Звоскаў Барыс

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

 

  • З  кнігі “Арытмія,  альбо Код супраціву”

Пачатак гэтага артыкула нарадзіўся ў Праваабарончым цэнтры “Вясна”, калі я выпадкова пачуў, як жонка Барыса Ігаравіча Звозскава расказвала Таццяне Рэвяка, што апошнім у сваім жыцці ён чытаў ліст ад Алеся Бяляцкага. У той момант падумалася, што інакш і быць не магло.

 

Сонечны шлях

Па гараскопу Барыс Звозскаў – “Рыба”. Нарадзіўся ён 26 лютага 1949 года, але калі ўлічыць, што новыя задыякальныя знакі пачынаюцца 21-га кожнага месяца, то становіцца (з гэтага пункту гледжання) зразумелым, чаму “ранняя рыбка” цягнулася да другой стыхіі – СОНЦА.

Звычайна такіх людзей называюць “жаваранкамі”. Гутарка пра тых, хто пачынае працаваць амаль ці не з першымі праменямі сонца. Барыс Звозскаў быў з такіх. Некаторыя нават чулі, як ён скардзіўся на тое, што ў сутках толькі 24 гадзіны. Маўляў, для работы дадатковыя гадзіны дзве былі б вельмі карыснымі.

Але вернемся ў дзяцінства.

Пачалося яно ў расейскім Белагорску (Амурская вобласць), куды вайсковы лёс “закінуў” яго бацьку. Потым быў Мурманск. Значную частку свайго дзяцінства хлопчык па імені Бора правёў менавіта там. Шмат часу  прыйшлося і на Ленінград, які ў 1991 годзе вярнуў сваю гістарычную назву і зноў стаў Санкт-Пецярбургам. Там жыла бабуля будучага вядомага беларускага праваабаронцы.

Можа быць, гэтая абставіна і стала адной з прычын выбару места пасляшкольнага навучання — Ленінградскі электратэхнічны інстытут.

Да 1987 года Барыс Звозскаў працаваў інжынерам электроннай тэхнікі ў арганізацыі “Каскад” Міністэрства сярэдняга машынабудавання СССР, а потым акалічнасці лёсу прывялі яго ў Мінск, на працу ў канструктарскае бюро дакладнага электроннога машынабудавання (КБДЭМ) якое называюць “мазгамі НПА “Планар”. У аб’яднанне акрамя гэтага бюро ўваходзяць і іншыя структуры. Напрыклад, заводы ў Віцебску, Новалукомлі, Мінску.

Туды ж пасля заканчэння БДУ трапіў і Аляксандр Дабравольскі. Момант, на мой погляд, прынцыповы, бо з кантактаў паміж гэтымі людзьмі і пачаўся “палітычны” этап у жыцці Барыса Звозскава.

 

Палітычныя прамяні

Напрыканцы 1980-х гадоў мінулага стагоддзя паявілася надзея на пэўныя перамены ў грамадстве і многія ёй, літаральна, “захварэлі”. У тым ліку і Барыс Звозскаў.

У 1989 годзе працоўны калектыў вылучыў Аляксандра Дабравольскага кандыдатам у народныя дэпутаты СССР. Дабравольскі выйграў выбары, дзякуючы моцнай падтрымцы аднадумцаў і нягледзячы на супрацьдзеянне кампартыі. А ў наступным годзе ён разам з Барысам Ігаравічам (і іншымі) стаў адным з стваральнікаў Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі.

Цікава, што стваралася яна не так, як гэта бывае зараз, калі пэўная група людзей гуртуецца вакол канкрэтнага лідэра (бывае групы нават няма – заўвага аўтара), а па іншаму прынцыпу. Аднадумцы з розных рэгіёнаў Беларусі пачалі шукаць іншых аднадумцаў і ў рэшце рэшт аб’ядналіся ў канкрэтную структуру, бо добра разумелі, што ў савецкім грамадстве без шматпартыйнасці ніякія перамены немагчымы па вызначэнню.

Калі Аляксандра Дабравольскага абралі ў партыйны савет, то Барыс Звозскаў застаўся без нейкіх прэстыжных пасад. Яго ўвогуле заўсёды цікавіла праца, а не пасады. Праўда, трымацца “ў цені” атрымлівалася не ўвесь час…

Калектыў КБДЭМ абраў яго сваім прафсаюзным кіраўніком і не памыліўся. Прынцыповасць, непрымальнасць любога негатыва суседнічалі ў характары Барыса Звозскава з канструктыўнасцю, за што яго паважалі і калегі па рабоце, і кіраўніцтва прадпрыемства. Гэта быў той выпадак, калі супрацоўніцтва прафсаюзаў і адміністрацыі, грунтавалася не на кантролі, а на ўзаемнай павазе.

Нагадаю, што тыя падзеі адбываліся на самым фінішы існавання Савецкага Саюза. Вельмі хутка стала зразумела, што гэтая галіна можа жыць толькі ва ўмовах стабільнага і моцнага знешняга фінансавання. Пачаліся эканамічныя цяжкасці, а потым уласцівая для тых часоў “кадравая чахарда”. І галоўнае – відавочная, поўная залежнасць “Планара” ад бюракратычнай Масквы. Новае кіраўніцтва замест таго, каб “рухацца” самастойна, кожны раз чакала загадаў “зверху”.

Зразумела, што такое становішча не магло задаволіць ні самога Звозскава, ні тых, хто выбраў яго ў прафкам. Восенню 1992 года ён сышоў з гэтай пасады і стаў працаваць у выканаўчым камітэце новай дэмакратычнай партыі, дзе на той момант ужо кіраваў Аляксандр Дабравольскі.

Збіраючы “фактуру” для гэтага нарыса, я неаднойчы чуў пра незвычайнае пачуццё моманту Барыса Звозскава. Ён інтуітыўна адчуваў, што трэба рабіць для бліжэйшай будучыні. І абіраў самае галоўнае.

Напрыклад, каб разбурыць манаполію ў грамадстве адзінай камуністычнай партыі, прыняў актыўны ўдзел у стварэнні альтэрнатывы, партыі дэмакратычнага кшталту. Потым стаў адным з ініцыятараў беспрэцэдэнтнага для Беларусі аб’яднання з Грамадзянскай партыяй Васіля Шлындзікава, што было стартам існавання ліберальнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП).

У пачатку 1996 года з удзелам дэпутатаў беларускага парламента ад АГП быў створаны грамадскі Фонд заканадаўчых ініцыятываў, які павінен быў займацца дзейнасцю па распрацоўцы законаў. І Бырыс Звозскаў стаў яго асноўным арганізатарам. На жаль, пасля трагічнага для лёсу Беларусі лістападаўскага рэферэндуму была створана цалкам падкантрольная ўладзе Палата прадстаўнікоў і любыя заканадаўчыя ініцыятывы (калі яны не выходзяць з прэзідэнцкай адміністрацыі) сталі практычна непатрэбнымі.

Палітыку па сутнасці выпіхнулі на перыферыю грамадскага жыцця (асабліва апазіцыйную) і аказалася, што па-сапраўднаму абараняць інтарэсы простых людзей больш няма каму. Пасля таго, як гэта стала зразумела, прыхільнікі дэмакратыі вырашылі ператварыць ініцыятывы заканадаўчыя і ініцыятывы прававыя.

Так “Заканадаўчая ініцыятыва” стала добра вядомай “Прававой ініцыятывай”, асноўным “маторам” і шматгадовым кіраўніком якой і быў Барыс Звозскаў. З гэтага моманту ён цалкам сфакусіраваў сваю энергію на абароне правоў людзей.

 

Праваабарончы золак

Кніга вядомага польскага дысідэнта часоў “Салідарнасці” Чэслава Білецкага называецца “Малы канспіратар”. Яна распавядае пра тое, як не трапіць пад рэпрэсіі тым, хто змагаецца за перамены ў сваёй краіне. Пагадзіцеся, вельмі карысная для нашых умоваў рэч, і цалкам невыпадкова, што менавіта яна так уразіла Барыса Звозскава: той зрабіў усё магчымае (і немагчымае), каб выдаць яе на Беларусі. Некаторыя нават лічаць гэтую кнігу своеасаблівым каталізатарам праваабарончага выбару Звозскава.

І маюць на тое рацыю. Шмат гадоў таму мне пашанцавала пабываць на адным з семінараў, прысвечаных бяспечнай рабоце журналістаў у беларускіх абставінах. Сярод іншага былі там і практычныя заняткі, якія праводзілі Барыс Звозскаў і былы дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Аляксандр Спіглазаў.

Шчыра кажучы, за гады сваёй журналісцкай практыкі выпала пабываць на вельмі многіх падобных мерапрыемствах. На жаль, былі сярод іх і такія, дзе галоўным было дачакацца першай “кава-паўзы” і пры гэтым не заснуць.

Той семінар вызначаўся не толькі цікавай дынамікай, але і канкрэтнымі парадамі журналістам. Напрыклад, як патрэбна сябе весці на стаўшых рэальнасцю допытах? Так што я ўдзячны лёсу і за першы з пачатку асабістай хваробы замежны выезд, і за магчымасць пераканацца ў тым, што семінары бываюць вельмі карыснымі не толькі для маладых калег.

Як дакладна падмеціў паважаны мной прафесар Станіслаў Багданкевіч, ніхто не верыў, што ў Барыса Звозскава не было юрыдычнай адукацыі. І з ім цяжка не пагадзіцца. Асабліва, калі нагадаць першую гучную справу найноўшай гісторыі. Маецца на ўвазе судовы працэс над Паўлам Шараметам і Зміцерам Завадскім.

У той час у ахвяр “беларускай Феміды”, акрамя прафесійных адвакатаў, яшчэ былі (зараз такое забаронена) так званыя “грамадскія абаронцы”. У такой якасці ў судзе прымалі ўдзел экс-канстытуцыйны суддзя Міхаіл Пастухоў і экс-інжынер Барыс Звозскаў. І выканалі свае абавязкі так бліскуча, што афіцыйная версія тых падзей у многіх выклікае выключна саркастычную ўсмешку па наш дзень.

Пасля гэтага былі яшчэ “суды” над былым міністрам сельскай гаспадаркі Васілём Леонавым, вядомым праваабаронцам Валерыем Шчукіным, лідэрам сацыял-дэмакратаў Мікалаем Статкевічам, грамадскім актывістам з Астраўца Іванам Крукам і дзясяткамі іншых людзей, чые прозвішчы невядомыя шырокай грамадзе.

І ўвогуле. Барыс Звозскаў ніколі не падзяляў людзей на тых, каго варта абараняць, а каго не, і быў упэўнены, што права на абарону ў судзе мае нават дзеючы кіраўнік краіны…

А наконт адукацыі пэўныя рэчы неабходна ўдакладніць. Па магчымасці Барыс Звозскаў не толькі працягваў вучыцца сам, але і імкнуўся стварыць умовы для вучобы іншых. Яшчэ ў 1996 годзе на Вышэйшым міжнародным курсе па абароне правоў чалавека, які праходзіў у Варшаве (на базе Польскага Хельсінкскага фонду) у сваёй дыпломнай рабоце ён выказаў неабходнасць стварэння Дома правоў чалавека. І давёў справу да лагічнага канца (якасць даволі рэдкая ў наш час — заўвага аўтара). У студзені 2007 года ў Вільні такі Дом адкрылі.

Не раз прыходзілася чуць адносна беларускіх апазіцыянераў яхідную фразу – балбатаць, не мяшкі з пяском цягаць. У жыцці Барыса Ігаравіча было шмат эпізодаў, якія б маглі стаць контраргументам гэтаму ярлыку.

Адзін з іх звязаны менавіта з адкрыццём Беларускага Дома правоў чалавека ў Вільні. У літоўскай сталіцы тады ляжаў вельмі глыбокі снег. Каб госці маглі камфортна трапіць у будынак, Барыс Звозскаў і вядомы расійскі праваабаронца Валянцін Гефтэр лапатамі расчышчалі снег.

Асабліва ўражвае, калі ўлічыць той факт, што менавіта Барыс Ігаравіч стаў першым прэзідэнтам гэтага самага Дома… І ўспомніць, як некаторыя “працуюць” перад камерамі падчас так званых “суботнікаў”…

 

Жыццёвы захад

З дапамогай прафесійнага доктара Аляксандра Спіглазава я крыху разабраўся ў акалічнасцях змагання Барыса Звозскава з хваробай, якая прывяла да сумнай ночы 17 ліпеня 2012 года (Барыс Ігаравіч сышоў менавіта ў гэты час — заўвага аўтара), аднак вырашыў у нарысе пра трагічнае не пісаць увогуле, бо па жыцці Звозскаў быў аптымістам і больш змагаўся за іншых, чым за сябе самога.

Калі ў 2000 годзе частка VIPаў Беларускага Хельсінкскага камітэта дэманстратыўна “адкалолася”, Барыс Звозскаў быў сярод трыццаці трох заснавальнікаў новай структуры “Хельсінкі XXI”. Як і трэба было чакаць, беларускае Міністэрства юстыцыі адмовілася рэгістраваць арганізацыю, што мела намер абараняць права не толькі сваіх чальцоў.

Барыс Звозскаў дайшоў нават да Камітэта па правах чалавека ААН, які прыняў адпаведнае станоўчае рашэнне, але і гэта не прымусіла беларускія ўлады змяніць асабістую негатыўную пазіцыю.

І яшчэ адзін эпізод. На судзе над Алесем Бяляцкім беларускія ўлады не шкадавалі “белых нітак”. Адной стала тое, што з польскага рахунку Звозскава быццам бы былі пералічаны грошы на рахунак Бяляцкага. Не засмуціла нават тое, што да паслуг польскага банка Звозскаў звярнуўся з самай сумнай нагоды – хваробы. У сярэдзіне першай дэкады новага стагоддзя ўзнікла неабходнасць тэрмінова рабіць аперацыю па каранарнаму шунціраванню.

У чарговы раз праігнараваўшы ўсе нормы маралі і этыкі, уладныя юрысты праігнаравалі і дакладнасць – памыліліся ў лічбах. Гэта і выкарыстаў Барыс Звозскаў, які не толькі прынёс у суд адпаведную даведку, але і папрасіў далучыць яе да матэрыялаў “справы”. Што і было зроблена.

У нармальнай юрыдычнай сітуацыі такі “пракол” мог бы абысціся яго стваральнікам вельмі дорага. У нашых умовах яго амаль “не заўважылі”. Аднак гутарка зусім не пра гэта, а пра тое, што паспяхова змагацца можна ў тым ліку і выкарыстоўваючы памылкі візаві. Асабліва, калі той не прывык да сумленайнай барацьбы.

Як справядліва падмецілі на адным праваабарончым сайце, па апісанню жыцця Барыса Ігаравіча можна вывучаць гісторыю ўсяго праваабарончага руху Беларусі. І не толькі таму, што ў 2008 годзе Звозскава назвалі лепшым праваабаронцам. Проста з 63 год свайго жыцця ёй аддаў гэтаму накірунку амаль траціну.

І таму зусім невыпадкова, што з турмы Алесь Бяляцкі прапанаваў зрабіць для чарговай кнігі вялікі артыкул пра Барыса Звозскава. Менавіта пра яго я і чуў у Праваабарончым цэнтры “Вясна”.

Не паспелі…

 

Замест пасляслоўя

Як і ў папярэднім нарысе, яно будзе складацца з двух частак.

Апошні год свайго жыцця Барыс Звозскаў вельмі шмат займаўся тэмай аднаўлення скасаванай у 2007 годзе пасады спецыяльнага дакладчыка па Беларусі. 5 ліпеня, ужо пасля смерці Барыса Ігаравіча, Рада па правах чалавека ААН увяла гэты мандат.

У дзень пахавання Барыса Звозскава праваабаронца Таццяна Рэвяка абвесціла, што Рада вырашыла Дому правоў чалавека прысвоіць імя Барыса Ігаравіча. Шчыра рады цалкам абгрунтаванаму рашэнню, бо Звозскаў гэтага сапраўды заслугоўвае!

 

08.06.12