Завадская Святлана

%d0%b7%d0%b0%d0%b2%d0%b0%d0%b4%d1%81%d0%ba%d0%b0%d1%8f-%d1%81%d0%b2%d0%b5%d1%82%d0%b0

З кнігі "Будзіцелі"

Даведка: Святлана Завадская нарадзілася ў Мінску. У 1990 годзе выйшла замуж за Зміцера Завадскага, які быў гвалтоўна выкрадзены ў 2000 годзе . Узначальвае фонд яго імя і з’яўляецца адным з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Мы памятаем», якая аб’ядноўвае сяброў і родных зніклых у Беларусі грамадскіх дзеячаў.

— Традыцыйна ўсе журналісты просяць расказаць пра сябе?

— Пра дзень народзінаў казаць не буду, бо такія пытанні жанчынам не задаюць, і як казала Коко Шанэль: «У кожнай жанчыны той узрост, якога яна заслугоўвае».

Нарадзілася я ў Мінску, хаця мае бацькі не мінчане. Брат Васіль на тры гады старэйшы за мяне. Маці завуць Валянціна Міхайлаўна, яна з Магілёўскай вобласці. Бацька, Міхаіл Уладзіміравіч, з Жодзіна, але карані ў яго расійскія. Справа ў тым, што мой дзед па бацькавай лініі з Тулы. У час вайны ён са сваім атрадам патрапіў у акружэнне. Калі выйшаў з яго, далучыўся да партызанскага атрада. Было гэта ў Беларусі. Так ён тут пасля вайны і застаўся.

У маці была вельмі вялікая сям’я. Трынаццаць дзяцей, яна апошняя. Калі я не памыляюся, то мая маці нарадзілася тады, калі яе маці ўжо было пад шэсцьдзесят гадоў.

Вучылася я ў 132-й школе, што на вуліцы Пятра Глебкі. Была добрай вучаніцай, актывісткай. Удзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах. Але ў камсамол не ўступіла, было адчуванне, што гэта мне не вельмі патрэбна. Заўжды любіла нешта распавядаць. На перапынках вакол мяне збіраўся амаль натоўп. Калі мы неяк збіраліся з маімі былымі аднакласнікамі, гэты момант некаторыя прыгадвалі, а я заўсёды думала, што ўсё гэта помніцца толькі мне.

Са школы пайшла пасля восьмага класа. Мабыць, стала нудна. Лічыла: усё, што павінна была даць школа, яна мне дала. Калі падавала дакументы ў тэхналагічны тэхнікум, то там спыталіся: навошта з такімі адзнакамі некуды ісці са школы? У мяне ў атэстаце за 8 класаў была толькі адна «чацвёрка», а астатнія — «выдатна». Прыйшлося патлумачыць, што хачу атрымаць прафесію.

Конкурс быў даволі вялікі — дваццаць восем чалавек на месца. Помню, што нехта з камісіі, якая прыходзіла ў тэхнікум, пажартаваў: пасля двойкі вы не забыліся паставіць коску? Сапраўды, мадэльераў-канструктараў набіралі толькі трыццаць чалавек.

На другім курсе выйшла замуж. Праз год нарадзіла дзіця. Апошні курс вучылася з грудным сынам Юрам. Усе акрамя выкладчыцы па практыцы раілі ўзяць «акадэмку», бо вучыцца на дзённым аддзяленні з грудным дзіцем лічылі немагчымым. Яна казала: «Света, акадэмічны перапынак можна ўзяць ў любы момант. Ты гэта зробіш, калі адчуеш, што зусім не можаш.» Вельмі карысная была тая парада. А зараз я лічу — пакуль дзіця не ходзіць і нічога рукамі не чапае, трэба вучыцца.  У нас у групе быў выпадак, калі дзіця парвала дыпломную працу сваёй маці.

Выкладчыца, як аказалася, мела рацыю. Калі я прыйшла на атрыманне дыплома, то ўзяла з сабой маленькага Юрася, яму тады толькі споўніўся адзін год, але ён ужо добра хадзіў, і дэкан, пабачыўшы мяне, гучна заўважыў: глядзіце, якая малайчына, усё паспела — і вучобу добра скончыць, і выйсці замуж, і дзіця нарадзіць. Пасля тэхнікума хацела атрымаць вышэйшую адукацыю, аднак не атрымалася. Спачатку трэба было глядзець за Юрасём, а потым у нашай сям’і наступіў цяжкі перыяд. У фінансавым сэнсе. Трэба было ісці працаваць. Да 1998 года я працавала на «Мілавіцы». Звольнілася, таму што на мяне напалі. Я была інструктарам па якасці і, як кажуць, знаходзілася пры начальстве, але змены ўсё роўна дзве. Ішла з другой змены. Ноч. Напаў нейкі мужчына, адвалок у цемру і вырваў сумачку. Пабіла калені, локці. Прыбегла дамоў уся спужаная.

Мы жылі на вуліцы Данілы Сердзіча. Ад «Мілавіцы» гэта не вельмі далёка, але да транспартнага прыпынку трэба ісці хвілін дзесяць. Калі мог, Зміцер мяне сустракаў, аднак ён быў амаль пастаянна ў камандзіроўках.

Пасля гэтага здарэння рашэнне аб маім звальненні было прынятае даволі хутка, як і тое, што мне трэба шукаць нешта іншае. Я добра шыла, і густ у мяне нядрэнны. Таму з адной маёй сяброўкай мы вырашылі пачаць сваю справу, але не атрымалася. Галоўнай прычынай было тое, што сын, па сутнасці, заставаўся без бацькі і маці, а гэта немагчыма. Жанчыне часта прыходзіцца рабіць такі выбар: альбо свая справа, альбо сям’я.

Атрымаць вышэйшую адукацыю хацела заўсёды. Нават казала сыну: ты скончыш школу, і будзем паступаць разам. Усё выйшла інакш. У 2005 годзе я паступіла ў ВНУ (якую канкрэтна, па зразумелых прычынах, казаць не буду) і атрымліваю зараз спецыяльнасць палітолага-юрыста.

— А як вы пазнаёміліся са Зміцерам?

— 1989 год. Як зараз памятаю, 30 верасня. Усё было даволі банальна. Мяне запрасілі на дыскатэку. У той час яны толькі-толькі пачыналіся і былі вельмі папулярнымі. Дыскатэка праходзіла ў 128-й школе, дзе некалі вучыўся Зміцер. Дарэчы, там зараз вучыцца Юра. Каханне з першага позірку. Пачалі сустракацца. Зміцер працаваў на беларускім тэлебачанні (БТ), быў памочнікам аператара.

Мае бацькі вельмі любяць мяне і брата, і таму заўсёды хвалююцца за нас і баяцца, каб чаго-небудзь не здарылася. А тады час быў трывожны — крымінальны, і яны заўсёды казалі: не цягайцеся па вуліцах і падваротнях, у любы момант прыводзьце сваіх сяброў да нас. З гэтага ў нас усё са Зміцерам і пачалося.

Зміцер прыходзіў да мяне амаль кожны дзень. Я і маці добра гатуем, ён часам заставаўся вячэраць. Дарэчы, за першы год нашага знаёмства Зміцер значна паправіўся. Ён быў худы, а затым стаў важыць амаль сто кілаграмаў. Пахудзеў зноў, калі пайшоў служыць у войска.

23 лістапада 1990 года мы распісаліся. Праз два тыдні, як я нарадзіла сына, Зміцера «забралі» ў войска. Амаль чатырнаццаць дзён пасля нараджэння дзіцяці мы не маглі выбраць яму імя. І калі Зміцер быў ўжо ў дзвярах, каб ад’ехаць у войска, я яшчэ раз запытала яго пра імя. Зміцер падумаў і сказаў — назаві Юрам. Так і зрабілі. Спачатку ён служыў у Брэсце ў «вучэбцы», а потым тут у Мінску, ва Уруччы.

Было вельмі цяжка. Лісты да мужа, заняткі, курсавыя, дыпломная, дзіця. Амаль не спала, максімум толькі 2 гадзіны за ноч. Аднойчы ад фізічнай стомленасці ў мяне адказалі ногі, і я ўпала. Прытомнасць не страціла, але стаяць больш не магла. Нават не ведаю, як тады ўсё змагла вытрымаць.

Я вельмі кахала Зміцера. Нават, здавалася, больш, чым ён мяне. Гэта не крыўдзіла, бо лічыла, што маёй любові хопіць на дваіх.

Цяжкасці ўзніклі амаль адразу пасля вяселля. Нам падаравалі шмат грошай — больш за дзесяць тысяч савецкіх рублёў. У тыя часы на такія грошы можна было купіць кватэру. Нагадаю, што было гэта напрыканцы лістапада 1990-га, а ў лютым 1991-га ўсё з’ела інфляцыя. Урэшце наша сям’я пачала сваё існаванне практычна з нуля. Менавіта па гэтай прычыне я пайшла працаваць, каб потым была магчымасць вучыцца.

Зміцеру на БТ плацілі даволі мала, але ён па-сапраўднаму любіў сваю працу. Гэта было відавочна. На «Мілавіцы» я зарабляла значна больш. Аднак наконт заробкаў у нас ніколі не было папрокаў. Мы разам радаваліся, калі нешта новае куплялі. На першы погляд, дробязь — купіць халадзільнік альбо газавую пліту, але для нас гэта было сапраўднай падзеяй.

У 1999 годзе маці Зміцера, Вольга Рыгораўна, пераехала, а дагэтуль жыла з намі.

— У двухпакаёвай «хрушчоўцы»?

— Так. Было вельмі цесна. Маленькі, вузкі пакойчык. Маладая сям’я. Юра (ён ужо хадзіў у школу) спаў за шафай.

Асобна ад маці мы са Зміцерам пражылі толькі год. Сумна ад таго, што ён так марыў жыць асобна, сваёй сям’ёй, няхай і ў маленькай, але ў сваёй кватэры, і так мала змог гэтаму парадавацца. Калі маці з’ехала, мы распачалі рамонт, які не завершаны па гэты дзень. Бо калі Зміцер знік, сілаў нешта даробліваць не было.

— Я разумею, што гэта вельмі цяжка, таму адразу прашу дараваць. Але, напэўна, многім будзе цікава яшчэ раз пачуць пра знікненне Зміцера.

— Вельмі цяжка аб гэтым узгадваць. Кожны раз усё перажываеш па-новаму.

7 ліпеня 2000 года. Звычайная летняя раніца звычайнай сям’і. Зміцер (гены перадаліся сыну) любіў спаць да апошняга і надта спяшаўся на працу. У момант яго выхаду я паглядзела на гадзіннік — 10 гадзін 10 хвілін. Чула, як ён бег уніз па прыступках, як завялася машына і ад’ехала ад дома.

Цікавы факт, аб якім я расказвала шмат разоў. Заўсёды глядзела ў акно і праводзіла мужа поглядам, а ў той раз нечым займалася і гэтага не зрабіла. Чутнасць у нашым доме добрая. Чаму я падкрэсліваю такі момант? Таму што следства потым казала, што Зміцера выкралі амаль каля дома. Мабыць, ім хацелася даказаць, што ў аэрапорце яго не было. Добра, што суседка з першага паверха бачыла, як Зміцер сам сеў за руль і самастойна выехаў з двара.

Памятаю, на развітанне муж папрасіў зрабіць яму на вячэру катлеты, бо ён вельмі любіў, як я іх гатую.

Каля абеду мне патэлефанавалі з ГРТ і спыталі, ці ёсць Зміцер дома. Я адказала, што ён паехаў сустракаць Паўла Шарамета ў аэрапорт. Ужо потым мне патлумачылі, што гэта была такая праверка, яны яго ўжо пачалі шукаць і падумалі, можа, нешта здарылася з машынай.

Бліжэй да вечара пачала хвалявацца і я, Зміцер мне ні разу не патэлефанаваў, што было незвычайным. Пачала сама тэлефанаваць на ГРТ, дзе сказалі, што ён на недзе здымае. Пазней мне распавялі, што ніхто тады не верыў у магчымасць знікнення чалавека.

А познім вечарам патэлефанаваў сам Шарамет і сказаў, што едзе да нас. Ён аб усім і паведаміў. Хацелася верыць, што раніцай усё высветліцца, але пра Захаранку і Ганчара з Красоўскім ужо было вядома. Не памятаю, спала ў тую ноч, ці не. У мяне быў (шмат разоў аб гэтым расказвала) нібы прывід, нібы сон: а сёмай гадзіне раніцы ён мяне паклікаў і сказаў, што яму вельмі холадна. Ачулася і ў істэрыцы пачала крычаць, што мужа не знойдуць ніколі.

У той час я нічога не разумела у палітыцы.

— Яшчэ раз даруйце мне вашы слёзы. Наколькі я помню, у Ашмянах быў яшчэ і суд?

— Так.

— Будынак суда знеслі, і ён пераехаў у іншае месца.

— Дзякуй Богу. Я гэтага не ведала.

Зміцера забралі з дому. Да гэтага муж мне распавядаў аб здарэнні на мяжы з Літвой. Іх тады затрымалі, але хутка выпусцілі і амаль ты­дзень не чапалі. Першы раз затрымалі ў панядзелак, а арыштавалі ў пятніцу.

Пазванілі ў дзверы. Стаяць нейкія людзі ў спартыўных касцюмах. Паказваюць позву з памылкай. Справа ў тым, што ў суседнім доме жыве чалавек, у якога такое ж прозвішча, як у нас. І дом яны пераблыталі. Папярэдзілі, што супраціўляцца няма сэнсу, бо павестку яны праз некалькі хвілін напішуць новую, таму што добра ведаюць, каго трэба арыштаваць.

Прыкладна за гадзіну да прыходу «гасцей» у нашай кватэры нечакана перастаў працаваць тэлефон. Мяркую, гэта было зроблена наўмысна. Аднак яны не ведалі, што суседка, якая жыве насупраць, некуды паехала і пакінула нам ключы, каб можна было паліваць кветкі. Там быў тэлефон. Для «гасцей» гэта стала сапраўднай нечаканасцю.

Некалькі дзён мы не ведалі (арыштавалі таксама Паўла Шарамета і кіроўцу Вячаслава Аўчыннікава), дзе яны знаходзяцца. Людзі ў пагонах нам нахабна хлусілі.

Гэта была першая мая сустрэча з чыноўніцкім падманам. Усе яны добра ведалі, дзе знаходзіцца арыштаваная група ГРТ.

«Знайшла» мужа ў Гродзенскай турме. У адрозненне ад бацькоў Шарамета, сустрэцца са Зміцерам нам ні разу не дазволілі.

Дарэчы, тады здавалася, што нічога больш страшнага ў жыцці няма. Калі Зміцер знік, я зразумела — ёсць. Заўсёды спачуваю палітзняволеным, але, як бы гэта ні было абсурдна, я жадала б зараз, каб Зміцер знаходзіўся за кратамі, чым тое, што зрабілі з ім і з нашай сям’ёй.

Ён прабыў у турме 40 дзён, і за гэты час схуднеў на 10 кілаграмаў. Як потым сказаў — КДБ не дарэмна еў свой хлеб амаль семдзесят гадоў. Працуюць яны «прафесійна», у злачынствах прызнаюцца нават тыя, хто нічога крымінальнага не рабіў.

Вельмі цікава Зміцера выпусцілі. Тэлебачанне паказала Лукашэнку, які сказаў, што адпусціў Завадскага, таму што яго аб гэтым папрасілі ў «слёзным» лісце блізкія. Чарговая цынічная хлусня, бо ніхто нічога падобнага не пісаў.

А потым была яшчэ адна цёмная гісторыя, ужо з пакаянным лістом Зміцера. Ён даведаўся аб гэтым па тэлебачанні. Атрымалася так. Нейкія невядомыя людзі забралі яго з турмы. Адвезлі ў гатэль, купілі ежы і зачынілі на ключ дзверы. Там быў тэлевізар, з якога Зміцер і пачуў, што «пакаяўся». Ён усё зразумеў і пачаў біць у дзверы, патрабаваць адвесці назад у камеру, бо ўсё гэта хлусня.

Пасля таго як стала вядома, што Зміцера выпусцяць, мы паехалі ў Гродна да турмы. Аднак муж адтуль не выйшаў. Вярнуліся ў Мінск. Каля нашага дома, чакаючы Зміцера, да двух гадзін ночы дзяжурылі журна­лісты. Зміцера прывезлі, як толькі яны разышліся. Напэўна, нехта ўсё ўважліва адсочваў.

Думкі ў мяне былі самыя жудасныя. Куды падзелі чалавека, калі ўжо абвясцілі, што выпусцілі? З моманту, як яго павінны былі адпусціць, да моманту, калі прывезлі ў Мінск, прайшло больш за суткі.

— Апошняе пытанне. Навошта вы зараз займаецеся грамадскай дзейнасцю?

— Калі Зміцер знік, яшчэ не было разумення, хто за ўсім гэтым стаіць. Цяпер жа яно ёсць. Як кажуць, палітыка — брудная справа. Асабліва, калі ёй займаюцца брудныя людзі.

І што атрымліваецца? Яны надалей будуць працягваць злачынствы і ніхто нічога не будзе ведаць? Не.

АЎТАРСКІ КАМЕНТАРЫЙ

Мне вельмі не падабаецца, калі жанчыны пачынаюць плакаць. І яшчэ больш не падабаюцца тыя, хто прымушае іх так рабіць, бо гэта заўсёды азначае нейкае гора.

У Святланы Завадскай ёсць слёзы і гора. Няма толькі яснасці.