Жбанкоў Максім

%d0%96%d0%91%d0%90%d0%9d%d0%9a%d0%9e%d0%8e

З кнігі "Мазаіка жыцця"

Натуральна, жыццё кожнага з нас складаецца з мноства асабістых досведаў. Для вядомага культуролага, кінакрытыка і публіцыста Максіма Жбанкова яны пачаліся ў дзень народзінаў 19 студзеня 1958 года і працягваюцца па сёння – досведы трансфармацыі светапоглядаў.

Досвед пачатку

«Бацька, Расціслаў Георгіевіч – фізік. Маці, Інэса Іванаўна – філосаф. Па тых часах (мяжа шасцідзясятых і сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя) гэта было вельмі прэстыжна. Даволі паспяховая і ў пэўным сэнсе заможная савецкая сям’я.

Бабуля па лініі маці, Фаіна Архіпаўна Новікава, была адным з прадстаўнікоў Беларусі ў ААН. Памятаю, прывозіла адтуль нейкія кружэлкі, розныя фота. Быў яе здымак разам са славутым чарнаскурым спеваком Полем Робсанам.

Яе муж, Іван Васільевіч Яскевіч, выкладаў гісторыю партыі, пісаў адпаведныя кніжкі.

Мы жылі ў самым цэнтры Мінска, вуліца Свярдлова, 20. Месца вельмі цікавае. Насупраць – Галоўны паштамт. Крыху далей – кінатэатр “Цэнтральны”. А нарадзіўся я ў раддоме побач з Рускім тэатрам і Пішчалаўскім замкам, што потым стаў турмой.

Маці расказвала: у той дзень, нягледзячы на сярэдзіну зімы, нечакана пачалася навальніца…

У дзяцінстве я менш за ўсё задумваўся пра свой жыццёвы шлях. Проста быў добрым хлопчыкам з добрага асяроддзя.

Пайшоў вучыцца ў 42-ю школу. Таксама прэстыжную – па наш дзень месціцца побач з Цэнтральнай кніжнай крамай, насупраць будынка КДБ. Дырэктарам тады быў спадар Клябанаў, які потым, здаецца, эміграваў у ЗША. Увогуле ж за мяжу выехаў шмат хто са знаёмых і равеснікаў. Напэўна, у нашага пакалення такі лёс…

У школе я вучыўся даволі добра, хоць і меў праблемы з некаторымі прадметамі. З той жа фізікай, напрыклад. Для многіх гэта здавалася абсалютным нонсенсам – сын вучонага-фізіка ўсё ж такі… А вось чарчэнне любіў, нават прымаў удзел у адмысловых алімпіядах.

Маімі лепшымі сябрамі ў класе былі сын Ніла Гілевіча Сяргей і ўнук Аркадзя Куляшова Уладзімір Бербераў, які цяпер кіруе этна-гуртом “Літвіны”. Магчыма, мы нечым адрозніваліся ад усіх астатніх, таму “задзіралі насы”. Рызыкну нават сказаць, што мы былі своеасаблівай элітай класа, цалкам “кніжнымі” хлопчыкамі. Рок-н-рол прыйдзе пазней, а тады быў пастаянны абмен кніжкамі. Нехта мне прыносіў Дзікенса, я некаму даваў пачытаць Майн Рыда, даставалі Конан Дойля, О’Генры і г.д.

Дарэчы, калі бацькі сварыліся, я браў кнігу і ішоў у цэнтральны кніжны магазін, дзе тады стаялі мяккія крэслы. Чытаў звычайна не менш за гадзіну – дастаткова, звычайна, каб хатнія жарсці сціхлі.

Наша кампанія была не класічным “кніжным клубам”, хутчэй прасунутай тусоўкай. Мы прыдумалі свой свет і камфортна ў ім жылі. Настолькі, што вырашылі выпускаць сваю газету.

Гэта была такая гульня. Газета па-ангельску звалася “Daily World”, што літаральна азначае “штодзённы свет”. Мы прыдумалі правінцыйны амерыканскі гарадок, дзе жылі пярэстыя героі і выдумлялі для іх розныя прыгоды.

Газета ўяўляла сабой вырваны з сшытка падвойны ліст паперы, які быў разбіты на калонкі. Па чарзе мы з яшчэ адным калегам, Аляксеем Тралле, рабілі наступны нумар: пісалі нейкія артыкулы, а потым давалі пачытаць самым блізкім аднакласнікам.

Актыўна гэтым займаліся, здаецца, амаль два гады. Хацелася жыць больш цікава, а цікавага жыцця яшчэ не было. Заставаліся фантазіі.

У кожнага – вельмі прыстойныя сем’і, дзе дзяцей аберагалі ад любых “нечаканасцяў“. Умовы былі цяплічнымі, а хацелася нейкага драйву, руху. Спачатку кніжкі, потым – тая рукапісная газета, а прыкладна з шостага класа – рок.

Можна сказаць,“тыповы” рамантычны набор савецкага падлетка.

З рок-н-ролам атрымалася даволі цікавая гісторыя.

Рок-музыку мы слухалі і раней. Але тады яна яшчэ не была нашай уласнасцю.

Неўзабаве бацьку прапанавалі доўгатэрміновую камандзіроўку ў Індыю. У Інстытуце фізікі Акадэміі навук ён быў на добрым рахунку: прафесар, сакратар партыйнай арганізацыі інстытута, загадчык лабараторыі з мноствам адкрыццяў ды патэнтаў. Карацей, ідэалагічна цалкам правільны і надзейны. Як і маці, дарэчы.

Нават сацыялістычная Балгарыя тады лічылася вялікім шчасцем, а тут – капіталістычная краіна! Бацька вырашыў асвоіць ангельскую мову. Для гэтага купілі магнітафон “Камета”: драўляны кораб, вялікі па памерах і вельмі цяжкі.

Ангельскай тата так і не вывучыў. Аднак у мяне з’явілася магчымасць збіраць музыку.

У сябрука, што жыў побач са школай (тры кварталы па праспекце), былі стужкі “Бітлз”, якія карцела перапісаць. Праблема палягала на тым, што я свой магнітафон паасобку падняць не мог.

Побач з нашым домам нешта будавалі. Мы знайшлі там кінутыя насілкі. Пагрузілі на іх “Камету”. І паперліся так наўпрост па праспекце Леніна!

Толькі каб перапісаць паўгадзіны “бітлаў”.

Цяпер гэта нават уявіць цяжка…

Так у маё жыццё прыйшоў рок-н-рол. І пачалося тое, што можна пазначыць “культурнай шызафрэніяй”.

З аднаго боку, я быў узорным савецкім хлопчыкам: акцябронак, піянер, камсамолец, камсамольскі актывіст. Зрэшты, стасункі з афіцыйнай ідэалогіяй складваліся даволі дзіўна. Парадна-паказальна. Як вучняў адной з лепшых школ Мінска, нас даволі часта здымалі з заняткаў, пераапраналі ў аднолькавую спартовую форму і дрэсіравалі як масоўку нейкіх паказальных выступаў падчас святаў. Нават на партыйныя мерапрыемствы запрашалі. Хорам вітаць удзельнікаў.

З іншага – у жыццё ўваходзіла тое, што крытык Арцём Троіцкі вызначыў “музыкай бунту”. Гітарны біт, дзіўныя вайбы, патлатыя джынсовыя героі… Усё афіцыйнае пераходзіла на другі план, станавілася негрунтоўным. Нават тыя ўлюбёныя кніжкі, якія ва ўсім свеце прачыталі дзесяцігоддзямі (а то і стагоддзямі) таму.

Калі кніжкі замежных аўтараў падаваліся чымсьці прамінулым, то рок-музыка – увасобленай сучаснасцю. У пэўным сэнсе мы былі сведкамі яе нараджэння. Чарговы “Led Zeppelin” альбо “Pink Floyd” траплялі на нашыя магнітныя стужкі і рабілі нас саўдзельнікамі цуду. Натуральна, слоў песняў амаль ніхто не разумеў, аднак спрацоўвала нешта больш істотнае: новыя эмоцыі, магія гуку, падключэнне да новай крыніцы энергіі. Інтэрвенцыя марсіян.

У нашых прыхільнасцях не было анічога дысідэнцкага, ніякага свядомага супрацьстаяння савецкай сістэме. Проста з’явілася нешта новае, прыгожае. Тое, што ў традыцыйную схему не ўкладвалася. Мы шчыра спрабавалі “любіць сваё”: вакальна-інструментальных хлапцоў з “Лейся, песня!”, “Поющих гитар” і г.д. Шукалі легальную крыніцу падобнай энергетыкі.

Але не атрымлівалася. Прычэсаная, адцэнзураваная савецкая песня была зусім іншай. Нежывой.

У восьмым класе вырашылі зрабіць нешта сваё. Склалася брыгада аднадумцаў. Да ўзгаданага вышэй Уладзя Берберава далучыўся іншы аднакласнік – Сяргей Лапанькоў. Ён граў на гітары і нават нейкія мелодыі прыдумляў. Перыядычна нас разыгрываў. Браў, напрыклад, яшчэ тут невядомую песню Макартні і граў як сваю. Уладзь слухаў і бурчэў: “Папса, мала року!” Потым разам доўга смяяліся…

Я падвязаўся пісаць тэксцікі песняў, бо ў нас была неблагая хатняя бібліятэка: Пастэрнак, Цвятаева, Ахматава. Было дзе паляпшаць асабісты слоўнік.

Натуральна, не хапала музычных інструментаў, а сродкаў, каб іх набыць, не мелі. Аднойчы маці Уладзя прапанавала здаць пустыя бутэлькі, якія захламлялі балкон, а грошы пакінуць сабе. Так і зрабілі. Не ўзгадаю, дзе быў тады пункт прыёму шклатары, аднак памятаю, як мы цягнулі тую тару праз увесь цэнтр, а за грошы набылі адну з талерак для ўдарнай устаноўкі…

Чамусьці вырашылі, што для бас-гітары ідэальна пасуюць струны са старога піяніна з сутарэння нашай школы. З дапамогай пласкагубцаў дасталі і прынеслі дадому. Але высветлілася, што каб іх вытрымаць, грыф нашай бас-гітары мусіў быць у некалькі разоў больш мажным за ўжо зроблены.

Пад узмацняльнік гуку адаптавалі “рэквізаваны” ў маёй бабулі рарытэтны радыёпрымач.

Але нешта не склалася. Спробы зрабіцца поп-зоркамі скончыліся нічым.

Досвед працягу

Дзякуючы дзіцячым захапленням адбыўся пераход са свету фантазій у свет рэальны. Захацелася і ў ім таксама нешта змяніць. Вучоба ў школе скончылася, трэба было некуды паступаць. Вышэйшая адукацыя ўспрымалася тады чымсьці натуральным, абавязковым.

Тата ўвесь час далікатна “падштурхоўваў” мяне на свой шлях: падсоўваў нейкія кніжкі па займальнай фізіцы, выпісваў адпаведныя часопісы. А маці адказвала за культурны складнік. Мы хадзілі ў кіно, на выставы ды канцэрты.

У яе быў тоўсты пачак сшыткаў, дзе ад рукі (ксераксаў і сеткавых файлаў тады, натуральна, не было) запісваліся розныя вершы і думкі, якія прыходзіліся да спадобы. З прэсы выразаліся цікавыя тэксты і таксама туды ўклейваліся.

Гэта быў своеасаблівы дайджэст, дасье разумнага, важнага і цікавага. Штосьці падобнае я пазней завёў і для сябе. Зразумела, ужо са сваімі аўтарамі, героямі, персанажамі.

Маці Уладзя Берберава сябравала са многімі літаратарамі, у тым ліку і з расійскімі. Памятаю, у палітэху на пачатку 1970-х улетку адбыўся паўлегальны выступ Андрэя Вазнясенскага. Яго прадстаўляў Рыгор Барадулін (паэты цесна сябравалі), удзел у імпрэзе прымала акцёрка Таццяна Лаўрова. Не ведаю, якім чынам узнік гэты своеасаблівы творчы альянс, але дакладна бачыў (правяраў апасля па кніжках), як Вазнясенскі імправізацыйна перакручваў радкі некаторых сваіх вершаў – ці то гуляўся, ці папросту не помніў іх дакладна.

Словам, новыя крыніцы духоўнай энергетыкі падштурхоўвалі да змен у жыцці, жадання шукаць нешта новае, жыць актыўна. Але ж я быў савецкім хлопчыкам, і для мяне гэта асацыявалася перад усім з жыццём па сумленні і сваіх прынцыпах у межах савецкай матрыцы.

Канчаткова вырашыў ісці па матчынай лініі, абраў філасофію. І нечакана з першага разу не паступіў у БДУ.

Філасофія лічылася часткай ідэалагічнага забеспячэння сістэмы, таму вучыцца бралі людзей з жыццёвым досведам (для юнакоў звычайна гэта было войска), камуністаў, альбо з рэкамендацыямі партыйных камітэтаў. Я ж туды палез выключна па рамантычнай наіўнасці.

Іспыты прайшоў добра. Але без шанцаў. Памятаю, як на апошнім уступе мяне літаральна “рэзалі”, задавалі пытанні, што да тэмы мелі вельмі ўмоўнае дачыненне…

У выніку я недабраў палову бала і пайшоў на завочнае аддзяленне той жа філасофіі, што аўтаматычна азначала прызыў у войска. Пасля васьмі месяцаў работы лабарантам Інстытута філасофіі Акадэміі навук Беларусі ў 1976 годзе так і адбылося.

Спачатку накіравалі пад Рыгу ў вучэбку, потым — у Савецк, што ў Калінінградскай вобласці, колішні нямецкі Цільзіт. Там інжынерныя войскі, фактычна “мяккі” будбат. Толькі грошы за працу не плацілі. Цягам двух гадоў маёй службы акцэнт рабіўся не на баявую падрыхтоўку, а на розныя будаўнічыя работы. Пастаянныя камандзіроўкі.

Яшчэ ў вучэбцы адзін з маладых салдат скончыў жыццё самагубствам – не вытрымаў новых умоў жыцця. Пасля таго я трапіў пад пільную ўвагу нашага зампаліта. Доўга не мог зразумець – чаму. Высветлілася гэта ў размове з ім падчас прыезду бацькоў. Аказалася, я трапіў у спіс небяспечных ды схільных да суіцыду, бо “часта хадзіў у бібліятэку”…

Гэта — таксама новы досвед, досвед не кніжнага, а рэальнага жыцця.

Словам, калі ў 1978 годзе я зволіўся ў запас і аднавіўся на філасофскім (ужо не на завочным, а на дзённым) аддзяленні, у мяне за плячамі мелася шмат жыццёвага багажу. І перш за ўсё скептычныя адносіны да таго, што адбываецца вакол.

Унутрана я жыў на адной хвалі, а вонкавая была іншай. Пры тым разумеў, што так жывуць многія і да гэтай сітуацыі трэба неяк прыстасоўвацца, бо інакш не будзе пэўных “рычагоў жыцця”. Згодна з парадай маці яшчэ ў войску я ўступіў кандыдатам у партыю.

Зразумела, што, як толькі вучоба працягнулася, мяне зрабілі актывістам і абралі сакратаром камсамольскай арганізацыі нашага аддзялення. Цягнуў гэтую “лямку” аж да трэцяга курса, цэлых два гады. А потым адбылося тое, што нармальнаму чалавеку цяжка зразумець.

У нас па студэнцкім абмене вучылася група палякаў. І здарылася так, што якраз у той момант суполка маіх знаёмых з іншых курсаў распрацавала зварот да дэкана з прапановамі аптымізаваць вучэбны працэс — будучыя філосафы заўсёды лічыліся самымі прасунутымі. Як і іншыя, я спакойна падпісаў петыцыю, бо не бачыў нічога экстраардынарнага. Нічога антысавецкага і дысідэнцкага. Напрыклад, узяць прапанову дазволіць студэнтам самастойна абіраць спецкурсы – сёння гэта падаецца абсалютна нармальным, а тады расцанілі ледзь не бунтам. Маўляў, заўтрашнія ідэалагічныя работнікі павінны безагаворачна выконваць загады партыі.

Пра збор подпісаў нехта “стукнуў”. І пачалося…

Мы ведалі, што на кожным курсе ёсць намеснік дэкана, які на самай справе з’яўляецца “асабістам”. Аднак да гэтага моманту большасці яно не тычылася, а тут – скандал, змова. Вельмі хутка прыдумалі схему студэнцкага бунту.

Маўляў, палякі, звязаныя з “Салідарнасцю”, падбухторылі нашых студэнтаў на нейкі антыдзяржаўны супраціў. Мяне тэрмінова выклікалі ў дэканат, абвінавацілі ў адсутнасці валодання сітуацыяй, прапанавалі правесці па курсах “тлумачальныя размовы”. Не бачыў у гэтым ніякага сэнсу, аднак згодна з пасадай давялося нешта агучваць. Сумна і няёмка.

Урэшце ўсё скончылася літаральным цкаваннем арганізатараў збору подпісаў. Некалькіх чалавек прымусілі аператыўна сысці ў “акадэмічны адпачынак”, а адзін хлопец, Алег Малашчук, уцёк у войска. Пасля службы ён спрабаваў аднавіцца (на што меў усе падставы), але нічога не атрымалася. Рэктарат адмовіў. Тады Малашчук выкінуўся з акна галоўнага корпуса БДУ. Акурат на сённяшнюю плошчу Незалежнасці.

Следчыя пэўны час спрабавалі знайсці прычыны, потым усё было “спушчана на тармазах”. Гэта стала яшчэ адным штуршком да майго адыходу ад камуністычнай сістэмы.

Досвед вальнадумства

БДУ я закончыў у 1983 годзе і меўся адразу ісці ў аспірантуру. Аднак, паколькі лічыўся на добрым рахунку, застаўся працаваць на сваёй кафедры з умовай, што праз пэўны час працягну вучобу.

Так пачаўся, як потым высветлілася, самы нецікавы ды марудны перыяд майго жыцця.

Як выкладчыку-пачаткоўцу часоў застою мне “навесілі” столькі курсаў навучання, што можна было заблытацца ў назвах. Тым больш, многія з іх, на мой погляд, былі абсалютна нікому непатрэбнымі.

Акрамя гэтага, як бы па інерцыі праходзіла партыйнае жыццё. На партыйных сходах, дзе нехта чытаў кнігі і газеты, а нехта рашаў красворды, нас больш цікавілі асабістыя навіны, чым руціннае абмеркаванне ”маральнага аблічча” чарговага калегі, які страціў партбілет.

Вакол віравала перабудова. Выходзячы з працы на плошчу перад Домам урада, мы бачылі шматтысячныя мітынгі, але асабіста мяне іх палітычныя лозунгі не моцна цікавілі. У маёй свядомасці працягвалася іншая перабудова. Перабудова маральных арыенціраў. У дзяцінстве гэта былі кнігі і рок-н-рол, зараз вальнадумства атрымлівала новыя рысы.

Надышоў перыяд галоснасці, і ў людзей узнікла моцнае жаданне пра нешта разважаць, гаварыць. Галоснасць — гэта перш за ўсё рэвалюцыя слова і адчуванне таго, што за яго цябе не пасадзяць у турму і не пачнуць “прэсаваць”.

У жыццё важка прыходзіла раней недасягальнае іншаземнае кіно, лепшыя стужкі сусветнага кінематографа, якія мы не толькі глядзелі, але і разважалі над тым, што ўбачылі.

Пачалося ўсё з таго, што ў Палацы культуры прафсаюзаў светлай памяці Аляксандр Грыцанаў стварыў дыскусійны клуб. Там жа ўзнікла відэа-кафэ, дзе паказвалі фільмы з далейшым абмеркаваннем. На той час гэта – вельмі модна.

Абсалютна выпадкова далучыўся да працэсу і я. Прыйшоў на прагляд. І адразу, вядома ж, да дыскусіі, паколькі быў “бадлівым хлопцам”.

Арганізатары клуба Сяргей Фененка і Георгій Глік мяне заўважылі і прапанавалі з імі папрацаваць. Такім чынам, на пачатку дзевяностых я стаў займацца нефармальным культурным асветніцтвам.

Пры дапамозе замежных амбасадаў мы пачалі прывозіць у Мінск якаснае аўтарскае кіно. Паказвалі яго спачатку ў малой зале палаца, потым – у вялікай. У лепшыя часы прыходзілі да сямісот чалавек.

Аднойчы, падчас паказу чарговай брытанскай праграмы, публіка вынесла шкляныя дзверы Белсавпрафа. Сінхраніст-перакладчык глядзіць са сваёй кабінкі ўніз і з захапленнем кажа: “Крута, Макс! Гэта ж як на “Ролінг стоўнз”!” А я ў адказ: “Так, толькі яны могуць купіць новыя дзверы, а мы не…”

У той час мы былі даволі знакамітымі – нават пазнавалі ў метро. Потым я даведаўся, што праз нашы сеансы прайшло некалькі пакаленняў беларускіх інтэлектуалаў, а дзяўчаты з філфака, што месціўся непадалёку, прыводзілі на іх сваіх патэнцыйных кавалераў. Тэставаць на прасунутасць. Калі хлопец “у тэме”, то працяг стасункаў падаваўся магчымым.

Вясёлы тады быў час: галодны, безграшовы, але з вельмі моцнай энергетыкай. Той рок-н-рол, які мы слухалі на чужых касетах і не дайгралі ў школе, зноў выйшаў на сцэну. Толькі ў іншым фармаце — кінематаграфічным.

Так, у 1986 годзе я абараніў кандыдацкую дысертацыю з кучаравай тэмай “Мировозренческие основания стиля мышления нового времени”. Так, чытаў студэнтам нейкія лекцыі. Але гэта ўжо не было галоўным у жыцці. Значна больш цікавымі сталі несістэмныя справы, спантанны культурны рух.

Досвед сумленнасці

На родную кафедру я прыйшоў працаваць па запрашэнні яе кіраўніка Вячаслава Сямёнавіча Сцёпіна – харызматычнага мысляра, якога ў Беларусі банальна “з’елі”: не далі нармальна развівацца як навукоўцу і стаць акадэмікам, прымусілі з’ехаць у Маскву, дзе той потым быў рэктарам Інстытута філасофіі. Словам, хутка кіраўніцтва кафедры змянілася і вырашыла, што яму са мной “не по пути”…

Мяне акуратна пачалі выціскаць.

Шчыра кажучы, я не вельмі шкадаваў, бо ўжо меў добры досвед жыцця па-за рамкамі дзяржаўнай сістэмы. У Беларусі пачаў працаваць фонд Сораса, які абвясціў пра вакансію чарговага каардынатара. Падаўся на гэты конкурс і атрымаў новую працу.

Упершыню ў жыцці я ніякім чынам не быў звязаны з дзяржструктурамі. Гэта абсалютна новае адчуванне, незразумелае сярэднестатыстычнаму савецкаму чалавеку, які прызвычаіўся да пэўных дзяржаўных гарантый і жорсткай падначаленасці. А тут праца з подыхам незвычайнай свабоды.

У фондзе Сораса падабралася моцная каманда пад начальствам амерыканскага ірландца Пітэра Берна. Там таксама дзейнічалі нейкія бюракратычныя правілы, але гэта была не кандовая савецкая, а гнуткая амерыканская бюракратыя.

У той час усё здавалася магчымым, а тое, што адбывалася вакол, выглядала чымсьці другасным, абсалютна неістотным. Калі абвясцілі рэферэндум 1995 года, амаль ніхто сур’ёзна не задумваўся над тым, што ў будучым ён будзе вызначаць наша жыццё на дзесяцігоддзі. Здавалася, што гэта датычыцца толькі тых, хто знаходзіцца пры ўладзе, і мае выключна часовы статус.

На жаль, шмат хто тады банальна памыляўся.

Ужо праз два гады маёй работы ў фондзе Сораса на нас “наехалі”.

Так, для Беларусі звычайная справа. Але калі не датычыцца канкрэтна цябе. Для мяне гэта быў яшчэ адзін жыццёвы досвед і чарговы імпульс дыстанцыявацца ад афіцыйнай сістэмы. Напэўна, жыццё зрабіла ўсё, каб я стаўся несістэмным чалавекам. Не таму, што гэтага хацеў. Проста не мелася іншага выйсця.

Фонд Сораса з Беларусі прымусілі сысці. У верасні 1997 года было канчаткова абвешчана пра наша закрыццё. Я застаўся не толькі без працы, але і без магчымасці ўладкавацца ў дзяржсектары.

Супрацоўнікі БФС фактычна сталі персонамі нон-грата, трапілі пад негалосную забарону на прафесію. Дакладна як з “чорным спісам” музыкаў: ніхто яго не бачыў, але ўсе ведаюць, што ён ёсць…

Два гады я займаўся чым прыйдзецца. Спрабаваў пісаць для “Белорусской деловой газеты”. Пачаў нешта рабіць для “Радыё Свабода”. Пасля па прапанове нябожчыка Сашы Міхальчука зачапіўся за “Беларускую газэту”. Мо нехта памятае “Дыялогі пра кіно”, якія мы рабілі разам з мастаком Андрэем Фядорчанкам? Вельмі файныя былі артыкулы. Шыкоўны досвед працы “ў дуэце”. Потым Фядорчанка эміграваў у Швейцарыю, а я пайшоў загадчыкам аддзела культуры да майго лепшага рэдактара Пятра Марцава, у “Белорусскую деловую”.

Напрыканцы 1999 года добрая знаёмая па сумеснай працы ў БДУ Ядзвіга Яскевіч запрасіла выкладаць на кафедры філасофіі і культуралогіі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы. Я з радасцю пагадзіўся, аднак у выніку чарговых кадравых інтрыг зноў трапіў “на вылет”. Экс-міністр адукацыі з дыпломам фізіка Дзямчук вырашыў, што яго як кіраўніка вабіць менавіта наша кафедра і выціснуў адтуль усіх нелаяльных.

Як высветлілася, гэта была мая апошняя калабарацыя з дзяржаўнымі структурамі, бо з гэтага моманту я цалкам пераключыўся на нефармальныя праекты. Пераважна медыйныя, кіношныя і выкладчыцкія.

У 2007 годзе пачаўся “віленскі” перыяд.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт тады ўжо працаваў у Вільні. Па прапанове маіх колішніх студэнтаў з БДУ, я стаў там выкладаць і працаваў аж да 2014 года.

Спачатку ўсё нармальна. Трапіў у тое несістэмнае поле, да якога імкнуўся ўсё жыццё. Новая праца была звязаная з пастаяннымі камандзіроўкамі (амаль палову кожнага года праводзіў у Вільні) і стала яшчэ адным значным досведам.

Мабыць, для перыяду, калі ў Беларусі панавала палітычнае міжчассе, сацыяльная стагнацыя і адсутнасць рэальных жыццёвых перспектыў, гэта – выйсце. Аднак на восьмым годзе работы ў Вільні я нарваўся на канфлікт і там.

На жаль, нязменны кіраўнік ЕГУ акадэмік Міхайлаў вывез за мяжу Беларусі звычку цэнтралізаванага кіравання любымі працэсамі – жорсткага бюракратычнага адміністравання пры мінімальнай павазе да ўсяго, што завецца акадэмічнымі свабодамі. Такім чынам я ў чарговы раз трапіў на вайну.

Годам раней мяне абралі ў Сенат універсітэта. І новы склад Сената (мабыць, саманадзейна) вырашыў, што можа зрабіць жыццё лепшым і наладзіць яго адпаведна прынцыпам еўрапейскай вышэйшай адукацыі і павагі да базавых дэмакратычных каштоўнасцяў.

Аказалася, кіраўніцтва з намі не згодна.

Пачалося жорсткае супрацьстаянне з інфармацыйнай вайной, абвесткамі аб магчымым страйку выкладчыкаў, дыскусіямі і пікетамі, бюракратычнымі інтрыгамі і праверкамі на лаяльнасць адміністрацыі, адміністрацыйным ціскам на студэнтаў і выкладчыкаў.

Як і астатнія “бунтары” (тагачасны кіраўнік Сената Павел Церашковіч і большасць дэмакратычна абраных сенатараў), я вырашыў не здраджваць прынцыпам і кіравацца толькі сваім сумленнем. Як навучылі бацькі, якія заўсёды ставілі свае прынцыпы вышэй за кар’ерны рост.

Новы жыццёвы драйв, зноў нейкі рок-н-рол. У пэўным сэнсе гэта была наша Плошча: магчымасць дзейнічаць годна і потым ні аб чым не шкадаваць.

Сумна, але большасць “шараговых” калегаў (за чые інтарэсы мы і змагаліся) гэты рух не падтрымала. Яны нам дазволілі пайсці да канца і вылецець з сістэмы, а самі ціха пайшлі дамаўляцца з Міхайлавым. Напэўна, спрацаваў чыста савецкі інстынкт самазахавання. Цяпер, калі я сустракаю кагосьці з “ацалелых”, хочацца не зайздросціць, а пашкадаваць. Іх, слабых ды нягеглых.

Досвед беларускасці

З Алесем Анціпенкам мы пазнаёміліся ў 1996 годзе, калі я прыйшоў працаваць у фонд Сораса, і за два гады сумеснай работы сталі добрымі сябрамі-аднадумцамі. Ён ужо тады быў перакананым нацыяналістам і размаўляў толькі па-беларуску.

На жаль, так якасна і свабодна размаўляць на беларускай мове я не мог, бо меў толькі досвед савецкага школьнага курса мовы ды літаратуры, а гэтага, ясна, за мала. Але праз Анціпенку я пазнаёміўся з выдатнымі беларускамоўнымі людзьмі. Такімі, як Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Віктар Шалкевіч, Адам Глобус. У гэткім асяроддзі не захапіцца беларускасцю проста немагчыма.

Калі закрылі фонд Сораса, паўстала нефармальная адукацыйная ініцыятыва „Беларускі калегіюм”, куды прыйшлі працаваць беларускамоўныя інтэлектуалы з асяроддзя Анціпенкі.

Галоўнай ідэяй праекта (простай, але не відавочнай) было стварэнне адукацыі еўрапейскага ўзору, з арыентацыяй на нацыянальныя каштоўнасці – у тым выглядзе, форме, фармаце, што тады ў публічным полі краіны цалкам адсутнічалі.

Спачатку я проста трапіў у гэта кола, потым пачаў размаўляць на беларускай мове сам. Гэта не было ідэйнай праграмай, маральным выбарам ці нейкай звышмэтай. Адбылася натуральная эвалюцыя самасвядомасці. Анціпенка казаў так: “Жбанкоў – стыхійны беларус”.

Я сапраўды прыйшоў да беларушчыны не дзякуючы інтэлектуальным намаганням, не праз нейкую канцэптуальную работу. Праз чалавечыя стасункі, сімпатычнае і блізкае асяроддзе. Дзе хацелася быць сваім і дзякуючы якому на многія рэчы я пачаў глядзець па-іншаму.

На той час я меў дастатковы досвед журналісцкай працы і не надта цікавіўся традыцыйным філасофскім кірункам дзейнасці. Таму ў “Беларускім калегіюме” пачаў выкладаць тэорыю масавых камунікацый і тэорыю медыя.

Тут, дарэчы, спатрэбіўся і культурніцкі складнік маёй дзейнасці, бо мы выкладалі не проста тэорыю медыя, але і разбіралі змены культурніцкай сітуацыі ў сучасным беларускім кантэксце, аналізавалі магчымыя варыянты яе развіцця.

Разам з Алесем Анціпенкам распрацавалі навучальны курс “Медыі і камунікацыі”. Выдалі адпаведную кнігу – першую ў Беларусі спробу комплекснага аналізу сучаснай інфармацыйнай прасторы.

Недзе ў сярэдзіне “нулявых” я пачаў актыўна працаваць на аддзяленні журналістыкі “Беларускага калегіюма”, а з 2013 года да зыходу ў 2015 яго ўзначальваў.

Чаму сышоў? Першы кіраўнік праекта Алесь Анціпенка абраў заслужаны адпачынак і перадаў сваю пасаду паважанай доктарцы тэалогіі Ірыне Дубянецкай. Натуральна, з ёй прыйшла новая каманда, у тым ліку палітолаг Андрэй Казакевіч з “Палітычнай сферы”. Сёння ён моцна ўплывае на дзейнасць “Беларускага калегіюма”. Можна нават сказаць – цалкам яе вызначае.

Праект пад яго фактычным (у адміністрацыйным сэнсе) кіраўніцтвам моцна змяніўся. Я зразумеў, што „Беларускі калегіюм” – больш не наша сумесная справа, не супольны праект, які можна рабіць на роўных. І не захацеў больш у гэтым удзельнічаць.

Апошнім часам я займаюся пераважна сеткавай журналістыкай. Дакладней, аналітычнай публіцыстыкай. Пішу тэксты, якія шмат каму не падабаюцца. Цікавая беларуская звычка – любую крытыку ўспрымаць, так бы мовіць, “у штыкі”. Не спрачаюцца, а крыўдзяцца.

На мой погляд, крытыкаваць абсалютна нармальна. Павінны быць тыя, хто кажа нязручныя рэчы. Аргументавана, сістэмна і дакладна. Такога кшталту рэчы неабходныя. І неабходныя людзі, якія іх робяць.

Праблема ў тым, што ў нас іх вельмі мала. Як сказаў бы філосаф Уладзімір Мацкевіч, у беларускім грамадстве катастрафічна не стае крытычных інтэлектуалаў. Таму кожнае бескампраміснае, сур’ёзнае, энергетычна-шчырае выказванне ўспрымаецца як нейкі наезд. Людзі не разумеюць, што часам ёсць сэнс казаць нешта нязручнае. Ёсць сэнс рызыкаваць.

Як на мяне, пераважнай большасці сучасных беларускіх медыя жудасна не хапае менавіта рызыкі. Не фармальнай журналісцкай адпаведнасці фактам, а неардынарнасці мыслення, аўтарскай пазіцыі, унутранай энергетыкі. Таго рок-н-ролу, да якога мы калісьці цягнулі грувасткую “Камету” па праспекце імя правадыра.

На мой погляд, захаваць тую энергетыку – хаця б на ўзроўні маленькай асабістай вайны з неспрыяльнымі абставінамі – самае галоўнае і важнае, што можа адбыцца ў жыцці.

Мой шлях – гэта практыкаванні ў свабодзе. І хай кажуць што хочуць”.

08.09.2017

%d0%96%d0%91%d0%90%d0%9d%d0%9a%d0%9e%d0%8e-1 %d0%96%d0%91%d0%90%d0%9d%d0%9a%d0%9e%d0%8e-2 %d0%96%d0%91%d0%90%d0%9d%d0%9a%d0%9e%d0%8e-3 %d0%96%d0%91%d0%90%d0%9d%d0%9a%d0%9e%d0%8e-4 %d0%96%d0%91%d0%90%d0%9d%d0%9a%d0%9e%d0%8e-5 %d0%96%d0%91%d0%90%d0%9d%d0%9a%d0%9e%d0%8e-6 %d0%96%d0%91%d0%90%d0%9d%d0%9a%d0%9e%d0%8e-7 %d0%96%d0%91%d0%90%d0%9d%d0%9a%d0%9e%d0%8e-9 %d0%96%d0%91%d0%90%d0%9d%d0%9a%d0%9e%d0%8e-10 %d0%96%d0%91%d0%90%d0%9d%d0%9a%d0%9e%d0%8e-11 %d0%96%d0%91%d0%90%d0%9d%d0%9a%d0%9e%d0%8e-12 %d0%96%d0%91%d0%90%d0%9d%d0%9a%d0%9e%d0%8e-87