналістыкай, літаратурай. Той, ужо нацэлены на маю кандыдатуру, каб супакоіць, паабяцаў: “Папрацуеш пару гадоў, а потым адпусцім цябе на творчы хлеб”. Але сталася так, што і мудры Аляксандр Трыфанавіч выйшаў на пенсію, а я яшчэ заставаўся ў сценах ЦК загадчыкам сектара мастацкай літаратуры. Так прайшло больш як восем гадоў. Скажу шчыра, хоць служба і была “салдацкай”, але яна многае дала мне ў плане пашырэння кругагляду, набыцця ведаў. Я мог карыстацца міжнароднай і ўнутранай інфармацыяй, якую афіцыйна не друкавалі, не перадавалі па радыё і тэлебачанні; заказваў для азнаямлення дакументы, рукапісы, кнігі, што меліся ў спецховішчах. Мне адкрыліся невядомыя старонкі літаратуры, трагічныя лёсы многіх выдатных пісьменнікаў.

У ЦК, дзе на працягу сямі гадоў я быў самым маладым па ўзросце, да мяне ставіліся прыхільна. Пётр Міронавіч Машэраў пару разоў браў у непасрэдныя памочнікі для падрыхтоўкі тэкстаў выступленняў. Гэты давер потым дапамог мне ў адстойванні таленавітых твораў пісьменнікаў, якія цярпелі ўціск з боку маскоўскай і мясцовай цэнзуры. Скажам, перадаючы рукапіс “Карнікаў” Алеся Адамовіча, Машэраў сказаў: “Вы ў нас эксперт па літаратуры. Кніга надзвычай складаная. Уважліва прачытайце, а потым скажаце, чаго будзе больш, калі яе надрукаваць, — карысці ці шкоды,”. Калі я выказазаў станоўчае меркаванне, ён забраў рукапіс і сказаў толькі адно слова: “Добра”. Кніга неўзабаве выйшла. На асобніку, падараваным мне, напісана: “Сяргею Законнікаву, які спрыяў гэтай кнізе! Алесь Адамовіч. 13.02.1981 г.”. Такіх удзячных аўтографаў у маёй бібліятэцы шмат. Я радуюся, што дапамагаў прарывацца праз цэнзурныя заслоны кнігам Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Пімена Панчанкі, Андрэя Макаёнка, Алеся Разанава і іншых выдатных літаратараў.

Мая пасада, хоць і невялікая ў той іерархіі, дазваляла хутчэй вырашаць кнігавыдавецкія, жыллёвыя, аздараўленчыя праблемы таленавітых пісьменнікаў.

Якраз у гэтыя гады я бліжэй пасябраваў з Уладзімірам Караткевічам, хоць меў з ім добрыя стасункі яшчэ са студэнцкіх гадоў. Яго і лічу сваім настаўнікам. Уладзімір Сямёнавіч не “хадзіў” з алоўкам па маіх радках, не даваў нейкіх канкрэтных парад. Ён вучыў сваёй геніяльнай творчасцю, апантанасцю ў беларускай справе. Усцешна, што менавіта Караткевіч напісаў мне рэкамендацыю для ўступлення ў сябры Саюза пісьменнікаў.

У 1978 годзе з Гародні ў Мінск пераехаў Васіль Уладзіміравіч Быкаў. З таго часу і да апошніх дзён яго жыцця я пастаянна адчуваў не проста падтрымку, а незвычайна сардэчныя, нават пяшчотныя адносіны старэйшага сябра. А таму ўдзячны і гэтаму няпростаму кавалку жыцця.

Сёння знаходзіцца шмат крытыкаў, якія хочуць маляваць той час чорнаю фарбаю. Вось і з П.М.Машэрава спрабуюць зрабіць пахавальніка беларускай мовы, культуры. Гэта абсалютнае глупства! Нягледзячы на тое, што Машэраў быў кіраўніком рэспублікі ў савецкай сістэме, за той час, і асабліва ў апошнія гады свайго жыцця, ён вырас у сапраўднага нацыянальнага, агульна любімага лідара. Варта прыгадаць тагачаснае плённае, дынамічнае развіццё эканомікі, паляпшэнне дабрабыту людзей. І закрыццё беларускіх школ пачалося не пры ім, а значна раней. Працэс русіфікацыі адбываўся па ўсіх рэспубліках, за гэтым пільна сачылі з Крамля. На адкрытае супраціўленне не мог адважыцца ні адзін кіраўнік. Але мала хто ведае, што, скажам, у адзін з восеньскіх дзён у 1979 годзе Пётр Міронавіч правёў на Беларускім тэлебачанні 8 гадзін, азнаёміўся з работай рэдакцый, а пасля сабраў кіраўніцтва і сказаў, што трэба выпраўляць становішча з беларускай мовай: “Разве так должны говорить дикторы? Я езжу по республике, встречаюсь с людьми. В их же устах наш язык звучит, как песня!” Пасля гэтага і ўсе кіраўнікі рэспублікі павярнуліся тварам да роднай мовы. З яго ініцыятывы былі адкрыты выдавецтвы “Беларуская савецкая энцыклапедыя”, “Мастацкая літаратура”, “Юнацтва”, на высокі ўзровень узняліся беларускае выяўленчае мастацтва, кіно, тэатр, мастацкая самадзейнасць.

Трагедыя Беларусі ў тым, што якраз тады, калі Пётр Міронавіч Машэраў асэнсаваў тое, што неабходна было рабіць у нацыянальным плане, і сам адчуў сябе здольным на многае, яго жыццё абарвалася…

 

Прыпынак сёмы: «Полымя»

 

Больш як пятнаццаць гадоў жыцця аддадзены найстарэйшаму беларускаму літаратурнаму часопісу. Гэта, мабыць, самы светлы і плённы мой час. 173 нумары былі падпісаны мной у друк як галоўным рэдактарам. Давялося зведаць вялікую і непаўторную радасць, калі са старонак выдання ішлі да чытачоў сапраўды выдатныя літаратурныя творы, калі тыраж яго перасягнуў за дзесяць тысяч асобнікаў. А затым душу вярэдзілі сум і горыч, бо новая хваля адраджэння катастрафічна пайшла на спад і роднае слова зноў пачалі заганяць у закутак.

Двойчы рэдакцыя перажыла пагромы. Начныя зламыснікі “шчыпалі” дзверы пакояў, трэслі шуфляды сталоў, трушчылі мэблю. На рукапісах, якія былі раскіданы па падлозе, заставаліся брудныя сляды іхніх ботаў. Тыя, хто прыслаў граміл, недвухсэнсоўна намякалі: мяняйце сваю пазіцыю, інакш будзе яшчэ горш. Канчатковы разгром адбыўся пазней. Яго правялі без ламоў, сякер і «фомак». Проста загадам аб ліквідацыі рэдакцыі, якая цвёрда стаяла на пазіцыях дэмакратыі, змагалася за сапраўдную дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі, за годнае жыццё народа…

А мне згадваецца, як на другі дзень пасля майго прызначэння ў рэдакцыю прыйшоў Васіль Быкаў. За вокнамі кружыла ціхая пераднавагодняя вея. Васіль Уладзіміравіч на парозе строс снег з берэта і курткі, павітаўся з усёй грамадою супрацоўнікаў і аўтараў, што была ў пакоі, і скіраваў да мяне. У руцэ ён трымаў букет — дзевяць вялікіх чырвоных руж. “Віншую! Вазьмі кветкі, — сказаў. — З сённяшняга дня я ўсе свае вялікія творы друкую ў “Полымі”. І пайшоў. Гэтая своеасаблівая рэкамендацыя, высакародны жэст падтрымкі старэйшага сябра не забудуцца да скону.

Калі ж быў аддадзены загад аб ліквідацыі рэдакцыі і маім звальненні, то на стале ў кабінеце таксама з’явіўся букет з пятнаццаці кветак — па кветцы за кожны год працы ў часопісе. Яго прынесла Ірына Платонаўна Крэнь, дачка беларускага пісьменніка, які быў рэпрэсаваны ў гады сталіншчыны. Паміж гэтымі двума букетамі — ладны кавалак жыцця, за якое не сорамна.

Пасля я спрабаваў адкрыць новы літаратурны часопіс, але вертыкальшчыкі па загадзе зверху не далі гэта зрабіць.

 

Прыпынак восьмы: сённяшні дзень

 

Можна не паверыць, але сапраўды пачуваюся ў ім добра. У пісьменніка ёсць незалежная тэрыторыя — яго душа. Акрамя таго, у апошнія чатыры гады, пазбаўлены нейкай службы, я набыў яшчэ і знешнюю свабоду. У цяперашняй дзяржаве, дзе ўсё пабудавана на лакействе, чынашанаванні, не трэба падпарадкоўвацца, дагаджаць. І таму я шчаслівы.

Тры кіты, на якіх трымаецца зараз маё жыццё, — гэта літаратура, сям’я, сябры.

Пішацца няблага. У стале ляжаць пяць рукапісаў новых кніг.

Як кажуць у народзе, маю надзейны тыл. Жонка Ліля заўсёды была і застаецца маім аднадумцам, мудрай, клапатлівай, пяшчотнай і надзейнай спадарожніцай па жыцці. Ганаруся сваімі дачкамі Алёнай і Святланай, унукамі Марынкай і Францішкам, зяцямі Юрасём і Дзянісам. З вялікай павагай і сардэчнасцю адношуся да цешчы Валянціны Кірылаўны. Яны ўсе, кожны па-свойму, мае найлепшыя дабрадзеі і натхняльнікі.

Мне пашанцавала на верных, надзейных сяброў. Гэта ў першую чаргу Генадзь Бураўкін, з якім разумеем адзін аднаго з паўслова і шчыра, безаглядна падстаўляем плячо дапамогі ў любую цяжкую хвіліну. Даражу сяброўствам з Рыгорам Барадуліным, Валянцінам Болтачам, Віктарам Казько, Анатолем Кудраўцом, Вольгай Іпатавай, Уладзімірам Някляевым, Генадзем Дзмітрыевым.

Асаблівае месца ў сэрцы займае слаўная паэтка, перакладчыца, мая мілая духоўная сястрычка Ніна Мацяш. Удзячны за прыязныя адносіны і заўсёды стараюся аддзячыць тым жа Радзіму Гарэцкаму, Станіславу Шушкевічу, Нілу Гілевічу, Васілю Зуёнку, Анатолю Вярцінскаму, Уладзіміру Дамашэвічу, Жане Літвіной. Ёсць і яшчэ шмат цудоўных людзей, з якімі мне добра жыць на гэтым белым свеце.

Што тычыцца нашай беларускай сітуацыі, якая прымушае задумвацца, трывожыцца, то яна бачыцца так. Для таго, каб народнае жыццё ўвайшло ў нармальнае рэчышча развіцця, як у дэмакратычных заходніх краінах, патрэбны інтэлектуалізацыя, сталенне грамадства ў спакойных умовах. Якраз гэтага не адбываецца. Перавароты ідуць адзін за другім. А таму народу не стае ні адукацыйнай, грамадзянскай, палітычнай падрыхтоўкі, ні элементарнай цярплівасці, каб нарэшце разумна ўладкавацца. Вось і ходзім мы, як цыркавыя коні па крузе, з зоны ў зону.

А наогул, у чалавечым свеце няма нічога важнейшага, чым узаемаадносіны жанчыны і мужчыны, дзе ёсць безаглядная адданасць, шчырасць, гарачыя пачуцці. На іх трымаецца жыццё на Зямлі. Палітычныя сістэмы, дзяржавы, прэзідэнты, урады, заводы, фірмы і г.д. — толькі надбудова над загадкавым, усёўладным і бессмяротным пачуццем. Калі б мелася такая магчымасць, то паслаў бы я падалей усю гэтую палітыку з яе брудам, хлуснёю і пісаў бы вершы, прысвечаныя адной, самай непадуладнай, але высакароднай і ўдзячнай тэме — каханню. Скажам, такія як “Белая сукеначка”:

 

                                  Белая сукеначка мільгнула

                                  На начной сцяжыне ўскрай сяла

                                  І мілосцю вольнай ахінула

                                  Сэрца неспакойнае:

                                  «Прыйшла…».

 

                                  Быў пасля і гордым, і паніклым,

                                  Быў бядой раструшчаным амаль.

                                  Белая сукеначка не знікла

                                  Ветразем паміж будзённых хваль.

 

                                  Хутка цела цёмнай глебай стане,

                                  А душа рванецца на святло.

                                  Што было?

                                  Адзінае — каханне,

                                  Рэшта — сумятня і мараў тло.

 

                                  Адпакутваўся і адкружыўся

                                  Па чужых і па сваіх слядах.

                                  У ажыннай квецені сцяжынка

                                  Выведзе мяне на Млечны Шлях.

 

                                  Позіркам расстайным аббягаю

                                  Свет,

                                  Што адплывае ў забыццё…

                                  Белая сукеначка ля гаю

                                  Прамільгнула,

                                  Як маё жыццё.

 

Прыпынак… апошні

 

Калі ён будзе і якім, не ведаю. І добра, што так задумана Вышэйшай Воляй. Адыход, які адбываецца знянацку, — таксама вялікая таямніца. Я ведаю цвёрда толькі адно: вандроўка, дзе ёсць гора і радасць, плач і смех, расчараванні і надзеі, страты і знаходкі, была недарэмнай. З гэтай думкай падарожнічаю далей…

 

Аўтарскае пасляслоўе

Зразумела, я не пісаў гэты маналог “на дыктафон”. 16 верасня 2006 года беларускаму паэту, публіцысту, перакладчыку і грамадскаму дзеячу Сяргею Законнікаву споўнілася 60 год. “Свободные новости плюс” надрукавалі гэты артыкул, а я толькі папрасіў прыслаць яго, што і адбылося 19 кастрычніка 2006 года.

%d0%b7%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%bd%d0%bd%d0%b8%d0%ba%d0%be%d0%b2 %d0%b7%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%bd%d0%bd%d0%b8%d0%bc%d0%ba%d0%be%d0%b24 %d0%b7%d1%81%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%bd%d0%bd%d0%b8%d0%ba%d0%be%d0%b22