Завальнюк Уладзіслаў

%d0%b7%d0%b0%d0%b2%d0%b0%d0%bb%d1%8c%d0%bd%d1%8e%d0%ba

  • З кнігі  “Найноўшая гісторыя ў асобах”

Падрыхтавана да друку 23.09.2013

 Папярэдняя дамова пра сустрэчу для гэтага нарыса была яшчэ мінулым летам, а “ўключыць фарсаж” мяне “прымусілі” дзве вельмі цікавыя абставіны. Двойчы з самай раніцы па розных прычынах (сярод іх не было спазнення) я не змог паехаць на патрэбнай электрычцы, двойчы заходзіў у Чырвоны касцёл, двойчы (у сем гадзін раніцы) сустракаў там ксяндза-пробашча Уладзіслава Завальнюка. Мабыць, НЕХТА вельмі хацеў, каб нарыс быў у гэтай кнізе…

 

Мара пра неба

 

Напэўна, калі не ведаць гісторыю радавога сяла Уладзіслава Завальнюка, можна крыху заблытацца. У адных крыніцах пішацца Мурафа, у другіх — Жданава. Справа ў тым, што размова ідзе пра адзін і той жа населены пункт, у геаграфічныя каардынаты якога крыху ўмяшалася камуністычная ідэалогія. Гістарычная назва была заменена савецкай. І наадварот.

Так што лагічна лічыць, што будучы ксёндз нарадзіўся ў сяле Жданава Вінніцкай вобласці існуючай тады Украінскай ССР, бо адбылося гэта, як кажуць,  яшчэ за савецкім часам, то бок  8 ліпеня 1949 года.

Паходзіць Уладзіслаў Завальнюк з сялянскай каталіцкай сям’і. Мякка кажучы, яго бацькі, Мацвей і Ганна (дзявочае прозвішча Рошак), не былі прыхільнікамі новай улады. І не маглі імі быць па вызначэнні: шчыра веруючыя людзі не ў стане прыняць атэізм дзяржаўнага ўзроўню.

У дзяцінстве Уладзя, які ў будучым стане Уладзіславам Мацвеевічам (ні разу не чуў падобнага звароту – заўвага аўтара), марыў стаць  лётчыкам і нават пасля школьных васьмі класаў паехаў паступаць у ваеннае вучылішча, але маці спыніла словамі: “Спачатку скончы школу, а потым паступай куды хочаш”.

Ён паслухаўся і потым ніколі аб гэтым не шкадаваў, хаця дзіцячая мара здзейснілася толькі фігуральна. Нябёсы сталі нечым большым, чым маршруты  чалавечых самалётаў…

Пра Гану Іванаўну Завальнюк ёсць сэнс сказаць асобна. І не толькі таму, што яна пражыла  амаль 100 гадоў (99), палову з якіх была фактычнай вегетарыянкай. І не толькі таму, што ў 2001 годзе сын прысвяціў ёй кнігу “Не адзіным хлебам”. Гэтая Жанчына ўласным досведам паказала: па доўгай дарозе жыцця трэба ісці годна. Каб не было сорамна за тое, што за спіной. Нават калі ты не знаходзішся ў эпіцэнтры агульнай увагі.

 

Духоўнае нараджэнне

 

Кажуць, каб нехта стаў святаром, гэта трэба вымаліць. Маліцца павінна і яго атачэнне (не толькі блізкае), і сам чалавек (каб перамагчы нейкія маральныя хістанні). Напэўна, у Уладзіслава Завальнюка  так і адбылося.

Быў у рэлігійным выбары і яшчэ адзін складнік. Гутарка пра шчырую юнацкую павагу да святароў так званай “старой даты”, то бок тых, хто змог атрымаць  адукацыю за межамі СССР. І не толькі рэлігійную. Рым, Парыж, Сарбона і да т.п. Ад аднаго пераліку гарадоў, дзе месцяцца прэстыжныя ўніверсітэты, можна захапіцца.

А яшчэ тое, што кожны з іх  прайшоў праз 8-15-20 гадоў сталінскіх лагераў. Усіх “этапіравалі” ў Польшчу, дзе сваіх святароў і так хапала, таму кожны імкнуўся “зачапіцца” дзе-небудзь на Захадзе Савецкага Саюза.

У 1965 годзе Уладзіслаў Завальнюк скончыў у роднай вёсцы сярэднюю школу і адразу ж паехаў паступаць у Рыжскую духоўную семінарыю. Чаму менавіта туды?

Адказаць могуць многія, хто пажыў у савецкія часы: не было выбару. На ўвесь Савецкі Саюз дзейнічалі толькі дзве ўстановы падобнага тыпу: у Каўнасе і Рызе.

У Каўнасе рыхтавалі святароў выключна для літоўскіх парафій. У Рыжскай духоўнай семінарыі была больш разнастайная “геаграфія”. Там рыхтавалі ксяндзоў нават для Арменіі. Аднак  у Рызе была адна “складанасць”, якая сур’ёзна перашкаджала паступленню: абітурыенты  павінны ведаць латышскую мову.  Абавязкова.

Мабыць, каб размова ішла пра  нейкія “свецкія” ўстановы, для большасці гэта стала б  перашкодай, якую нельга перамагчы,  і я “здымаю капялюш” перад непахіснасцю ўкраінскага юнака. Для таго, каб авалодаць латышскай мовай, ён пайшоў працаваць на звычайную будоўлю. Прычым, вучыцца новым спецыяльнасцям Уладзіславу прыходзілася прама там. На будоўлі Завальнюк стаў і мантажнікам, і электрыкам, і муляром 4-га разраду.

Праз няпоўны год ён размаўляў на латышскай мове амаль так, як яе этнічныя носьбіты, аднак паступіць атрымалася толькі ў 1969 годзе, бо раней гэта не дазвалялі зрабіць улады.

26 траўня 1974 года кардыналам Юліанам Вайводсам  Уладзіслаў Завальнюк быў асвечаны ў святары. Адбылося яго другое нараджэнне. Духоўнае.

 

Выпрабаванні веры

 

Яшчэ падчас вучобы Уладзіслаў Завальнюк перапісваўся  з місіянерамі з Паўднёвай  Амерыкі, Афрыкі і Азіі, планаваў і сам стаць місіянерам, аднак Нябёсам было патрэбна зрабіць інакш. Душпастырскую дзейнасць ён распачаў на пасадзе пробашча ў грэка-каталіцкай капліцы на армянскіх могілках у Кішынёве.

Дарэчы, раней  у Малдове працаваў ксёндз з прозвішчам Хаданёнак, які быў родам з-пад беларускіх Міёр. Менавіта яго месца і заняў святар, які потым будзе адным з тых, хто паспрыяе фактычнаму адраджэнню (без перабольшванняў) каталіцызму ў самой Беларусі. Сапраўды, шляхі Госпада “неисповедимы” …

Па сутнасці  ў нейкім сэнсе гэта было таксама місіянерства, бо савецкая ўлада ўвесь час складала вернікам перашкоды не менш, чым тыя, якія адчувалі місіянеры ў амаль варожым для хрысціян асяроддзі…

Хто ведае гісторыю СССР, пацвердзіць, што той перыяд быў вельмі неспрыяльным для рэлігіі, якую камуністы заўсёды лічылі “опіумам для народа”. Мікіта Хрушчоў запомніўся не толькі сваім кукурузным  валюнтарызмам, але і тым, што распачаў сапраўдную вайну з верай.

Па ўсёй краіне знішчаліся альбо  закрываліся і “перапрафіляваліся” пераважна пад склады храмы, ліквідаваліся парафіі, ішоў жорсткі пераслед тых, хто бачыў у “Кодэксе будаўніка камунізму” боскія запаведзі.

Замена Хрушчова на Брэжнева ніякім чынам не паўплывала на адносіны паміж дзяржавай і царквой, а толькі “замарозіла”  момант.

Знаходзячыся ў Малдове, Уладзіслаў Завальнюк абслугоўваў каля 70 парафій, то бок праводзіў там набажэнствы. 11 з іх былі нямецкімі.

Акцэнт на дадзены момант зроблены наўмысна, бо Уладзіслаў Завальнюк прынцыпова лічыць (як і іншыя каталіцкія святары), што большасць набажэнстваў трэба праводзіць менавіта на той мове, якая з’яўляецца роднай для жыхароў канкрэтнай парафіі. Сам ён пры неабходнасці можа выкарыстаць больш за дзясятак з іх.

 

Насуперак плыні

 

Калі не ведаць, што размова ідзе пра святара, звонку можа паказацца: вострасюжэтны дэтэктыў. Расказ пра жыццё Уладзіслава Завальнюка сапраўды нагадвае нейкую крымінальную Санта-Барбару. З той толькі розніцай, што там прыгоды прыдумлялі сцэнарысты з Галівуда, а ў нас – з КДБ.

Праз чатыры гады душпастарскай дзейнасці ў Малдове вернікі сяла Слабадзея-Рашкаў пад яго кіраўніцтвам пабудавалі храм. Зразумела, мясцовыя савецкія ўлады былі раз’юшаны. 25 лістапада 1977 года храм парушылі, некаторых вернікаў падверглі судоваму пераследу, а самога айца Уладзіслава арыштавалі і выслалі з краіны.

Прыйшлося вярнуцца ў Латвію і выконваць святарскія абавязкі ў горадзе Валміера. Пазбаўлены магчымасці адпраўляць набажэнствы вясной 1979 года Уладзіслаў Завальнюк выехаў у Казахстан.

Спачатку ён служыў у Цалінаградзе, Какчатаве, Краснаармейску і Паўладары, але потым прыйшлося пераехаць у Краснаярск, дзе тры месяцы быў вымушаны нелегальна займацца душпастырскай дзейнасцю.

У 1980 годзе выпала зноў вярнуцца ў Латвію, дакладней, стаць вікарыем у мястэчку Варакляны ў Латгаліі.

Нагадаю, што Латгалія лічыцца спрадвечнай латышскай зямлёй, знаходзіцца на ўсходзе сучаснай Латвіі і займае амаль чвэрць яе сучаснай тэрыторыі. У свой час гэта нават была частка Віцебскай губерніі.

Чарговы пераезд не мог абараніць ад пераследу з боку адміністрацыйных савецкіх уладаў, якія значна абмежавалі святара ў выкананні сваіх абавязкаў. Уладзіслаў Завальнюк меў права толькі спавядаць і адпраўляць Святую імшу.

Але і гэтага камусьці паказалася мала. Напрыканцы 1980 года яго прымусова змясцілі ў псіхіятрычную бальніцу Даўгаўпілса. Праз пэўны час адзін з дактароў вызваліў яго адтуль, але хутка сам апынуўся без працы.

Са студзеня 1981 года Уладзіслаў Завальнюк — на пасадзе пробашча ў розных парафіях Ліепайскага дэканата, а ў 1984 годзе яго пераводзяць у Беларусь.

 

Не хлебам адзіным

 

Дакладней, на  Віцебшчыну. Парафіі ў Глыбокім, Мосары і г.д. Уяўляю, колькі людзей назву гэтай вёскі зараз звязалі з прозвішчам добра вядомага ксяндза Йозаса Булькі, аднак далёка не ўсе ведаюць, што яго запрасіў у Беларусь менавіта герой гэтага нарыса.

У біяграфіі Уладзіслава Завальнюка можна знайсці яшчэ шмат чаго цікавага, але для гэтага патрэбны яшчэ не адзін нарыс, таму я акцэнтую вашу ўвагу толькі на трох момантах.

Першы датычыцца адраджэння хрысціянскіх святынь і вяртання іх вернікам. Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк мае самыя непасрэдныя адносіны да таго, што Дом кіно зноў стаў касцёлам Святых Сымона і Алены, спартзал — Кафедральным касцёлам, а знакамітая арганная зала “ператварылася” ў касцёл Святога Роха.

У тым ліку і яго намаганнямі былі адноўлены і адкрыты каталіцкія парафіі ў Карэлічах, Чэрвені, Смалявічах, Раўбічах і інш.

Другі адносіцца да мовы набажэнстваў. У многім дзякуючы Уладзіславу Завальнюку, Святыя імшы загучалі па-беларуску, а з рэлігійнай радыёперадачы «Голас душы» пра гэта даведалася ўся Беларусь. Больш за тое, Уладзіслаў Завальнюк асабіста прымаў удзел у перакладзе на беларускую мову многіх богаслужбовых кніг.

Трэці “момант” лагічна выцякае з другога. Гутарка пра тое, што на ўсіх каталіцкіх набажэнствах з яго вуснаў нязменна гучаць добрыя пажаданні праваслаўным вернікам. Нічога падобнага раней не было, бо ўлада наўмысна культывавала стэрэатып: каталік — паляк, праваслаўны — рускі або сапраўдны беларус.

Агульнавядома, што гэта не так, аднак адным з першых святароў, хто паспрабаваў штучную насцярожанасць замяніць шчырай добразычлівасцю, быў менавіта Уладзіслаў Завальнюк. І, як лічыць сам, не мог інакш, бо траціна ўсіх беларускіх сем’яў у рэлігійным плане ўяўляе сабой “змешаны” варыянт. “Вылічыць”, чаго там больш, немагчыма па вызначэнні. Да і не трэба гэта.

Да сказанага вышэй ёсць сэнс дадаць, што сёння ксёндз-пробашч касцёла Святых Сымона і Алены дэкан Паўночна-Заходняга дэканату Уладзіслаў Завальнюк мае ступені доктара тэалогіі, кандыдата гістарычных навук і з’яўляецца аўтарам больш за 50 кніг, а дамінуюць (на мой погляд) у яго характары дзве якасці — ветлівасць і дабрата.